Фота: БелТА
Фільм «Ліст чакання» рэжысёра Аляксандра Яфрэмава прызнаны лепшым ігравым фільмам па выніках IX Рэспубліканскага фестывалю беларускіх фільмаў, які прайшоў у Брэсце.
«Ліст чакання» — гэта прапагандысцкі фільм пра кардыёлагаў, якія не плануюць з’язджаць з краіны. Паводле сюжэта, галоўны герой вырашае эміграваць у Германію, але яго ўгаворваюць застацца ў Беларусі. «У цэнтры ўвагі – паведамляе анатацыя да фільма, — сацыяльна актыўная пазіцыя сучасных урачоў, якія на першае месца ставяць не асабістыя выгады, а здароўе пацыентаў. І робяць свой выбар, кіруючыся грамадзянскай пазіцыяй і імкненнем развіваць айчынную медыцыну».
Праграма фестывалю ўключала пяць асобных конкурсных праграм: ігравыя, неігравыя, тэлевізійныя, анімацыйныя і студэнцкія фільмы. Работы ацэньваліся экспертнымі групамі для кожнага напрамку. У журы ўвайшлі не толькі беларускія спецыялісты, але і вядомыя кінематаграфісты іншых дзяржаў, пераважна – з Расіі.
Прыз глядацкіх сімпатый атрымаў фільм «Класная» рэжысёра Кірыла Халецкага, прыз «за найлепшы сцэнар» — Валянцін Залужны («Ліст чакання»), «за найлепшую рэжысуру» — Аляксандр Яфрэмаў («Ліст чакання»), «за найлепшую аператарскую працу імя Юрыя Марухіна» — Канстанцін Эсадзэ («Чорны замак»).
Прыза за «за лепшы дэбют у кінарэжысуры імя Віктара Турава» ўдастоены Кірыл Халецкі («Кіношнікі»). Лепшую жаночую ролю, па версіі журы, сыграла Ірына Мароз («Класная»), лепшую мужчынскую — Яўген Стычкін («Чорны замак»).
Найлепшым неігравым прызнаны фільм «Надзя, наперад» Анастасіі Муляровай. А лепшым анімацыйным – кінадылогія «Мемарыяльныя комплексы Беларусі», «Мемарыяльныя комплексы Беларусі — 2» (рэжысёры Канстанцін Андрушачкін, Аляксандр Ленкін, Таццяна Кубліцкая, Наталля Касцючэнка, Ірына Тарасава, Юлія Пінцак).
Прыз за лепшы тэлевізійны фільм (тэлесерыял) атрымала праца «Рэспубліка з зорачкай: час перамагаць» (рэжысёр Вікторыя Альшэўская), за лепшую студэнцкую працу — фільм «Aranarium. Павукарыум» рэжысёра Васіля Піменава.
Міністр культуры, які прысутнічаў на цырымоніі закрыцця, сказаў, што «беларускія кінематаграфісты сёлета радуюць па ўсіх напрамках: і ў анімацыі, і ў дакументальным кіно, і ў ігравым». А рэжысёр і народны артыст Расіі Мікалай Бурляеў, разважаючы пра фестываль, адзначыў, што «задача кіно — гарманізаваць і прасвятляць нацыю».
IX Рэспубліканскі фестываль беларускіх фільмаў праходзіў у Брэсце з 25 па 29 верасня. Міністэрства культуры рэанімавала фэст пасля перапынку ў 13 гадоў.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram