Музычнае «самагубства» дзеля свабоды: чаму беларуская спявачка Лера Яскевіч выдаляе свае песні?

Культура
Лера Яскевіч. Скрыншот з відэа.

Беларуская спявачка Лера Яскевіч ашаламіла фанатаў навіной: пасля 16 лютага амаль усе яе трэкі знікнуць з музычных пляцовак. Спявачка прыняла рашэнне выдаліць іх самастойна, каб паставіць кропку ў зацяжным канфлікце з былой сяброўкай і менеджэркай Ганнай Навіцкай. Пры гэты выканаўца паведаміла на сваім YouTube-канале.

Хто такая Лера Яскевіч?

Для тых, хто не сочыць за беларускім YouTube, Лера Яскевіч — адна з самых яскравых і шчырых постацей новай музычнай хвалі. Яна пачынала як відэаблогерка, запісваючы каверы пад гітару ва ўласным пакоі, і хутка стала голасам пакалення «зумераў». Удзел у папулярным украінскім шоу зрабіў Леру Яскевіч пазнавальнай на ўсёй постсавецкай прасторы, аднак яна заўсёды падкрэслівала сваю беларускую ідэнтычнасць. Выканаўца стварыла ўласную эстэтыку мяккага акустычнага індзі-попу: «Лета», «Калі рана ўстаеш», «Добры доктар», «Люты», «Давай не будзем», «Яшчэ адзін год», «JOHN», «Унеси» — адны з песен спявачкі. На сёння YouTube-канал аўтаркі налічвае больш за 600 тысяч падпісчыкаў.

Пастка «50 на 50»

Гісторыя пачалася 10 гадоў таму, калі 17-гадовая Лера пачала супрацоўніцтва з Навіцкай. Тады дзяўчаты былі неразлучныя: Ганна Навіцкая падштурхнула Леру паступіць у Беларускім дзяржаўны ўнівесітэта культуры і мастацтва, de facto выступала ў ролі менеджара спявачкі. Яны разам здымалі кватэру, ездзілі на ўкраінскі «Х-Фактар», будавалі кар’еру. На хвалі поўнага даверу Лера пагадзілася зарэгістраваць Ганну як суаўтара ва ўсіх сваіх песнях — нават там, дзе Навіцкая фактычна не напісала ні слова.

«Яна [Ганна] была аформленая як аўтар ва ўсіх песнях, нават там, дзе па факце аўтарам не з’яўлялася. Тады я лічыла гэта справядлівым і не ведала, што ў будучыні гэта будзе выкарыстоўвацца супраць мяне… Так, я сама вінаватая, я ведаю», — прызнаецца спявачка. Юрыдычна замацаваны статус суаўтара даў менеджэрцы права на 50% ад усіх прыбыткаў, і цяпер гэтая даверлівасць ператварылася ў «пажыццёвую залежнасць».

Палітыка і эміграцыя

Гісторыя набывае дадатковую драматычнасць на фоне падзей апошніх гадоў. У 2020 годзе Лера Яскевіч адкрыта падтрымала мірныя акцыі салідарнасці ў Беларусі. У 2022 годзе яна была вымушана з’ехаць і цяпер жыве ў Польшчы. У той час як Лера будуе жыццё ў эміграцыі, Ганна Навіцкая засталася ў Беларусі і займаецца новым праектам «Барысаўскі тракт». Менавіта ў гэтых розных рэальнасцях кампраміс паміж былымі сяброўкамі стаў канчаткова немагчымым.

Цана незалежнасці

Лера прызналася, што да апошняга спрабавала ўратаваць сітуацыю. Але перамовы ні да чаго не прывялі і рашэнне выдаліць плён дзесяцігадовай працы стала для яе адзіным выхадам з тупіка.

«Я прыняла рашэнне выдаліць усе свае трэкі, каб вызваліцца ад залежнасці ад гэтага чалавека. Проста сцерці гэта ўсё і пачаць наноў. Мне не трэба чужых грошай, чужых песень. Мне патрэбная мая свабода і незалежнасць», — тлумачыць спявачка сваім фанатам.

Што застаецца?

Прыхільнікам спявачкі  варта паспець паслухаць старыя хіты да сярэдзіны лютага. Пасля гэтага на пляцоўках застанецца толькі апошні альбом «Тады. Цяпер. Пасля» (2024) і новыя рэлізы, правамі на якія спявачка валодае цалкам.

Ганна Навіцкая пакуль адмаўляецца каментаваць сітуацыю, пакідаючы пытанні журналістаў без адказаў.

Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram

🔥 Поддержите Reform.news донатом!

REFORM.news (ранее REFORM.by)
Добавить комментарий

Внимание, премодерация. Если вы в Беларуси, не оставляйте комментарий без включенного VPN.

Последние новости