Ноч музеяў-2025: куды ехаць, што глядзець?

Главное

18 траўня штогод ва ўсім свеце адзначаюць Ноч музеяў, падчас якой установы культуры працуюць да позняга вечара або нават у начныя гадзіны, каб прапанаваць наведвальнікам адмысловыя праграмы.

У Беларусі Ноч музеяў запланаваная на 17 траўня.

Выбралі самыя цікавыя мерапрыемствы як у Беларусі, так і за яе межамі, якія пройдуць у гэты дзень.

Падзеі Ночы музеяў у Беларусі можна пашукаць тут.

Ноч музеяў-2025: куды ехаць, што глядзець?

Мінск і вобласць

Нацыянальны цэнтр сучасных мастацтваў

Ноч пачнецца ў Цэнтры з куратарскай экскурсіі па выставе «Парушаючы цішыню». Працягнецца перформансам аб пачуццях, пра якія рэдка кажуць услых: адзінота і ізаляцыя. Пасля адбудуцца майстар-класы па экамастацтве ад Iriskin (па запісу), лекцыя пра фатографа Надара. А напрыканцы — электронны сэт ад піцерскага праекта Dita Redrum.

Уся праграма тут.

«Арт-Фабрыка»

У Ноч музеяў на Арт-фабрыцы абяцаюць адкрыццё выставы жывапісу Рамана Коршунава, прэзентацыяю фотапраекта Аляксандра Бублікава, сустрэчы з мастакамі і вялікую колькасць крэатыўных майстар-класаў.

Уся праграма тут.

Нацыянальны мастацкі музей

Галоўны музей краіны выбраў нечаканую тэму — «Жураўлі над Беларуссю». Тлумачаць гэта тым, што птушка прыгожая, да таго ж сімвал «усеагульнага шчасця і радасці, дабрабыту і росквіту», а таксама, што вобраз лунаючых у блакітнай высі жураўлёў на Беларуссю быў шматкроць апеты ў літаратурных творах і выяўленчым мастацтве.

У праграме — новыя экспазіцыі, тэатральныя замалёўкі, харэаграфічныя пастаноўкі, светлавыя і мультымедыйныя інсталяцыі, інтэрактыўныя лакацыі, канцэрт хору Polifonica і квэсты з падарункамі.

У рамках ночы прэзентуюць трэцюю сумесную калекцыю музея і Mark Formelle, у брэнда будзе свая інтэрактыўная лакацыя, дзе ўсе жадаючыя змогуць паўдзельнічаць у стварэнні карціны.

Праграма тут.

Літаратурны музей Максіма Багдановіча

У цэнтры вечаровай імпрэзы — паэт, яго свет і міфы. Спачатку пройдзе дзіцячая праграма з тэатралізаваным чытаннем, майстар-класамі і прагулкай па «зачараваным царстве» беларускай міфалогіі. А ўвечары — паэзія і песні ад Алеся Камоцкага і Mary Helios, літаратурны квіз, варажбы і візуальныя містыфікацыі, створаныя ШІ, квэст па ваколіцах музея, арт-інсталяцыі, майстар-класы, выстава аднаго экспаната «слуцкі пояс» і славесныя настолкі.

Уся праграма тут.

Музей гісторыі беларускай літаратуры

«Ноч у святле бурачковым» будзе прысвечана 185-годдзю з дня нараджэння класіка нацыянальнай літаратуры Францішка Багушэвіча. Арганізатары абяцаюць праграму, прасякнутую святлом яго творчасці і запаветаў.

Дарэчы, усе, хто набудзе квіткі анлайн па 16 мая ўключна, а таксама першыя 50 наведвальнікаў, якія набудуць квіткі праз касу, атрымаюць стылёвыя падарункі з выявай Мацея Бурачка.

Уся праграма тут.

Дзяржаўны літаратурна-мемарыяльны музей Якуба Коласа

Мерапрыемствы ў музеі будуць ісці на працягу цэлага дня. Сярод самых яркіх — квэст «У грыбы з дзядзькам Якубам», інтэрактыўная праграма «Назад у Сярэднявечча» і спектакль «Поўны наперад!», майстар-класы па стварэнні значкоў з самазацвярдзельнай гліны і цукерак па матывах «Новай зямлі», размова-знаёмства з унукам Якуба Коласа Андрэем Міцкевічам, розныя лекцыі, канцэрты і пляцоўкі.

У 20:00 распачнецца вялікі канцэрт Ільі Шынкарэнкі.

Уся праграма тут.

Музей народнай архітэктуры і побыту

Пад вечаровым і зорным небам чакаюцца — сярэднявечныя бойкі на мячах, гульнявыя лакацыі, лекцыя па народных музычных інструментах ад Уладзіміра Бярберава, музычная праграма ад гурта «KAS», а таксама фотазона, тэатралізаваная сцэнка з жыцця сярэднявечных рыцараў, сярэднявечная магія і медыцына, а напрыканцы – вогнішча.

Уся праграма тут.

Нясвіжскі палац

Нясвіжскі палац у рамках Ночы музеяў 17 мая арганізуе ўнікальную тэатралізаваную экскурсію-анімацыю «трафейны век», якая перанясе вас у захапляльны свет княскіх паляўнічых традыцый.

У залах палаца можна будзе сустрэцца з гістарычнымі персанажамі, спусціцца ў таямнічае падзямелле, пабываць на замкавых бастыёнах, даведацца цікавыя факты аб паляўнічых традыцыях, пагрузіцца ў старадаўнюю атмасферу і адкрыць для сябе мноства гісторый пра жыццё і звычаі княжацкай сям’і. Экскурсія будзе насычана тэатралізаванымі элементамі. Акрамя таго, у цэнтральным двары замка выступіць харэаграфічны ансамбль «Харошкі», будзе працаваць інтэрактыўная рыцарская пляцоўка і прадавацца вырабы беларускіх рамеснікаў.

Уся праграма тут.

Ноч музеяў-2025: куды ехаць, што глядзець?

Гродна і вобласць

Новы і Стары замкі

У Новым замку імпрэза атрымала назву «Музей. Ноч. Каханне». Абяцаюць спектакль, майстар-клас па стварэнні радавога герба, касцюміраваная экскурсія «Гісторыя кахання Аўгуста ІІІ і Марыі Юзэфы» і іншыя актыўнасці.

У старым замку рыхтуюць касцюміраваную экскурсію «Гісторыя жыцця Стэфана Баторыя і Ганны Ягелонкі». Гульні і майстар-класы – па папярэднім запісы.

Уся праграма тут.

Дом-музей Адама Міцкевіча

Музей Міцкевіча прапануе вечарыну па матывах паэмы «Пан Тадэвуш» пад назвай «Кулінарныя радкі: ад рэцэптаў да вершаў» — экскурсію з элементам тэатралізацыі, майстар-клас па прыгатаванні беларускіх традыцыйных напояў, дэгустацыю страў з паэмы «Пан Тадэвуш».

Уся праграма тут.

Ноч музеяў-2025: куды ехаць, што глядзець?

Віцебск

Арт-прастора «Талстога, 7»

У суботу, 17 траўня, запрашаюць на прагляд фільма пра аднаго з самых знакамітых і запатрабаваных мастакоў нашага часу Ансэльма Кіфера «Ансельм: шум часу», пасля адбудзецца «Вечер поэзии Серебряного века» кніжнага клуба «Даже», пройдзе майстар-клас па роспісе масак з пап’е-машэ ад мастачкі, дызайнеркі Веранікі Куляшковай, а ноччу ў дворыку арт-прасторы, на будынку музея можна будзе паглядзець 3D абстрактную анімацыю.

Уся праграма тут.

Ноч музеяў-2025: куды ехаць, што глядзець?

Гомель

Філіял Веткаўскага музея стараабрадніцтва і беларускіх традыцый у Гомелі

На «Ноч музеяў» музей прэзентуе новы выставачны праект «Паўліны, кажаш?» і запрашаюць на імпрэзу «Гуляла пава».

Паву, паўліна нашы продкі называлі райскай птушкай. Яе вышывалі на ручніках, пра яе спявалі ў песнях, а ў Неглюбцы на дзяўчыну, апранутую ў строй, казалі: ідзе як пава.

Падчас імпрэзы пакажуць рэканструкцыю архаічнага абраду «Гуканне вясны», зладзяць «птушыныя» майстар-класы: можна будзе сплесці саламяную птушку-абярэг, зрабіць ляльку-мотанку «Птушка-радасць», птушку-выцінанку. Пакажуць, як неглюбчанкі завязвалі хустку, каб у выніку атрымалася птушка — з дзюбкай, крыльцамі і хвосцікам. Правядуць спеўныя майстар-класы. Пасля 20-й гадзіны будуць традыцыйныя танцы пад гармонік, а яшчэ пазней выступіць фальклорны ансамбль «Збіцень».

Уся праграма тут.

Ноч музеяў-2025: куды ехаць, што глядзець?

Варшава

Музей Вольнай Беларусі

Цэнтральнай падзеяй імпрэзы стане выстава «Пяць артэфактаў – і толькі адна ноч», якая будзе праходзіць з 12.00 да 00.00.

Пяць беларускіх гісторыка-культурных артэфактаў, набытых рознымі ініцыятывамі ў эміграцыі, упершыню будуць аб’яднаныя ў агульны выставачны праект і прадстаўлены толькі адзін раз і толькі на адзін дзень – на гэтай выставе.

Ініцыятыва MALDZIS, Клуб беларускіх мецэнатаў пры Беларускай Радзе культуры і Музей Вольнай Беларусі прэзентуюць свае апошнія здабыткі: статут ВКЛ, выдадзены ў 1693 годзе; кнігу «Пэрэгрынацыя» Мікалая Крыштафа Радзівіла, надрукаваную ў 1614 годзе; дзве Радзівілаўскія мапы ВКЛ XVII стагоддзя; сакрэтны ліст берасцейскага ваяводы Яна Антонія Гараіна, напісаны ў часы першага падзелу Рэчы Паспалітай і набыты Музеем Вольнай Беларусі.

Акрамя выставы будзе працаваць дзіцячая пляцоўка «Кабінет картографа».

У 21.00 абяцаюць канцэрт CHORNABROVA і Lera Dele (Koob Dele).

Уся праграма тут.

Беласток

Ноч музеяў у Беластоку абяцае быць мабільнай і мультыінстытуцыянальнай, у планах – пікнік на даху Оперы, візіт у філармонію, наведванне некалькіх музеяў і мастацкай галерэі, а напрыканцы – канцэрт Кацярыны Ваданосавай.

Імпрэзу ладзіць ініцыятыва «Актыўнымі Быць Файна».

Пачынаецца яна ў 15 гадзін з Пікніка на даху Оперы (збор — перад галоўным уваходам у Оперу, ul. Odeska 1), у 17 чакаецца візіт у Оперу і Філармонію Падляскую. Завершыце вечар у мастацкай атмасферы з выставай «Zwierzyniec w sztuce» і канцэртам Кацярыны Вадонасавай (у 23.00).

Удзел вольны, але патрэбна рэгістрацыя.

Ноч музеяў-2025: куды ехаць, што глядзець?

Вільня

Віленскі беларускі музей імя Івана Луцкевіча

Сёлетняя тэма імпрэзы – «Беларускі маляваны вырай». Праграма мерапрыемстваў пачнецца ў сярэдзіне дня кірмашом майстроў. Пасля абяцаюць гутарку з рэжысёрам спекталя «Мальовані слова / Маляваныя словы» і паказ фільма з унікальнымі кадрамі з экспедыцыі, якая даследавала жыццё і лёс Алены Кіш і Марыі Прымачэнка. Далей у планах – выстава, майстар-класы, канцэрт і танцы пад жывую музыку.

Уся праграма тут.

🔥 Поддержите Reform.news донатом!
REFORM.news (ранее REFORM.by)
Добавить комментарий

Внимание, премодерация. Если вы в Беларуси, не оставляйте комментарий без включенного VPN.

Последние новости