У жніўні варшаўскі «Дом творцаў» паведаміў у сацсетках пра арганізацыю рэзідэнцыі для гурта Irdorath – дзеля ўзнаўлення іх псіхалагічных і музычных сіл пасля выхаду з калоніі.
Музыкі тады расказалі, што рыхтуюць новую песню: «Мы яе вынеслі з турмы і хочам выпусціць у свет. Калі думка стане рэальнасцю, мы зможам выдыхнуць з палёгкай. Плануецца і аранжыроўка з аркестрам, і непасрэдны запіс, і здымкі відэа, і жывое выкананне. Калі мы гэта зробім, то мы будзем шчаслівыя, будзем ведаць, што мы здольныя штосьці працягваць рабіць. Яшчэ адна мэта – гэта зноў адчуць сувязь у творчасці з іншымі музыкамі, творчымі людзьмі, узгадаць, як гэта было, зразумець, як будзе, узгадаць, хто мы ёсць».
Цяпер песня «Зорамі» была прэзентавана на YouTube.
У анатацыі Надзея Калач паведамляе, што песню «Зорамі» яна напісала ў калоніі: «Такія людзі, як мы, спявалі яе шмат разоў, ціха і таемна, са слязьмі на вачах».
«Песня ўсяляла надзею і веру ў сябе ў гэтым халодным акіяне несправядлівасці. Так, мы выбраліся адтуль, але многія ўсё яшчэ там, і мы ўсе не павінны забываць пра гэта, — пішуць музыкі. — Пасля нашага вызвалення з турмы мы адчулі, што простымі словамі немагчыма выказаць тое, што мы хацелі сказаць. Такім чынам, мы выбралі мастацтва як найбольш усеабдымную форму самавыяўлення».
Музычная кампазіцыя сталася ўвасабленнем рэальнага шляху і духоўнага пераўтварэння, якія прайшлі музыкі падчас зняволення і вызвалення. У ёй ёсць і тое, што важна прагаварыць, каб зняць адчуванне «халоднага акіяну несправядлівасці», і вера ў падзенне ідалаў, і галоўнае — творчая праграма, сцісла пададзеная праз метафарычны вобраз.
«Гэта наша першая творчая работа пасля турэмнага зняволення, і яе рэалізацыя стала магчымай дзякуючы велізарнай колькасці творчых людзей, якія сабраліся разам, каб дапамагчы нам вярнуцца да мастацтва», — падсумоўваюць музыкі.
21 красавіка 2023 года музыкі гурта «Irdorath» – муж і жонка Уладзімір і Надзея Калачы выйшлі з калоніяў, цалкам адбыўшы тэрмін. Яны правялі за кратамі 1 год, 8 месяцаў і 19 дзён. Пазней яны выехалі з Беларусі.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.by у Telegram
Сообщить об опечатке
Текст, который будет отправлен нашим редакторам: