2025-ы пройдзе без Венецыянскай біенале, але з мноствам іншых вялікіх фестываляў і выстаў, з доўгачаканымі адкрыццямі музеяў па ўсім свеце. Адабралі найцікавейшыя, на наш погляд, выставы года з грунтоўнымі аглядамі класікі, незвычайнымі спалучэннямі аўтараў і нечаканай тэматыкай. Дадалі некалькі біенале — з мноства вартых агляду.
22 студзеня – 12 мая
Музей Луўра ўпершыню прысвячае выставу Чымабуэ, аднаму з самых выбітных мастакоў XIII стагоддзя.
Выстава з’яўляецца вынікам дзвюх важных для музея падзей: заканчэння рэстаўрацыі «Маэста» і набыцця раней невядомага пано майстра «Хрыстос абсмеяны».
Гэтыя дзве карціны, рэстаўрацыя якіх была завершана ў 2024 годзе, сталіся адпраўной кропкай для выставы.
Чымабуэ адным з першых майстроў свайго часу імкнуўся ўзнавіць трохмерную прастору, аб’ёмныя целы, натуральныя паставы і чалавечыя эмоцыі. Ён выкарыстоўваў больш тонкія і разнастайныя колеры, чым гэта было прынята ў візантыйскім стылі, у якім працавалі яго сучаснікі.
Выстава таксама падкрэсліць велізарны ўплыў Чымабуэ на творцаў наступнага пакалення — на Дучча і Джотта, якія ўвасобілі багатыя магчымасці жывапісу ў новую эпоху.
15 Лютага — 18 мая
У пачатку ХХ стагоддзя жывапіс перажыў глыбокія пераўтварэнні. Мастакі больш не хацелі адлюстроўваць бачнае, а імкнуліся да новай візуальнай мовы, адной з праяў чаго стала геаметрычная абстракцыя.
Выстава «Сусвет Кандзінскага: геаметрычная абстракцыя ў XX стагоддзі» ахопіць шэсць дзесяцігоддзяў і прадэманструе, як геаметрычная абстракцыя ва ўсіх сваіх варыяцыях увасобілася ў мастацтве Еўропы і ЗША.
Натхнёныя перадавымі тэхналогіямі і тэорыямі свайго часу, такімі як канцэпцыі чацвёртага вымярэння і прасторава-часавага кантынууму, мастакі пашыралі сваё разуменне прасторы і часу. З дапамогай геаметрычных формаў яны імкнуліся прадставіць касмічныя тэмы і больш высокія духоўныя ўзроўні. Цэнтральнай фігурай гэтага кірунку быў Васіль Кандзінскі, які заклаў тэарэтычныя асновы сваёй працай «Кропка і лінія на плоскасці».
На выставе будзе прадстаўлена больш за 100 работ больш чым сямідзесяці мастакоў, у тым ліку Ёзэфа Альберса, Соні Дэлоне, Барбары Хепворт, Васіля Кандзінскага, Эль Лісіцкага, Піта Мандрыяна, Фрэнка Стэлы, Віктара Вазарэлі.
28 Лютага — 15 чэрвеня
Мастакі Паўночнай Еўропы часта цікавіліся гатычным мастацтвам. Гэтая выстава даследуе, якім чынам такія аўтары, як Эдвард Мунк, Кетэ Кольвіц і Эрнст Кірхнер, чэрпалі натхненне ў працах сваіх калегаў гатычнай эпохі, такіх як Альбрэхт Дзюрэр і Ганс Гольбейн.
«Гатычны Мадэрн» прадстаўлены ў сямі тэматычных раздзелах: «Падарожжа ў готыку», «Пілігрымы мастацтва», «Сустрэчы са смерцю», «Братэрства», «Гатычныя варыяцыі», «Ад любові да пакуты» і «Паміж святлом і цемрай».
4 сакавіка — 8 чэрвеня
Мадрыдскі музей пакажа выставу, прысвечаную значэнню мастацтва ў творчасці аднаго з самых уплывовых пісьменнікаў ХХ стагоддзя Марселя Пруста. Экспазіцыя адлюструе эстэтычныя ідэі, якія Пруст развіваў у сваіх працах, мастацкае, архітэктурнае і ландшафтнае асяроддзе, што атачала яго і якое ён узнаўляў у сваіх кнігах, а таксама творчасць мастакоў, якія яго натхнялі.
Вобраз сучаснасці, створаны мастакамі-імпрэсіяністамі праз іх выявы вуліц Парыжа і іншых гарадоў, ляжыць у аснове прустаўскай эстэтыкі, і ўсё гэта паўплывала на яго жыццё, а таксама на яго творчасць.
Парыж часоў Трэцяй рэспублікі, асабліва раён Елісейскіх палёў, Булонскага лесу і палацаў арыстакратыі ў Фобур Сен-Жэрмен, а таксама пляжы і ўзбярэжжа Паўночнай Францыі — вось некаторыя з месцаў, у якіх адбываецца дзеянне яго знакамітага, апублікаванага ў сямі частках паміж 1913 і 1927 гадамі, рамана «У пошуках страчанага часу», і дзе працавалі такія мастакі, як Мане, Пісаро, Рэнуар, Клод Манэ.
У дадатак да карцін Рэмбранта, Вермеера, Ван Дэйка, Вато, Тэрнера, Эдварда і Клода Манэ, Рэнуара і Уістлера, скульптуры Антуана Бурдэля выстава ўключае ў сябе падборку рукапісаў Пруста.
7 сакавіка — 9 чэрвеня
Амстэрдамскі музей Стэдэлійк і музей Ван Гога цесна звязаны з Ансельмам Кіферам. Першы набывае і выстаўляе працы нямецкага мастака з 1960-х гадоў, а другі дэманструе працы Вінцэнта Ван Гога, якога Кіфер называе галоўнай крыніцай натхнення. У выніку дзве інстытуцыі ўпершыню аб’ядналі свае намаганні, каб прадставіць выставу «Sag mir, wo die Blumen sind» («Скажы мне, дзе кветкі»), якая складаецца з двух частак.
Праект ладзіўся ў цесным супрацоўніцтве з Кіферам, які стварыў мноства новых работ для выстаў ў двух музеях.
У музеі Ван Гога будуць прадстаўлены малюнкі, якія Кіфер зрабіў падлеткам падчас паездкі з Нідэрландаў у Бельгію і Францыю, на шляху па слядах Ван Гога. Таксама будуць прадстаўлены работы Кіфера, непасрэдна звязаныя з постімпрэсіянізмам, у тым ліку карціна «Зорная ноч», якая нагадвае начны пейзаж Ван Гога, яна выканана з акрылу, саломы, сусальнага золата, дрэва і шмат чаго іншага.
Карціны і малюнкі Ван Гога таксама будуць прадстаўлены на выставе.
Музей Стэдэлійк упершыню прадстаўляе ўсе працы Кіфера са сваёй калекцыі, што дасць магчымасць зразумець яго важную ролю як аднаго з першых нямецкіх мастакоў, якія звярнуліся да няпростай гісторыі сваёй радзімы.
8 сакавіка — 22 чэрвеня
З Метрапалітэн-музея ў Лондан пераязджае выстава, на якой будзе паказана, як італьянскі горад Сіена паслужыў асновай для адраджэння мастацтва на ўсім кантыненце. Сіена была эпіцэнтрам мастацкіх інавацый і амбіцый у XIV і XV стагоддзях.
Мастакі, якія працавалі ў залаты век Сіены, чэрпалі натхненне ў гуманістычных каштоўнасцях незалежнай рэспублікі.
Самабытная мастацкі мова Дуча, братоў Ларэнцэці, Сімоне Марціні і іх сучаснікаў цалкам змяніла ход развіцця еўрапейскага жывапісу. Вывучэнне наватарскіх работ гэтых сіенскіх мастакоў дазваляе прасачыць зараджэнне многіх ключавых ідэй, якія захапілі мастакоў, што працавалі ў Італіі ў наступныя стагоддзі.
15 сакавіка — 10 жніўня
Выстава прымеркавана да саракагоддзя з дня смерці мастака і аб’ядноўвае каля 100 работ з усіх этапаў яго творчага шляху.
Адзін з акцэнтаў зроблены на ранніх працах, створаных паміж 1910 і 1923 гадамі. Шагал у Парыжы эксперыментаваў з фавізмам і кубізмам, спалучаючы новыя стылістычныя тэндэнцыі з яўрэйскімі матывамі і славянскім фальклорам. Яго карціны распавядаюць аб паўсядзённым жыцці і звычаях, але таксама аб пераследах і пагромах. Фантастычныя і паэтычныя вобразы характарызуюцца яркімі, насычанымі колерамі і матывамі, якія застаюцца загадкавымі і па гэты дзень.
19 сакавіка — 30 чэрвеня
«Чорны Парыж» — адзін з апошніх паказаў Цэнтра Пампіду перад пяцігадовым закрыццём на рэканструкцыю. Выстава прадэманструе, як чорнаскурыя мастакі кінулі выклік дамінуючым наратывам і адлюстравалі палітычныя зрухі — ад незалежнасці Афрыкі да падзення апартэіду. На выставе таксама будуць прадстаўлены чатыры інсталяцыі сучасных чарнаскурых мастакоў Валеры Джон, Наталі Леруа Фіеві, Джэя Рамье і Шака Уан, якія жывуць ці жылі ў французскай сталіцы.
21 сакавіка – 20 ліпеня
Выстава «Аўтапартрэты» дэманструе сучасныя рэалізацыі гэтага жанру, якія выходзяць далёка за рамкі падабенства, да якога нас прывучыла класічная гісторыя мастацтва.
У экспазіцыі можна будзе ўбачыць работы дваццаці мастакоў і мастачак, напрыклад, Паўла Альтхамера, Міраслава Балкі, Ізабелы Густоўскай, Збігнева Ліберы, Агнешкі Польскай, Караля Радзішэўскага, Вільгельма Саснала, Ядвіга Савіцкай, Артура Зміеўскага і іншых.
Выстава задумвалася як дыялог аб апошніх плынях у мастацтве, пераазначэнні ролі мастака у XXI стагоддзі і паняцця мастацкага музея.
10 красавіка — 17 жніўня
Сёлета спаўняецца сто гадоў з дня нараджэння амерыканскага мастака Роберта Раўшэнберга. Каб адзначыць гэтую дату, фонд мастака арганізаваў разнастайную праграму выстаў і мерапрыемстваў у Еўропе і Злучаных Штатах. Кульмінацыяй стане выстава «Пяцёра сяброў», групавая экспазіцыя, у якой працы Раўшэнберга будуць знаходзіцца ў дыялогу з працамі яго бліжэйшых паплечнікаў, усе гэтыя творы моцна паўплывалі на музыку, танец, жывапіс, скульптуру ў пасляваенны перыяд.
На выставе «Пяцёра сяброў» будзе прадстаўлена больш за 150 твораў мастацтва, партытуры, рэквізіт, касцюмы, фатаграфіі і архіўныя матэрыялы. У Брандхорсце таксама пройдзе серыя танцавальных прадстаўленняў і канцэртаў, якія падкрэсліваюць цесныя асабістыя і прафесійныя адносіны паміж харэографам Канінгэмам і кампазітарам Кейджам.
10 мая — 23 лістапада
Чарговая Міжнародная біенале архітэктуры ў Венецыі, што пройдзе пад куратарствам італьянскага архітэктара і інжынера Карла Раці, будзе прысвечана тэме «Інтэлект: Натуральны. Штучны. Калектыўны»
Архітэктура будзе паказана ў шырокай перспектыве, якая ахоплівае мастацтва, інжынерыю, біялогію, аналітыку дадзеных, сацыяльныя і палітычныя навукі, астраномію і многае іншае, звязваючы кожную з гэтых дысцыплін з матэрыяльнасцю гарадской прасторы.
6 чэрвеня — 28 жніўня
Старая Нацыянальная галерэя Берліна паказвае двух скульптараў-мадэрністаў, чые творчыя шляхі неаднаразова перасякаліся, — францужанкі Камілы Кладель і немца Бернгарда Хэтгера. Абодва яны былі апантаныя Радэнам: прагнулі яго прызнання і адначасова імкнуліся яго перасягнуць. Апошні раз Кладель і Хэтгера ў дуэце ў Берліне паказвалі ў 1905 годзе.
14 чэрвеня — 14 верасня
У аснову будучай біенале куратарка Заша Колах паклала канцэпцыю эфемернасці — як здольнасці твора мастацтва вызначаць свае ўласныя законы перад тварам улады. Абыход несправядлівых законаў адбываецца праз няўлоўнасць твора мастацтва.
Гэта канцэпцыя будзе рэалізавана праз два падыходы. Па-першае, куратарка прапануе адмовіцца ад паняцця меншасці, ад ідэнтыфікацыйных цэтлікаў, якія акрэсліваюць кругі вакол меншасцяў, а замест гэтага імкнуцца да сустрэчы на роўных. Па-другое, адмовіцца ад апрыёрнага разумення, што такое твор мастацтва і ў якіх умовах ён можа стварацца.
28 чэрвеня — 12 кастрычніка
Маёнтак Жа дэ Буфан — гэта мастацкая лабараторыя, дзе Сезан эксперыментаваў з жывапісам на працягу амаль сарака гадоў — з 1860 па 1899 год. Нядаўна яго адрэстаўравалі і цяпер вырашалі прывезці туды створаныя ў тым доме сотні мастацкіх прац Сезана, якія пакажуць, наколькі гэты дом паўплываў на творчасць майстра. На выставе раскрыюць любімыя тэмы Сезана: правансальскія пейзажы, аўтапартрэты, знакамітыя купальшчыцы і нацюрморты алеем і акварэллю.
Лета-зіма 2025
Знакамітую выставу ўкраінскага мадэрнізму перыяду паміж 1900-мі і 1930-мі гадамі пакажуць у Польшчы. Выстава пераедзе з Каралеўскай акадэміі ў Лондане.
Мадэрнісцкі рух ва Украіне развіваўся на фоне распаду імперый, Першай сусветнай вайны, барацьбы за незалежнасць і стварэння Савецкай Украіны. Нягледзячы глыбокія ўзрушэнні, час паспрыяў смелым мастацкім эксперыментам і сапраўднаму росквіту мастацтва, літаратуры і тэатра ва Украіне.
Выстава «У эпіцэнтры буры» аб’ядноўвае працы такіх мастакоў, як Казімір Малевіч, Соня Дэлоне, Аляксандра Экстэр і Эль Лісіцкі, а таксама менш вядомых асоб, такіх як Аляксандр Багамазаў і Міхаіл Байчук, кожны з якіх пакінуў глыбокі след у мастацтве і культуры краіны.
26 верасня 2025 года — 25 студзеня 2026 года
Выстава, прысвечаная Фра Анджэліка, ключавой постаці эпохі Адраджэння ў Фларэнцыі першай паловы ХV стагоддзя, будзе праходзіць у двух знакавых месцах: Палацца Строцы і музеі манастыра Сан-Марка, дзе размешчаны манументальныя насценныя роспісы майстра, у тым ліку знакамітае Дабравешчанне.
Задача выставы — прадэмантраваць наватарскую мастацкую мову Фра Анджэліка, які адышоў ад жорсткіх канонаў гатычнага жывапісу і заклаў аснову для мастацтва эпохі Адраджэння. Яго майстэрства ў даследванні перспектывы і натуральнага святла прыўнесла ў яго кампазіцыі новае адчуванне трохмернасці, яго фігуры злучаюць боскае і зямное.
Выстава таксама даследуе ўплыў работ Фра Анджэліка ў дыялогу з такімі мастакамі, як Мазача, Філіпа Ліпі і Ларэнца Манака, а таксама са скульптарамі Ларэнца Гіберці, Мікелоца і Лука дэла Робіа.
3-5 кастрычніка 2025
ArtVilnius лічыцца самым важным фестывалем сучаснага мастацтва ў краінах Балтыі, які дае наведвальнікам магчымасць звязацца з рознымі міжнароднымі галерэямі, куратарамі, мастакамі і прадстаўнікамі мастацкіх устаноў. Кірмаш штогод прыцягвае каля дваццаці тысяч наведвальнікаў і аб’ядноўвае каля 20 мастацкіх галерэй, устаноў і іншых культурных арганізацый.
12 кастрычніка 2025 – 25 студзеня 2026
Выстава, арганізаваная ў цесным супрацоўніцтве з японскай мастачкай і яе студыяй, дасць поўнае ўяўленне пра больш чым сямідзесяцігадовую кар’еру Кусамы. Разам з некаторымі з яе самых знакавых работ, на выставе будуць прадстаўлены раннія працы, якія раней ніколі не з’яўляліся ў Еўропе, а таксама адзін са знакамітых люстраных пакояў мастачкі «Infinity».
Кусама — адна з суперзорак сучаснага мастацтва, дасягнула культавага статусу дзякуючы сваім паўтаральных узораў і структур, у прыватнасці, характэрнаму малюнку ў гарошак і люстраным пакоям, якія пераносяць гледачоў у іншыя светы, што пашыраюцца без абмежаванняў. Выстава падкрэсліць багацце мастацкіх сродкаў, з якімі Кусама працавала на працягу многіх гадоў, сярод якіх жывапіс, скульптура, інсталяцыі, графіка, калажы, хепенінгі, жывыя выступы, мода і літаратура.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram