У Нароўлі працягваюцца працы па аднаўленні палаца Горватаў — помніка ХІХ стагоддзя. На фэйсбук-старонцы палаца абвесцілі чарговую талаку з 22 па 24 жніўня. Дапамога патрэбная па прыборцы будаўнічага смецця, якое накопліваецца каля палаца і ў палацы ўвесь час. «Часам трэба цягаць цяжкае, часам змятаць пыл – усё сарціруецца па розных кучках у залежнасці ад віду», — апісваюць аб‘ём працы арганізатары.
Таксама будуць удзячныя за дапамогу ў стварэнні кантэнту для сацсетак.
Падчас прац можна жыць у спецыяльным дамку ці паставіць намёт на беразе Прыпяці.
Можна прыехаць на ўсе тры дні, можна на 1-2 дні ці нават некалькі гадзін.
Запісацца на талаку можна тут.
Нараўлянскі палац — помнік архітэктуры ў стылі класіцызму XIX стагоддзя, які належаў дваранам Горватам. Да нашых дзён ад палацава-паркавага ансамбля засталіся руіны палаца, пабудаванага на беразе Прыпяці.
18 лістапада 2020 года палац Горватаў перайшоў у прыватную ўласнасць: быў выкуплены ТАА «Над Прыпяццю», заснавальнікамі якога з’яўляюцца Андрэй Горват, Аляксандр Баранаў і Пётр Кузняцоў.
Пісьменнік Андрэй Горват напісаў кнігу пра нараўлянскі палац пад назвай «Дом». У анатацыі патлумачыў, што кніга – пра «стары дом на беразе Прыпяці, напоўнены любоўю, фартэпіяннай музыкай і сямейнымі сакрэтамі. Гэта літаратурнае даследаванне, у якім біяграфія палаца пераплятаецца з маёй асабістай гісторыяй. Таксама гэта аповед пра людзей, якія называлі палац сваім домам, і пра эпохі, што праносіліся за яго вокнамі.
Кніга спалучае элементы рэалізму і магічнага рэалізму. У ёй бронзавыя львы прагульваюцца па парку, а людзі з партрэтаў — па калідорах. Заходзячы ў дом, будзьце гатовыя: гаспадар у любы момант можа вярнуцца з вечнасці, каб адказаць на тэлефонны званок».
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram