У межах цыкла «Ваяры і валанцёры» на Belsat Doc выйшаў новы дакументальны рэпартаж пра беларусаў, якія ваююць на баку Украіны. Героем новай праграмы-фільма Вольгі Воранавай стаў добраахвотнік Аляксей Скобля з пазыўным Тур.
Аляксей Скобля стаў першым беларускім добраахвотнікам, які падпісаў кантракт з УСУ. Ён загінуў ва ўзросце 31 года, абараняючы Кіеў у 2022 годзе ад спробаў захопу расійскімі войскамі. Пасмяротна яму было прысвоена званне Героя Украіны.
У тэлерэпартажы Вольгі Воранавай пра постаць Аляксея распавядаюць яго аднакласнікі, сяброўкі і вайсковы калега Ян Мельнікаў (Беларус). Аляксей Скобля, які вырашыў ваяваць на баку Украіны яшчэ ў 2014 годзе, захапляўся рэканструкцыяй старадаўніх бітваў. «Праз сваё вельмі моцнае адчуванне справядлівасці, [Аляксей] не змог не дапамагчы, [калі дазнаўся пра падзеі 2014 года]», — распавядае пра яго сябра.
Аляксей Скобля ў 2010-х быў у складзе тактычнай групы «Беларусь» — яе можна назваць касцяком Палка Каліноўскага за некалькі гадоў да поўнамаштабнага ўварвання.
У рэпартажах Вольгі Воранавай ёсць пэўная схема: сведчанні сяброў і знаёмых пра героя, архіўныя кадры і запісы, і нядаўнія здымкі — у дадзеным выпадку, здымкі з пахавання Аляксея Скоблы і месца яго гібелі. Але «простыя сюжэты» пакідаюць моцнае ўражанне — бо за імі лёс чалавека, які аддаў жыццё за іншых, за свае перакананні. Герой паўстае праз аповеды яго сяброў і ўчынкі.
Аляксей Скобля загінуў пад Кіевам, прыкрываючы сваю групу ў адзіночку. Дзякуючы яго ўчынку група здолела выйсці з акружэння. Пра такую смерць, кажуць яго калегі, марыць кожны ваяр.
Фільм «Скобля загінуў у баі са зброяй у руках» — гэта cёмы тэлерэпартаж з цыклу беларускай дакументалісткі Вольгі Воранавай «Ваяры і валанцёры».
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram