1 і 2 лістапада беларусы адзначаюць Дзяды — народнае свята, калі сем’і наведваюць на могілках сваіх продкаў, блізкіх, сяброў, суайчыннікаў. У Беларусі паэты Міхась Скобла, Кастусь Цвірка і беларускі этнограф, фалькларыст Уладзімір Васілевіч наведалі месца спадчыну беларускай пісьменніцы Алены Васілевіч у вёсцы Ліпнікі на Случчыне і зрабілі нечаканае адкрыццё.
Падчас наведвання могілак высветлілася, што Кастусь Цвірка і спадар Уладзімір — сын Алены Васілевіч, — сваякі. Калегі і сябры прыйшлі да такой высновы, павывучаўшы надмагіллі на цвінтары.
«Агледзеўшы дзясятак-другі надмагілляў і ўчытаўшыся ў прозвішчы на іх, мае спадарожнікі Кастусь Цвірка і Уладзімір Васілевіч прыйшлі да высновы, што яны… сваякі! Прычым не сёмая вада на кісялі, а такія, што па вясковай традыцыі запрашаліся на сямейныя гулянкі, — падзяліўся Міхась Скобла. — Што ні кажыце, а замацаваныя на каменных скрыжалях радаводы выклікаюць нават большы давер, чым радаводныя дрэвы, пацверджаныя ў архівах».
Кастусь Цвірка — знаны беларускі паэт, перакладчык, гісторык, фалькларыст, этнограф, мовазнавец. У 2025 годзе творца атрымаў Прэмію імя Міхася Стральцова «за вернасць нацыянальным літаратурным традыцыям, пераклады беларускай польскамоўнай паэзіі ХІХ стагоддзя і папулярызацыю айчыннай класікі ў серыі «Беларускі кнігазбор»».
Уладзімір Васілевіч — беларускі фалькларыст, этнограф, аўтар шэрагу выданняў па беларускай міфалогіі. Сярод іх: «Дай Божа знаць, з кім век векаваць. Беларуская народная варажба», «Ад парога ў свет дарога», «Замовы», ды іншыя кнігі. Сын беларускай пісьменніцы Алены Васілевіч, аўтаркі тэтралогіі «Пачакай, затрымайся…», якая пайшла з жыцця ў 2021 годзе.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram