На магілёўскі міжнародны форум «М.@rt.контакт» прыехаў расійскі дэсант — пакуль толькі тэатральны

Культура
Сцена са спектакля «Записки юного врача».

З 21 па 27 сакавіка ў Магілёве пройдзе Міжнародны маладзёжны тэатральны форум «М.@rt.кантакт», заснавальнікамі якога з’яўляюцца Міністэрства культуры Рэспублікі Беларусь і Магілёўскі абласны выканаўчы камітэт.

У афішы форума — 23 спектаклі. З іх 11 — з Расіі, 5 — з Балгарыі, Арменіі, Кыргызстана і Казахстана, 6 спектакляў пакажуць беларускія тэатры.

Аднак, калі ўважліва паглядзець на беларускую частку афішы, то высветліцца, што з шасці спектакляў палова пастаўлена расійскімі рэжысёрамі.

«Нос майора Ковалёва» паводле Гогаля — гэта спектакль Гомельскага драматычнага тэатра «пра маленькага чалавека ў інтэр’еры гогалеўска-пушкінскага Санкт-Пецярбурга», — паведамляе анатацыя. Рэжысёр — Раман Габрыя, заслужаны дзеяч мастацтваў з Паўднёвай Асеціі.

Сёлета адзначаецца 215 гадоў з дня нараджэння Гогаля, таму ў праграму форума ўключана некалькі спектакляў паводле яго твораў. «Женитьба. Фантасмагория» будзе паказаны да адкрыцця форуму — 20 сакавіка. Яго паставіў на сцэне Магілёўскага драмтэатра кіраўнік Пермскага тэатра «У Моста» Сяргей Фядотаў.

Магілёўскі абласны тэатр лялек пакажа на форуме новы спектакль «Петр I — жизнь и деяния». Над пастаноўкай працаваў галоўны рэжысёр тэатра лялек «Золотой петушок» з расійскага горада Азёрск Дзмітрый Ярохін.

Брэсцкі акадэмічны тэатр драмы прывёз спектакль «Цена удовольствия» па матывах апавяданняў Чэхава. Ён пастаўлены актрысай тэатра Яўгеніяй Гадун.

Спектакль для дарослых «Записки юного врача» стварыла зорная каманда з мінскага тэатра лялек: рэжысёр Яўген Карняг, мастак-пастаноўшчык Таццяна Нерсісян, кампазітар — Кацярына Аверкава. Але ў аснове пастаноўкі – цыкл ранніх апавяданняў Міхаіла Булгакава. Спектакль з’яўляецца адным з найвыбітных на беларускай тэатральнай сцэне за апошнія некалькі гадоў, але ў кантэксце «М.@rt.кантакта» ён «льет воду на мельницу» татальнай прысутнасці «рускай класікі».

У выніку адзіны намёк на краіну Беларусь, якая арганізоўвае гэты прадстаўнічы міжнародны форум пад кіраўніцтвам, дарэчы, Міністэрства культуры, — гэта мюзікл «Несцерка», які пакажа Магілёўскі абласны тэатр драмы і камедыі імя Дуніна-Марцінкевіча з Бабруйска. Адзіны спектакль на беларускай мове апісвае вясёлыя прыгоды мясцовага селяніна.

На магілёўскі міжнародны форум «М.@rt.контакт» прыехаў расійскі дэсант - пакуль толькі тэатральны

 

А што падрыхтавалі расійскія тэатры?

«На 17-ты міжнародны маладзёжны тэатральны форум «М.@rt.Контакт» расіяне вязуць вялікую праграму», — піша «Расійская газета» і нязмушана залучае ў расійскую праграму карнягаўскі спектакль, пастаўлены ў Беларускім дзяржаўным тэатры лялек.

«Гэта класіка ў сучасным прачытанні: гогалеўскія «Женитьба» і «Вий», булгакаўскія «Записки юного врача», пушкінская «Метелица» і любоўны «Дэкамерон», Шэкспіраўскі «Сон в летнюю ночь». Гэта пастаноўка па кнізе Маркеса «Десять дней в открытом море без еды и воды» Тэатра пантамімы і пластыкі «Атэлье» з Санкт-Пецярбурга, якая стала залатым лаўрэатам XXII моладзевых Дэльфійскіх гульняў Расіі 2023 года. «Тараса-Бульбу» прадставіць упадабаны Магілёўскаму гледачу екацярынбуржац Мікалай Каляда. Гэтая пастаноўка прысвячаецца Галіне Волчак — былому галоўнаму рэжысёру Маскоўскага «Современника».

Ахлапкоўскі драмтэатр Іркуцка прывязе спектакль па шэдэўру Твардоўскага «Василий Тёркин. Книга про бойца». «Книга про бойца» ўваходзіць у трылогію пастановак пра жыццё і творчасць рускіх паэтаў, створаных у рамках праекта «Голос русской поэзии».

Будзе прадстаўлены спектакль «Антарктида» пра станцыю «Маладзёжная» і лёсы людзей, якія на ёй працавалі, «Двое на качелях», «Мүмүт», спектакль пра жыццё Пятра I, неверагодныя і пацешныя «Прыгоды Тома Соера».

У рамках тэатральнага форума адбудуцца творчыя сустрэчы і майстар-класы педагогаў, драматургаў, вядомых рэжысёраў, артыстаў, такіх як Ганна Бальшова, Алена Барзова, Генадзь Трасцянецкі, Аляксей Байдакоў, Мікалай Каляда, Сяргей Фядотаў, Людміла Бялова. Запланаваны таксама сустрэчы і майстар-класы ўдзельнікаў форума з маладымі артыстамі і навучэнцамі тэатральнага аддзялення Магілёўскага дзяржаўнага каледжа мастацтваў».

Намеснік старшыні аблвыканкама Валерый Малашко на прэс-канферэнцыі перад пачаткам форума паведаміў, што другі год запар аргамітэт узначальвае міністр культуры. «Што дало магчымасць форуму стаць яшчэ больш актыўным на міжнародных пляцоўках дружалюбных краін, пры ўдзеле Міністэрства культуры прыцягнуць максімальную колькасць тэатраў, якія сёння на сучаснай мове чытаюць класіку. Тых, хто цікавы тэатральнай супольнасці сваіх краін».

З аднаго боку, у праграму форума «М.@rt.кантакт» не закладзена адмысловых патрабаванняў закранаць тэму беларускай драматургіі, але, з іншага боку, форум праводзіцца ў Беларусі… Магчыма, гэта ў беларускіх тэатраў ёсць нейкія праблемы з сучаснай інтэрпрэтацый беларускай класікі, і таму такія спектаклі амаль не прадстаўлены на форуме. Ці, верагодна, у міністра культуры, які ўзначальвае аргкамітэт, ёсць нейкае сваё разуменне гэтай самай беларускай культуры.

Дысбаланс занадта сімптаматычны, каб не заўважыць відавочны каланіяльны трэнд.

Нагадаем, што ў 2023 годзе на Міжнародным маладзёжным тэатральным форуме «М.@rt.кантакт», па версіі прафесійнага журы, «Пачубкі» Яўгена Карняга былі названы лепшым спектаклем. На сёлетнім форуме гледачам дадзена надзвычай мала шанцаў ганарыцца беларускім тэатрам.

Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.by у Telegram

Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.

Последние новости


REFORM.news


Сообщить об опечатке

Текст, который будет отправлен нашим редакторам: