Не менш за 127 дзеячаў культуры ў няволі — Беларускі ПЭН

Культура
Экспанаты выставы Магдалены Абакановіч. Фота: Reform.by.

Беларускі ПЭН апублікаваў чарговую хроніку парушэнняў правоў чалавека ў сферы культуры, гэтым разам за перыяд 15–31 жніўня 2023 года.

На 31 жніўня 2023 года: людзей слова ў няволі – не менш за 32, дзеячаў культуры ў няволі – не менш за 127.

I. Крымінальныя палітычна матываваныя справы ў дачыненні да дзеячаў культуры, аўтараў і выканаўцаў

1. 18 жніўня КДБ дадаў даследчыц Валерыю Касцюгову і Таццяну Кузіну ў спіс «асоб, якія маюць дачыненне да тэрарыстычнай дзейнасці». Зняволеным, якіх уключылі ў так званы спіс тэрарыстаў, забараняюць атрымліваць грашовыя пераводы ў следчым ізалятары і калоніі. Валерыя Касцюгова – заснавальніца і рэдактарка сайта экспертнай супольнасці «Наше мнение», рэдактарка і аўтарка зборніка аналітычных аглядаў пра развіццё сітуацыі ў Беларусі за год «Белорусский ежегодник», кіраўніца маніторынгавай групы экспертаў «Беларусь у фокусе».

Прысуд Валерыі Касцюговай і Таццяне Кузінай быў вынесены 17 сакавіка 2023 года: кожную з экспертак асудзілі на 10 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму.

2. Магілёўскі абласны суд у закрытым рэжыме вынес рашэнне ў крымінальнай справе кандыдаткі геаграфічных навук, урбаністкі Ганны Скрыган: 2 гады калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму. Ганна Скрыган – кіраўніца Магілёўскага аддзялення міжнароднага аб’яднання «Экапраект», удзельніца грамадскіх акцый і навуковых даследаванняў, звязаных з экалогіяй і ўрбаністыкай.

3. Магілёўскі абласны суд не задаволіў апеляцыйную скаргу прафесара, доктара сацыялагічных навук, былога загадчыка кафедры гуманітарных дысцыплін Беларускага ўніверсітэта харчовых і хімічных тэхналогій Юрыя Бубнова. 26 траўня 2023 года суд Кастрычніцкага раёна Магілёва прысудзіў яму 2 гады пазбаўлення волі. Юрыя Бубнова затрымалі 12 студзеня 2023 года на працоўным месцы, 21 студзеня выставілі абвінавачанне паводле арт. 367 Крымінальнага кодэкса (паклёп у дачыненні да прэзідэнта).

Падставай для крымінальнай справы стала навуковая публікацыя пра пратэсты 2020 года ў Беларусі – артыкул «Предпосылки беларусского протеста в 2020 году» ў навуковым альманаху «Молодежная галактика». У артыкуле Юрый Бубноў напісаў, што беларусаў, якія пратэставалі ў 2020 годзе, аб’яднаў не «нейкі лялькавод ці рэвалюцыянер-харызматык, а Аляксандр Лукашэнка». «Я выконваў прафесійны абавязак сацыёлага. Сацыялогію часта асацыююць з люстэркам. А люстэрка мусіць адлюстроўваць аб’ектыўную рэальнасць, а не скажаць яе», – сказаў Юрый Бубноў на судзе ў апошнім слове.

4. У Гомельскім абласным судзе ў закрытым рэжыме пачаўся разгляд крымінальнай справы прадпрымальніцы і танцоркі Вікторыі Гаўрылінай. Яе абвінавачваюць у фінансаванні экстрэмісцкай дзейнасці за ахвяраванні паводле арт. 361.2 Крымінальнага кодэкса, а таксама за незаконны збор і распаўсюд інфармацыі аб прыватным жыцці паводле ч. 1 арт. 179 Крымінальнага кодэкса і ў незаконных дзеяннях у дачыненні да персанальных звестак паводле арт. 203.1 Крымінальнага кодэкса.

5. Вярхоўны суд пакінуў без змен прысуд журналісту, гісторыку, папулярызатару беларускай культуры Яўгену Меркісу. 30 траўня Гомельскі абласны суд у закрытым рэжыме прызнаў яго вінаватым паводле ч. 3 арт. 361.1 Крымінальнага кодэкса (стварэнне экстрэмісцкага фарміравання або ўдзел у ім), а таксама паводле чч. 1, 2 арт. 361.4 Крымінальнага кодэкса (садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці) і асудзіў на 4 гады пазбаўлення волі ў калоніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму. Яўген Меркіс быў затрыманы ў Гомелі 13 верасня 2022 года, дома ў яго і ягонага бацькі адбыліся ператрусы з выманнем тэхнікі.

6. 31 жніўня ў Гомельскім абласным судзе вынесены прысуд Ларысе Шчыраковай – 3,5 года калоніі і штраф 3500 рублёў (1386 долараў). Ларыса Шчыракова – журналістка, краязнаўца, рэжысёрка-дакументалістка, папулярызатарка гісторыі і культуры, выканаўца народных песень, рэканструктарка народных абрадаў, каардынатарка праекта ўшанавання памяці рэпрэсаваных «Забітыя і забытыя». Выканаўца ролі рэпрэсаванай і расстралянай беларускай палітычнай дзяячкі Палуты Бадуновай у фільме «Палута Бадунова: успомніць і не забыць», знятага рэжысёрам Валерам Мазынскім. 27 ліпеня ў Гомельскім абласным судзе ў закрытым рэжыме над Ларысай Шчыраковай пачаўся суд паводле арт. 369.1 Крымінальнага кодэкса (дыскрэдытацыя Рэспублікі Беларусь) і арт. 361.4 Крымінальнага кодэкса (садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці). Паводле версіі следства, Ларыса Шчыракова, «выкарыстоўваючы напружаную грамадскую сітуацыю і імкнучыся дэстабілізаваць абстаноўку ў краіне, прадставіла для размяшчэння і размясціла ў сетцы Інтэрнэт, у тым ліку на дэструктыўных рэсурсах, інфармацыйныя матэрыялы з загадзя ілжывымі звесткамі, якія дыскрэдытавалі Рэспубліку Беларусь», «ажыццяўляла збор, стварэнне, апрацоўку, захоўванне і перадачу інфармацыі для “Вясны” і “Белсата”».

II. Палітычна матываваныя адміністрацыйныя затрыманні і арышты дзеячаў культуры, аўтараў і выканаўцаў

1. 16 жніўня ў Нацыянальным гістарычным архіве Беларусі ў Мінску супрацоўнікі КДБ затрымалі не меней за 7 чалавек, сярод якіх былі намеснік дырэктара па навуцы і загадчыкі аддзелаў.

2. 24 жніўня ў вёсцы Бяздзедавічы ў Полацкім раёне затрыманы папулярызатары беларускай культуры Алег Рудакоў і яго жонка Вольга Рудакова (Галанава). Алег і Вольга Рудаковы арыштаваны на 30 сутак, рашэнне вынес суд Полацкага раёна і Полацка паводле арт. 19.11 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях (распаўсюджанне экстрэмісцкіх матэрыялаў). Алег Рудакоў больш за 30 гадоў пражыў у Расіі, стварыў і на працягу 17 гадоў узначальваў у Іркуцку Таварыства беларускай культуры імя Яна Чэрскага. У 2020 годзе яны з жонкай вярнуліся ў Іркуцка ў Беларусь, дзе далучыліся да культурніцкай дзейнасці: удзельнічалі ў фэстах, займаліся захаваннем і адраджэннем традыцыйных беларускіх рамёстваў. Вольга Рудакова вяла майстар-класы ў полацкім Музеі традыцыйнага ручнога ткацтва Паазер’я.

III. Суды і арышты за беларускую і ўкраінскую нацыянальную сімволіку

1. 16 жніўня суд Полацкага раёна і Полацка арыштаваў на 25 сутак жыхара аграгарадка Гараны Вадзіма Берднікава за тату з гербам «Пагоня».

2. 17–18 жніўня ў Наваполацку стаматолаг Аляксандр Грудніцкі арыштаваны на 30 сутак за актыўнасць у сацыяльных сетках. 17 жніўня яго асудзілі на 15 сутак паводле арт. 24.23 Кодэкса аб адміністрацыйных парушэннях (несанкцыянаванае пікетаванне) за фотаздымак у Instagram, зроблены 8 жніўня 2021 года падчас адпачынку ў Грузіі на фоне гор і сцягоў Грузіі і Украіны. 18 жніўня яго асудзілі яшчэ на 15 сутак арышту за лайкі допісаў суполкі «Хартыя-97» у «Аднакласніках» паводле ч. 2 арт. 19.11 Кодэкса аб адміністрацыйных парушэннях (распаўсюджанне экстрэмісцкай інфармацыйнай прадукцыі).

IV. Умовы ў месцах пазбаўлення волі, катаванні зняволеных

У ПК № 1 у Наваполацку Андрэй (Анджэй) Пачобут змешчаны ў памяшканне камернага тыпу, ён не атрымлівае лекаў для сэрца і нармалізацыі артэрыяльнага ціску, не мае магчымасці тэлефанаваць дадому.

V. Рэпрэсіі ў кніжнай сферы

1. 17 жніўня паводле заявы пракуратуры горада Мінска «інфармацыйная прадукцыя ў выглядзе прадмовы Язэпа Янушкевіча да кнігі, а таксама тэксты твораў “Плывуць вятры”, “Гутарка старога дзеда”, якія прыпісваюцца В. Дуніну-Марцінкевічу і ўключаны ў заключную частку пад назвай “DUBIA”, кнігі з серыі “Беларускі кнігазбор” Выбраныя творы / Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч прызнана «экстрэмісцкімі матэрыяламі». Тэксты былі напісаныя ў XIX стагоддзі падчас антырасійскага паўстання пад кіраўніцтвам Кастуся Каліноўскага. Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч (1808–1884) – класік беларускай літаратуры.

2. 17 жніўня Міністэрства інфармацыі дадало ў так званы Рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў 4 кнігі, выдадзеныя ў серыі «Беларускі кнігазбор».

Акрамя прадмовы да кнігі Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча і двух яго вершаў у спіс, паводле рашэння суда Цэнтральнага раёна, трапілі наступныя выданні:

  • Выбраныя творы / Лідзія Арабей; прадм. Л. Савік. – Мінск: Кнігазбор, 2013.
  • Геніюш Ларыса. Выбраныя творы / Уклад., прадм. i камент. М. Скоблы – Мн.: «Беларускі кнігазбор», 2000.
  • Арсеннева Наталля. Выбраныя творы / Уклад., камент. Л. Cавік; Прадм. А. Сямёнавай. – Мн.: «Беларускі кнігазбор», 2002.
  • Някляеў Уладзімір. Выбраныя творы / Уладзімір Някляеў; уклад., камент. В. Болдыравай; прадм. Р. Барадуліна – Мінск: Кнігазбор, 2009.

VI. Звальненні з устаноў культуры і навукі

1. У Нацыянальным гістарычным архіве Беларусі ў Мінску звольнілі 8 чалавек.

2. Аніматар і тэлевядоўца Міхаіл Тумеля звольнены з Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў.

Цалкам Хроніку парушэнняў правоў можна пачытаць тут.

Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.by у Telegram

Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.

🔥 Поддержите Reform.news донатом!
REFORM.news (ранее REFORM.by)

Последние новости




Сообщить об опечатке

Текст, который будет отправлен нашим редакторам: