«Нашымі электроннымі кнігамі можна карыстацца бясплатна»: Яраслаў Іванюк — пра блакіроўку інтэрнэт-бібліятэкі Kamunikat.оrg

Главное

Сёння, 24 ліпеня, Міністэрства інфармацыі заблакавала найбуйнейшую беларускую інтэрнэт-блібліятэку Kamunikat.оrg.

Kamunikat.org мае ў сваіх архівах больш за 50 тысяч беларускіх кніг, аўдыякніг і перыёдыкі рознага часу, у тым ліку дакамп’ютарныя выданні, якія супрацоўнікі фонду Kamunikat.оrg перавялі ў электронны фармат.

Электронная бібліятэка ўзнікла ў 2000 годзе, спачатку як праект Беларускага гістарычнага таварыства ў Беластоку, а з 2018 года — як частка аднайменнага фонду. З 2022 году фонд пачаў выпускаць і папяровыя кнігі, якіх выйшла каля двух дзясяткаў.

Reform.by звязаўся з заснавальнікам праекта, вядомым журналістам з Падляшша Яраславам Іванюком, каб даведацца, наколькі папулярная сёння электронная бібліятэка Kamunikat.оrg і якія засталіся шляхі, каб слухаць ці чытаць беларускія кнігі ў Беларусі.

— Спадар Яраслаў, ці задаволены вы сённяшняй рэкламай інтэрнет-бібліятэкі Kamunikat.оrg, бо пра блакіроўку напісалі, здаецца, усе незалежныя медыі?

— Шмат сарказму ў вашым пытанні, я б хацеў, каб зусім па-іншаму рэкламавалі маю бібліятэку.

Але працягваючы ваш саркастычны тон, можна сказаць, што рэжым, блакуючы нас, ацаніў працу нашага калектыву, працу інтэрнэт-бібліятэкі Kamunikat.оrg.

Яны, відаць, зразумелі, што нашая праца прыносіць плён для развіцця беларускасці, для папулярызацыі беларускай літаратуры і ў Беларусі, і за яе межамі, і таму нас заблакавалі.

— Вы маеце нейкую інфармацыю, за што канкрэтна вас заблакавалі? Як вы даведаліся пра блакіроўку?

— Я ведаў пра блакіроўку пару дзён таму, бо людзі, якія актыўна карыстаюцца рэсурсамі Kamunikat.оrg, напісалі, што сайт, відаць, заблакаваны. Паколькі на сайце праводзяцца тэхнічныя працы, я звязваў праблемы доступу менавіта з гэтым. Але ўчора стала зразумела, што гэта блакіроўка.

Міністэрства інфармацыі нас не папярэджвала. Але ж мы знаходзімся па-за межамі Беларусі, мы для іх не партнёр, як і яны для нас. Мы не будзем звяртацца ў Міністэрства дэзінфармацыі і прапаганды Рэспублікі Беларусь, каб нам патлумачылі прычыны, бо такім запытам пацвердзім легітымнасць гэтай рэжымнай установы.

— Якімі самымі простымі спосабамі можна дайсці да вашых кніг у Беларусі?

— На дадзены момант праз vpn, праз сэрверы проксі Kamunikat.оrg адкрываецца. Сайт адкрываецца пад даменам Kamunikat.net, Kamunikat.eu, Kamunikat.com, Kamunikat.info. Таму я заахвочваю карыстацца гэтымі люстэркамі, якія ў Беларусі пакуль даступныя, а пазней — vpn.

Сайт пакуль не прызнаны экстрэмісцкім, так што рабіць гэта бяспечна.

Хоць гэта абсурд, што ў наш час сайт, гістарычныя і нават дзіцячыя кнігі могуць быць прызнаны «экстрэмісцкімі».

— У вас і ёсць Ютуб-канал...

— Так, мы публікуем там беларускія аўдыякнігі, таксама яны ж публікуюцца і на сайце. Даступна больш за 20 кніг, у тым ліку першая аўдыякніга Святланы Алексіевіч на беларускай мове «У вайны не жаночы твар». Плануем выкладаць чарговыя кнігі з гэтай серыі, за якую Алексіевіч атрымала Нобелеўскую прэмію.

І я мяркую, што гэта адна з прычынаў блакіроўкі нашага сайта, іншая прычына — наш раздзел навінаў «Што новага», дзе мы пасля смерці Алеся Пушкіна рабілі шмат рэпостаў.

А магчыма, прычына блакіроўкі — нашая выдавецкая дзейнасць, якую з 2022 года мы праводзілі па-за межамі Беларусі, і ў 2023 годзе плануем працягваць і выдаваць папяровыя кнігі. А можа, проста нейкі рэжымны прапагандыст патрапіў на наш сайт.

— Пасля 2020 года вы зафіксавалі нейкія змены ў наведвальнасці інтэрнэт-бібліятэкі?

— У 2020 годзе крышку ўпала наведвальнасць, аднак хутка аднавілася. З пачаткам поўнамаштабнай вайны людзям зноў стала не да кніг, як і ў 2014-м. Але наведвальнасць зноў аднавілася, і цяпер я магу сказаць, што сёлета за 7 месяцаў з нашага сайту было загружана больш за 150 тысяч рознага тыпу файлаў. А наведвальнасць у параўнанні з 2022 годам узрасла на 50 працэнтаў.

— Большасць кніг можна скачаць бясплатна?

— Усё, што можна скачаць, бясплатнае. Першы прынцып дзейнасці нашай бібліятэкі ў тым, каб сабраць у адным месцы як мага болей матэрыялаў на беларускай мове, альбо пра Беларусь на іншых мовах, а другі прынцып — не браць аплаты за карыстанне.
У нас ёсць і папяровы кнігазбор — гэта архівы Беларускага гістарычнага таварыства Цэнтру і Музея беларускай культуры ў Гайнаўцы і Усходнееўрапейскага дэмакратычнага цэнтра. Аднак усё астатняе — больш за 50 тысяч публікацый — можна скачаць бясплатна.

Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.by у Telegram

Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.

Последние новости


REFORM.news


Сообщить об опечатке

Текст, который будет отправлен нашим редакторам: