Беларуска-шведскі праект Culture Makes падсумаваў сваю дзейнасць кнігай «правіл жыцця» ад культурных менеджараў

Беларуска-шведская ініцыятыва, прысвечаная адукацыі, супрацоўніцтву і ўмацаванню супольнасці беларускіх арт-менеджараў Culture Makes  вырашыла падсумаваць сваю дзейнасць адмысловым зборнікам. «Натхняльнік» — такую назву мае друкаванае выданне, у якім сабраныя думкі і разважанні беларускіх і замежных экспертаў пра сучасны стан культуры.

Culture Makes стартавала ў траўні 2023 года з шырокага даследавання патрэбаў і выклікаў культурніцкіх менеджараў у Беларусі і дыяспары. А далей працягнуўся адукацыйнай праграмай з лекцыямі і семінарамі пра сучасныя трэнды, арт-рынак, культурніцкую спадчыну і новыя бізнес-мадэлі.

Да ўдзелу былі запрошаныя эксперты з Беларусі, Швецыі, Польшчы і ЗША, і кожны з іх прыўнёс у праект свой унікальны досвед. У выніку супрацы і паўстаў «Натхняльнік» — гібрыд сшытка і зборніка, у якім спалучаюцца «правілы жыцця» спікераў, цытаты з адкрытых лекцый, тры інтэрв’ю і вольная прастора для разважанняў і асабістых нататак чытача.

У выданні можна знайсці развагі і меркаванні: Сцяпана Захаркевіча, Міхаліны Саблік, Вольгі Мжэльскай, Ігара Сукманава, Ціхана Чарнякевіча, Аляксандры Шыманьскай, Джэфры Тэйлара, ды іншых культурніцкіх і медыя дзеячаў і дзеячак.

Сімвалам праекта стаў вокладкавы ўзор з міксам трамвайных сетак Мінска і Гётэборга — своеасаблівае скрыжаванне культурніцкіх маршрутаў.

Каманда Culture Makes вырашыла прадставіць вольны доступ да выдання. Трэба толькі запоўніць адмысловую форму.

Таксама ў даробку праекта Culture Makes — 10 запісаў лекцый на YouTube на розныя тэмы: ад штучнага інтэлекту і арт-рынку да фатаграфіі, тэатра, спадчыны і сучаснай літаратуры.

Падрабязней пра праект тут.

Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram

🔥 Поддержите Reform.news донатом!