Навіна аб тым, у якім стане знаходзіцца дом сям’і Уладзіміра Караткевіча ў Рагачове, выклікала рэзананс сярод беларусаў. Відэаролік, які апублікавала блогерка Юлія ў Instagram, абурыў карыстальнікаў сацыяльных сетак: будынак, у якім класік літаратуры напісаў свае галоўныя творы, стаіць закінуты і паступова разбураецца.
Аўтарка допісу не змагла стрымаць эмацыйная рэакцыі, праходзячы міма гістарычнага будынка:
«Ну як так?! Мы павінны захоўваць такія далікатныя нітачкі, а на справе дом, у якім жыў і тварыў пісьменнік, апынуўся ў такім запусценні! <…> Сёння, гледзячы на гэты дом, які паступова разбураецца, цяжка паверыць, што ён быў цэнтрам творчага сусвету вялікага беларускага пісьменніка», — піша карыстальніца.
Дом у Рагачове — унікальнае месца для беларускай культуры. Яго яшчэ ў 1914 годзе пабудаваў дзед пісьменніка, Васіль Грынкевіч. Менавіта сюды Уладзімір Караткевіч прыязджаў у набытую сям’ёй прастору, дзе меў асобны пакой для працы. Сам творца прызнаваўся, што нідзе яму не пісалася так лёгка і плённа, як у Рагачове за «двума знакамітымі вокнамі ў сад». Менавіта тут ствараліся альбо задумваліся яго ключавыя рэчы, у тым ліку культавы раман «Каласы пад сярпом тваім».
Карыстальніца адзначае, што ў інтэр’еры дома доўгі час захоўваліся аўтэнтычныя шпалеры тых часоў і нават любімая кушэтка Караткевіча. Яна піша, што мясцовыя жыхары ўжо шмат гадоў спрабуюць уратаваць будынак і мараць адкрыць там паўнавартасны дом-музей класіка, аднак рэальных крокаў ад чыноўнікаў няма — «нічога не адбываецца».
Публікацыя выклікала хвалю абурэння ў каментарах пад відэа. Карыстальнікі з горыччу параўноўваюць прыярытэты дзяржавы ў захаванні гісторыі, падкрэсліваючы, што савецкія помнікі і «дасягненні» ўшаноўваюцца куды больш актыўна, чым памяць пра людзей, якія стварылі код сучаснай беларускай нацыі.
Але асобныя карыстальнікі адзначылі, што дом можа быць прыватнай уласнасцю, і тады пытанні да дзяржавы ў дадзеным выпадку не зусім па адрасе.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram
