Здымкі новай ігравой карціны распачаліся ўчора на Нацыянальнай кінастудыі «Беларусьфільм». Дэбютная стужка маладога рэжысёра Кірыла Халецкага прысвечана тэме нялёгкіх будняў маладых работнікаў кіно — фільм мае назву «Кіношнікі».
Фільм, жанр якой аўтары пазначаюць як камедыя, здымаецца на студыі маладзёжнага кіно «Беларусьфільма» — «СМОЛК@».
«Гэта гісторыя пра маладога хлопца, які пасля вучобы размеркаваны на кінастудыю і марыць зняць сваё аўтарскае кіно. З нуля асвойвае сферу кінавытворчасці, але гэтая справа аказваецца не такой лёгкай, як падавалася раней», — распавёў пра новы праект канал «Культура» Беларускага радыё.
Рэжысёр стужкі — Кірыл Халецкі, вядомы па кароткаметражнай працы «Дарога». Новая карціна стане яго поўнаметражным дэбютам, заснаваным шмат у чым на асабістым досведзе.
— Хоць сцэнар перапісваўся 12 разоў, у канчатковым выніку ўся гісторыя апынулася на кінастудыі, — распавёў аўтар пра «кухню» праекта. — Мне здаецца, гэта надасць адмысловы шарм фільму, бо ён стаў яшчэ больш кіношным. Гэта карціна пра дзеячаў кіно. Вельмі шмат у гэтым ёсць праўды жыцця. Мы рэальна паказваем, як рэжысёр-дэбютант праходзіць розныя этапы стварэння свайго фільма. Гэта вельмі цікава. Адным з галоўных момантаў пры напісанні сцэнара было паказаць менавіта кіношнае жыццё такім, якое яно ёсць. З усімі яе прыколамі, сітуацыямі, праблемамі. Складана было нікога не пакрыўдзіць, але мы ўсё зрабілі акуратна.
У фільме здымаюцца маладыя беларускія акцёры, таксама адзначаецца ўдзел у новым праекце расійскага артыста Юрыя Стаянава.
Генеральны дырэктар кінастудыі Уладзімір Карачэўскі так падтрымаў старт здымак «Кіношнікаў»:
— Нядаўна народжаная студыя «Смолк@» запускае першы поўнаметражны фільм, і мне вельмі прыемна, што ў нас вельмі класная маладзёжная каманда — не толькі рэжысёр, але і аператар, акцёры, члены здымачнай групы, — сказаў ён. — Я хачу нас усіх сёння павіншаваць, што мы сёння з вамі даем старт новаму пакаленню мастакоў, таму, сябры, я хачу вам пажадаць, каб у вас атрымалася ўсё, што вы задумалі. У добры шлях нашаму фільму! Няхай не толькі нас лаюць, але намі захапляюцца і нам зайздросцяць, таму што мы — кіношнікі.
Структурнае падраздзяленне «Студыя маладзёжнага кіно» існуе з 1 жніўня 2022 года. Гэта першы праект, які запускаецца на яе платформе.
Прэм’ера маладзёжнай камедыі «Кіношнікі» плануецца на студзень-люты 2024 года.
Сообщить об опечатке
Текст, который будет отправлен нашим редакторам: