Ноч музеяў у замках Беларусі: куды з’ездзіць?

Главное
Фота: Вячаслаў Самойлаў.

У Беларусі набліжаецца Ноч музеяў — традыцыйная міжнародная акцыя, у час якой музеі адкрываюць свае дзверы ў пазаўрочны час і прапануюць наведвальнікам самыя розныя праграмы. У сёлетняй падборцы Reform.by вырашыў выйсці за межы сталіцы і паглядзець на тыя цікавосткі, якія падрыхтавалі беларусам музеі ў замкавых і палацавых комплексах. Як кажуць культурныя заўсёднікі, вось дзе сапраўды можна казаць пра адметную атмасферу. Нагадаем, што сёлета Ноч музеяў ладзіцца пераважна з 20 на 21 траўня.

Музей-заказнік «Нясвіж»

Ноч музеяў у замках Беларусі: куды з'ездзіць?
Фота: фейсбук установы.

Так, вядомы Нацыянальны гісторыка-культурны музей-заказнік у Нясвіжы запрашае гасцей на таямнічае пагружэнне ў «Містэрыю Нясвіжскага палаца».

У праграме «начнога» мерапрыемства — эксклюзіўная містычная экскурсія з нечаканым з’яўленнем гістарычных персанажаў і музычная частка.

«На сваім шляху вы сустрэнеце цікавых асоб, сярод якіх і гаспадары палаца. Будзьце гатовыя да таго, што ім спатрэбіцца ваша дапамога…», — інтрыгуюць будучых наведвальнікаў дзеі арганізатары.

Акрамя экскурсіі, абяцаецца таксама і канцэрт творчых калектываў з жывым выкананнем музычных твораў. Так, музей анансуе выступленні ансамбля «Харошкі» і фартэпіяннага трыа «ТрыаТайм».

Праграма распачнецца 20 траўня а 19.00. Кошт квіткоў — 24 рублі (дарослы).

Гродзенскі гісторыка-археалагічны музей

Ноч музеяў у замках Беларусі: куды з'ездзіць?
Фота: Антон Астаповіч.

Гродзенскі гісторыка-археалагічны музей назваў сваю імпрэзу «Ноч у музеі. Меламанія».

У Старым замку пачынаючы з 21.00 у адным з самых знаных помнікаў культуры і архітэктуры будзе ладзіцца квэст па экспазіцыі — “Таямніцы Старога замка”. А «пару» квэсту складзе квіз-гульня з цікавай назвай “Пачынаем з антычнасці, а далей – як пойдзе…”.

Што да Новага замку, які, нагадаем, знаходзіцца насупраць Старога, то тут стаўку зрабілі не толькі на квэст па экспазіцыі, але і на майстар-класы. Яны будуць даволі разнастайнымі: па вырабе ўпрыгажэнняў з бісеру, скуры, лялек ручной работы, кіраванні лялькамі; анансуюцца таксама настольныя гульні, а таксама канцэрты. У прыватнасці, а 23.00 у Новым замку чакаецца выступ кавер-бэнда «Hit Hunter».

Увесь час праграмы будзе працаваць выстава «Гродна тэатральны».

Экспазіцыі Новага і Старога замкаў у час правядзення мерапрыемства будуць адчынены для наведвання, нагадвае каманда музея.

Пачатак «Ночы музеяў» у Гродзенскім гісторыка-археалагічным музеі: 20 траўня, 20.00. Кошт квітка — 15 рублёў (дарослы).

Гальшанскі замак

Ноч музеяў у замках Беларусі: куды з'ездзіць?
Фота: facebook.com/egor.babiy.

Гальшанскі замак заўжды славіўся крэатыўным падыходам да стварэння культурных імпрэзаў. І  гэтым разам каманда філіяла Ашмянскага краязнаўчага музея імя Ф. Багушэвіча, што называецца, «не падвяла» — «На тэрыторыі прывідаў» — так назвала яна «начны» музейны праект.

Гасцей замка ўвечары 20 траўня чакае канцэрт класічнай музыкі ў выкананні выкладчыкаў Ашмянскай дзіцячай школы мастацтваў.

Ці з’яўляецца сёння ў мурах Гальшанаў Белая Панна, супрацоўнікі музея распавядуць ужо падчас інтэрактыўнай экскурсіі «з элементамі містыкі» «Тэрыторыя прывідаў».

А завяршыць атмасферны вечар прапануецца кінапраглядам «Чорнага замка Гальшанскага» — слыннай карціны Міхаіла Пташука па рамане Уладзіміра Караткевіча.

Праграма зроблена проста, але з густам.

Пачатак дзеі, нагадаем, 20 траўня, 19.00. Кошт квіткоў — усяго 6 рублёў (дарослы).

Крэўскі замак

Ноч музеяў у замках Беларусі: куды з'ездзіць?
Фота: facebook.com/muzejum.kreuski.

Сектар гісторыі Крэўскага замка УК «Смаргонскі гісторыка-краязнаўчы музей» выбудаваў праграму акцыі на тэрыторыі Крэўскага замка, што называецца, на трох кітах: экскурсія, квэст-гульня, фотазона. «Паравозікам» да гэтых актыўнасцей далучаецца яшчэ выстава. На жаль, арганізатары аказаліся зусім сквапнымі на дадатковую інфармацыю.

Пры гэтым з’ездзіць у Крэва, на нашу думку, усё ж варта. Акурат цяпер замак знаходзіцца ў працэсе аднаўлення, і можна на ўласныя вочы пабачыць апошнія працы па яго рэстаўрацыі.

Дадамо яшчэ тое, што на пачатку траўня ва ўстанове культуры «Смаргонскі гісторыка-краязнаўчы музей» адкрылася выстава «Крэўскія артэфакты», на якой дэманструюцца ўнікальныя знаходкі, выяўленыя падчас археалагічных даследаванняў старажытнага Крэва. Калі падсумаваць гэтыя дзве актыўнасці, то падарожжа дакладна не варта спісваць з рахунку.

Урэшце, інтэрактыўная праграма «Вялікае Княства Крэўскае» распачнецца 20 траўня а 17 гадзіне. Уваход на падзею — вольны.

Лідскі замак

Ноч музеяў у замках Беларусі: куды з'ездзіць?
Фота: Аляксей Ластоўскі.

І, бадай, адну з самых відовішчных праграм, нават шоу, падрыхтаваў на Ноч музеяў Лідскі гісторыка-мастацкі музей.

Падзея «Магія агню і святла» адбудзецца не 20 траўня, як большасць культурніцкіх мерапрыемстваў у Беларусі, а 27 траўня.

Гасцям Лідскага замка анансуюць наступныя цікавосткі:

  • Па-першае, выставу-ралі экзатычных і рэдкіх аўтамабіляў «Экзоцік «Нясвіж-Ліда».
  • Па-другое, выступленні тэатраў агню. «Разнастайны агністы рэквізіт — агністыя шары, тычкі, вяроўкі, вееры і мноства самых неймаверных сродкаў утаймавання агню — будуць задзейнічаны ў агністых пастаноўках і неверагодных перформансах», — апісваюць будучае прадстаўленне арганізатары.

У фаершчыкаў, што прыедуць на шоу, можна будзе ўзяць майстар-клас.

«Гарачае і відовішчнае шоу, напоўненае святлом, мільёнамі іскраў і апантанай энергіяй!» — Лідскі замак у сваёй «начы» зрабіў стаўку на агонь.

«На працягу вечара будуць працаваць інтэрактыўныя пляцоўкі ў вежах Лідскага замка, якія дапамогуць акунуцца ў атмасферу сярэднявечча», — дадаецца інфармацыя і пра дадатковыя актыўнасці ў час мерапрыемства.

Музейны трыпціх «Магія агню і святла» адбудзецца ў трох лакацыях: 26 траўня — у Лідскім музеі, 27 траўня — у Лідскім замку і 20 траўня — у Доме Валянціна Таўлая.

Час дзеі ў Лідскім замку: 27 траўня.

Кошт квіткоў — 20 рублёў (дарослы).

Падабраць праграму па сваіх цікаўнасцях на Ноч музея ў Беларусі можна тут.

Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.by у Telegram

Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.

Последние новости


REFORM.news (ранее REFORM.by)


Сообщить об опечатке

Текст, который будет отправлен нашим редакторам: