«Народная воля» апублікавала фота дэмантажу помніка Ларысе Геніюш на падворку праваслаўнай царквы ў Зэльве.
«На здымку, які трапіў у распараджэнне “Народнай Волі”, бачна, што бюст з пастамента здымаюць людзі ў камунгасаўскай уніформе. А камунальная гаспадарка ў Зэльве (як і паўсюль) падпарадкоўваецца выканкаму. Значыць, мясцовая выканаўчая ўлада ўсё ж мела дачыненне да ганебнай акцыі», — паведамляе выданне.
«На тое, што пад камунгасаўцаў не адзеліся якія-небудзь вандалы-залётнікі, паказвае і спакойная дасведчанасць Галіны Раманчук пра месцазнаходжанне прапажы: “Помнік знаходзіцца ва ўласніка, відаць, ён яму патрэбны. А ўласнік дакладна не мы”.
Дык а хто ж той засакрэчаны ўласнік? З падпісанага старшынёй Зэльвенскага райвыканкама Дзянісам Альшэўскім афіцыйнага адказу ўстурбаванай грамадзянцы Бондаравай вынікае, што ўласнік – царква», — робіць выснову выданне.
Нагадаем, што помнік Ларысе Геніюш знік напрыканцы сакавіка, нягледзячы на тое, што мясцовыя ўлады адмовілі патрабаванням прарасійскай актывісткі Вольгі Бондаравай знесці помнік, усталяваны пры зэльвенскай царкве з блаславення мітрапаліта Філарэта ў 2003 годзе.