Выстава «Момант укаранення» трох беларускіх аўтарак напачатку ліпеня адкрылася ў Амстэрдаме ў Arti et Amicitiae Club.
У рамках выставы плануецца серыя дыскусій на тэму страты і захавання беларускай ідэнтычнасці. Гэта і ёсць галоўная тэма, вакол якой выбудавалася экспазіцыя.
«Беларускую культуру называлі падобнай да рускай і лічылі правінцыйнай і другараднай. Для многіх беларусаў паступовая страта культуры і самабытнасці заставалася незаўважанай на працягу многіх гадоў», — паведамляецца ў прэс-рэлізе.
Якім чынам гэты стан рэчаў мастачкі сталі пераглядаць па-за межамі Беларусі? Паўплываў на гэта гарачы жнівень 2020-га ці пераацэнка падставовых асноваў уласнай творчасці? Рэпрэсіі супраць людзей і культуры ўнутры краіны ці вайна ў суседняй Украіне?
Кожная з трох беларускіх аўтарак, якія жывуць па-за межамі Беларусі, Лена Давідовіч, Юлія Мекес і Таша Арлова, распрацоўваюць уласную стратэгію захавання ідэнтычнасці ўдалечыні ад дома з дапамогай сучаснай візуальнай мовы.
Юлія Мекес наўпрост звяртаецца да глыбокага сімвалічнага пласта культуры. Праз тысячагадовыя сімвалы, што існуюць дагэтуль у традыцыі беларускай вышыўкі, Юлія заклікае адшукаць наш агульны падмурак, таму што «мы ўсе створаныя з зорнага пылу».
Яе праект складаецца з пяці частак: арт-кнігі, дзе аўтарка распрацавала новыя сэнсы старажытных геаметрычных сімвалаў і распавяла сваю тэрапеўтычную гісторыю, друкаванага выдання, відэаматэрыялаў, графічных работ і майстар-класа.
Назва праекта Лены Давідовіч «Устань, мая кахана!» узятая з «Песні Песняў» Саламона. Лена разглядае крызіс як шанц на перамены, на адкрыццё новых магчымасцяў для пераасэнсавання культурных стэрэатыпаў і сістэмы каштоўнасцяў.
Таша Арлова выбірае паэзію і візуальнае эсэ, увасобленае праз відэа, каб перадаць пачуццё прыналежнасці. Яна выкарыстоўвае вобразы цёмнай вады і прыроды як метафары бяспечнага прытулку, месца для зімовай спячкі і ацалення. У часы крызісу мы сыходзім глыбока ўнутр, пад ваду, каб здабыць пачуццё бяспекі.
Паразмаўлялі з мастачкай Ленай Давідовіч пра выставу, ідэнтычнасць і спробы яе ўвасобіць сучаснай мовай візуальных вобразаў і музыкі.
— Як тры такія розныя мастачкі сабраліся разам і задумалі выставу пра ідэнтычнасць? Ці можна ўзнавіць гэтую гісторыю?
— Мы ўсе беларускі, да нас таксама далучылася актрыса Галя Мігуцкая, таксама беларуска, але яна дзесяць гадоў жыла ў Адэсе. Яна правядзе воркшоп, дзе ўдзельнікі паспрабуюць раскрыць сваю цялесную памяць.
Першы імпульс аб’яднацца быў эмацыйны: мы ўсе не разумелі, як жыць далей і якім чынам рэагаваць на навіны. І мы знайшлі кропку судакранання, тое агульнае, што цяпер з’яўляецца для нас найбольш важным: гэта жаданне, каб Беларусь жыла, развівалася і была вольнай.
Кожны з нас на гэтыя жыццёвыя выклікі зрэагаваў сваім мастацтвам па-свойму. Азіраючыся назад, мы знаходзім нейкія рэчы, якія ў нашай культуры нас натхняюць і даюць сілу жыць далей.
Маладая мастачка Таша Арлова нядаўна закончыла Gerrit Rietveld Academie, у якой я таксама вучылася. У 2020 годзе мы з ёй разам арганізоўвалі выставы, прысвечаныя творчай сіле супраціву.
Яна паказвае відэа, якое называецца «Пазаві мяне дамоў». Свае пачуцці яна ператварае ў вобразы прыроды і глыбокай вады.
Юлія Мекес у сваім праекце «VyŽyvanka.The Ritual Towel» даследуе сімвалічную мову, якая выкарыстоўваецца ў вышыўцы і арнаментах.
Мая работа называецца «Устань, мая кахана», на выставе прадстаўлены манітор з відэа і малюнкі, якія ўтрымліваюць тэкст.
Я працую над гэтым праектам ужо некалькі гадоў, і ён усё яшчэ застаецца для мяне актуальным.
Работа заснавана на біблейскай «Песні Песняў», я выкарыстала беларускі пераклад гэтага тэксту.
— Як гэты старажытны тэкст стаў актуальным для сённяшняй беларускай сітуацыі?
— Ён заўсёды актуальны… «Устань, мая каханая, цудоўная, выходзь, я прыйшоў прыцягнуць цябе да сэрца і вывесці з цемры, няволя бясплоднай зімы скончылася, кветкі пачынаюць цвісці».
Праз гэты тэкст адкрываецца шмат сэнсаў, і я працягваю раскрываць яго значэнне…
— Чаму першы варыянт быў на арабскай мове?
— Я і тады хацела рабіць на беларускай мове, але якраз ішла вайна ў Сірыі, я стала камунікаваць з уцекачамі, і неяк усё склалася такім чынам. Бо мой праект насамрэч пра тое, як перажываць крызіс, асабісты і агульны, як знайсці выйсце з сітуацыі і адшукаць новыя магчымасці.
— Цяпер кропка крызісу змясцілася?
— Так, кропка крызісу змясцілася, аднак прадчуванні вайны ў мяне былі яшчэ раней. І хоць я напалову ўкраінка, але тэкст я зрабіла на беларускай мове, бо вырасла ў Беларусі…
— У мастацтве ты размаўляеш касмапалітычнай мовай. Што такое быць беларускім мастаком у полі сучаснага мастацтва?
— Таму я і выбрала Біблію для свайго праекта, што яе тэкст даступны для многіх моў і культур. З іншага боку, для мяне гэта важна было, каб гэтыя словы прагучалі па-беларуску.
У беларускай Акадэміі я атрымала класічную адукацыю, мяне спрабавалі трымаць у акадэмічных рамках. Пасля вучобы ў амстэрдамскай Акадэміі, натуральна, мая візуальная мова пашырылася.
Таму, калі я раблю інсталяцыю з малюнкаў, то я больш думаю пра рытм і напружанне, пра моц уздзеяння, а не пра тое, каб твор выглядаў прыгожа. Пры гэтым я магу выкарыстоўваць любыя сродкі, любыя матэрыялы, лёгка змешваць іх, каб стварыць патрэбную атмасферу.
Важна не баяцца рабіць памылкі. Таму што перфекцыяналізм нас часта спыняе. Нават калі ў цябе не атрымаецца, ты прынамсі паспрабаваў. Ты паспееш больш зрабіць, калі ты не будзеш баяцца, а таму не будзеш спыняцца.
У беларускай Акадэміі культывуецца гэты перфекцыяналізм, гэта перакананне, што праца павіцца быць закончана. Такія штампы перашкаджаюць творчасці. У памылках часам бывае больш сэнсу, чым у шмат разоў прагавораных рэчах.
— Што тэма пошуку ўласнай ідэнтычнасці дае мастакам, якія нават не жывуць у Беларусі, — грунт, тэмы, натхненне, крыніцу вобразаў? Чаму гэта тэма кранула вас менавіта цяпер?
— Яна важная для разумення сябе. Калі казаць пра мяне, то калі я толькі прыехала ў Нідэрланды, адносіны да свету ў мяне былі касмапалітычныя. Я паспрабавала ўліцца ў новае асяроддзе.
Аднак пры гэтым я тады ўсім даказвала, што я беларуска, бо мяне пастаянна спрабавалі некуды далучыць, ці то да спадчыны СССР, ці то да рускай культуры.
А цяпер наша культурнае самавызначэнне стала асабліва актуальным, бо Беларусь становіцца важным фактарам для Еўропы.
Еўрапейская культура збяднее, калі мы знікнем, сыдзем у небыццё і растворымся ў рускім свеце.
Падчас пратэстаў 2020-га беларускай тэме надзялялася вельмі шмат увагі, мы арганізоўвалі выставы, давалі інтэрв’ю буйным выданням. З пачаткам вайны стаўленне да беларусаў стала іншым. Уся ўвага СМІ накіравана на тэму Украіны (і гэта зразумела).
Аднак мы не змяніліся, мы засталіся ранейшымі.
І цяпер вельмі важна разабрацца ў саміх сябе, каб меркаванне іншых людзей не змяняла нашае да сябе стаўленне.
Мы працягваем падтрымліваць Украіну і ўсімі сіламі стараемся дапамагчы. Але тут ёсць і іншы бок: учора нас шакавала смерць Алеся Пушкіна. Таму нам трэба думаць пра сваіх людзей, якія сядзяць у турмах і пакутуюць. І пра сваю культуру.
Я хачу тут падзяліцца меркаваннем маіх суаўтарак, якія яны выказалі на тэму ідэнтычнасці, што распрацоўваюць у сваіх творах.
Галіна Мігуцкая лічыць, што «ў часы глабалізацыі і міграцыі, мы, не паспеўшы зняць адну сацыяльную маску, апранаем на сябе іншую. У галовах гучаць галасы на трох і больш мовах. І таму цяпер так важна паспрабаваць раскапаць у сабе свае карані, скінуць гэтыя маскі і знайсці ў сабе праз цялеснасць, пачуццёвасць, творчасць, праз сімвалы і песні сваю ідэнтычнасць… Без каранёў чалавеку няма адкуль наталіцца сілай і энергіяй. Ён будзе як перакаці-поле: усюды і нідзе…»
А Таша Арлова згадала, што на адкрыцці мы атрымалі добры фідбэк ад аўдыторыі, бо тэма ўкаранення і прыналежнасці важная ў такім касмапалітычным горадзе, як Амстэрдам: «У імклівым рытме горада ўзрастае патрэба ў сувязі з прыродай, цікавасць да захавання культуры і самабытнасці. Мы як мастачкі ўбіраем у сябе навакольны свет, пры гэтым пытанне захавання сваіх каранёў становіцца яшчэ больш актуальным. Мне здаецца, праект Юлі як раз пра сувязь з больш старажытнымі сімваламі, у майстар-класе Галіны — фокус на цялеснасць, на адчуванне зазямлення, у маім праекце ёсць сімвал крызісу і ўлоння, пагружэння ў сябе.
Я думаю, што за апошнія гады многія з беларусаў за мяжой прайшлі складаны шлях, з іншага боку, мы далучыліся да гістарычных працэсаў, міграцыі, у нас з’явілася значна больш шырокае разуменне іншых культур, сусветнай гісторыі. У маім праекце музыку для вершаў напісала Можан Алае, кампазітарка з Ірана, і мы выдатна адна адну зразумелі, нашы культуры і гісторыя ў чымсьці падобныя, хоць і абсалютна адрозніваюцца. Можна сказаць, што мы праходзім момант крызісу, але таксама і трансфармацыі, як і ўся беларуская культура, што прывядзе да значных змен і лепшага разумення сябе».
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.by у Telegram
Сообщить об опечатке
Текст, который будет отправлен нашим редакторам: