Фота: сайт музея.
Музей гісторыі польскіх габрэяў POLIN запрашае на святкаванне Ханукі. 14 снежня ў варшаўскім музеі можна будзе пазнаёміцца з яўрэйскімі традыцыямі ў цёплай і творчай атмасферы, і што важна для беларускамоўнай супольнасці — праграма будзе даступна па-беларуску!
Падзея суправаджае часовую экспазіцыю «Моц слоў» і пастаянную выставу.
У праграме імпрэзы — расповед пра ханукальныя традыцыі, знаёмства са словамі, звязанымі са святам, а таксама магчымасць патрэніравацца іх пісаць на іўрыце.
«Цвіком» праграмы стане Ханукальная гульня, падчас якой можна будзе паразгадваць загадкі.
«Вас чакае дзевяць заданняў, дзякуючы якім вы пазнаёміцеся з ханукальнымі звычаямі і сімваламі, навучыцеся гуляць у дрэйдл і пашукаеце цікавосткі на пастаяннай выставе», — распавядаюць пра інтэрактыўную гульню арганізатары.
«Вы будзеце ўпрыгожваць торбы выбранымі ўзорамі, ствараць бірулькі і аздабляць незвычайныя кнігі! А таксама даведаецеся, як выглядае вашае імя, каліграфічна напісанае на іўрыце, і пазнаеце таямніцы, прыхаваныя ў незвычайным месцы», — інтрэгуе каманда музея.
Час і месца падзеі: 14 снежня, 15:00, Музей гісторыі польскіх габрэяў POLIN.
Уваход бясплатны, але трэба зарэгістравацца на мерапрыемства.
Падрабязней дазнацца пра падзею можна тут.
Нагадаем, што ў Музеі дзейнічае пляцоўка сямейнай адукацыі «У караля Мацюся», дзе можна бавіць час усёй сям’ёй. Тут працуе бібліятэка, дзе акрамя кнігі на польскай, украінскай, англійскай мовах, можна знайсці выданні і на беларускай мове.
У прапановах Музея POLIN таксама — і беларускамоўныя экскурсіі па галоўнай экспазіцыі, беларускамоўны аўдыёгід. Прагуляцца па залах аднога з найлепшых музейных комплексаў Еўропы цяпер можна ў кампаніі перакладчыка і мовазнаўцы Сяргея Шупы — яго голас гучыць у аўдыёгідзе.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram