Мікіта Ільінчык (першы злева), фінал 31-га Нацыянальнага конкурсу экспазіцыі сучаснага польскага мастацтва. Фота: Maciej Czerski.
Беларускі і польскі аўтары Мікіта Ільінчык і Анджэй Блажэвіч былі адзначаны на Нацыянальным конкурсе экспазіцыі сучаснага польскага мастацтва (Ogólnopolskiego Konkursu na Wystawienie Polskiej Sztuki Współczesnej) за іх тэкст «Пігмаліён», прысвечаны пытанням ідэнтычнасці і будучыні. Узнагароджанне лаўрэатаў падзеі адбылося ўчора, 30 чэрвеня, у Тэатральным інстытуце імя Збігнева Рашэўскага.
Журы вылучала п’есу драматургаў спецыяльнай адзнакай з фармулёўкай «найбольш цікавыя тэксты, якія задаюць пытанні будучыні». Таксама ў гэтай катэгорыі быў уганараваны і Пётр Фроня за тэкст «Ono-1».
Нагадаем, «Пігмаліён» (Pigmalion) створаны паводле матываў аднайменнай п’есы Джорджа Бернарда Шоу. Аднак дзеянне ў творы Мікіты Ільінчыка і Анджэя Блажэвіча адбываецца ў антыўтапічнай будучыні.
Еўразвяз вырашыў дэпартаваць усіх мігрантаў з тэрыторыі аб’яднанай Еўропы. Але адной з мігрантак удалося схавацца ў сутарэннях дома, дзе жыве ліберальная сям’я. Яе чальцы вырашаюць дапамагчы Лізавеце, але дзеля гэта ім трэба пераўтварыць дзяўчыну ў «сапраўдную еўрапейку». Якой мусіць паўстаць «ідэальная» полька? П’еса задае пытанне пра ідэнтычнасць і ўяўленні Польшчы саму пра сябе.
«Пігмаліён» ужо займеў свае сцэнічнае ўвасабленне — у сакавіку Мікіта Ільінчык паставіў п’есу на сцэне Teatr Polski w Poznaniu. Спектакль застаўся ў рэпертуары Тэатра — яго можна будзе пабачыць у кастрычніку.
Гран-пры Нацыянальнага конкурсу экспазіцыі польскага сучаснага мастацтва атрымалі аўтары і артысты спектакля «Арфей» -— рэжысёрка Ганна Смоляр паставіла яго ў TR Warszawa.
Мікіта Ільінчык — беларускі драматург, рэжысёр, аўтар пастановак «Казіны востраў» у Бруселі, «М» па паэзіі Вальжыны Морт у мінскім цэнтры ОК16, нашумелых «F***ing in Brussels» у Teatr Polski Bydgoszcz, «Emma» ў варшаўскім Teatr Komuna, «Сардэчна вітаем, Абдо!». Жыве і працуе ў Польшчы.
Нацыянальны конкурс экспазіцыі польскага сучаснага мастацтва скіраваны на заахвочванне найбольш цікавых рэпертуарных даследаванняў у польскім тэатры, падтрымку польскай драматургіі ў яе сцэнічных рэалізацыях, папулярызацыю сучаснай драмы.
Арганізатарамі конкурсу з’яўляюцца Міністэрства культуры і нацыянальнай спадчыны і Тэатральны інстытут імя Збігнева Рашэўскага ў Варшаве. Сёння падзея ладзілася ў 31-шы раз.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram