У Варшаве ствараюць новую беларускую прастору — Кватэру.27.
За праектам стаяць мастак Міша Шаціла і яго сябры Лявон Халатран, Вераніка Аляксеева, Яна Голубева і Ліза, якія далучыліся да аднаўлення кватэры ў камяніцы XIX стагоддзя, каб стварыць месца для культуры, творчасці і супольнасці.
Паразмаўлялі з удзельнікам каманды Лявонам Халатранам пра патэнцыял новай прасторы.

— Да адбыцця «хіміі» ў Беларусі і эміграцыі ў Польшчу вы кіравалі мінскім барам «ДК» і «Руін-барам ОК16». Што гэта быў за досвед? Тыя месцы – гэта ж не толькі пра кулінарыю і алкаголь, але і пра атмасферу, вайб, прастору. У чым была «фішка» тых бараў?
— Мне заўсёды было больш цікава ладзіць нейкія мерапрыемствы, чым карміць-паіць наведнікаў. Таму і з’явіўся «ДК», дзе было шмат тусовак, дзе пачалося шмат праектаў. «Руін-бар» быў падобным месцам, проста ён быў пры прасторы ОК16, дзе і так шмат чаго праводзілася. Хоць часам мы рабілі нешта сваё, але ў асноўным абслугоўвалі мерапрыемствы, якія адбываліся ў самім ОК16.
Карацей, быццам і гастранамія, але і пляцоўка…
— …дзе збіралася свая тусоўка.
— Так, вакол месца ўтвараецца камьюніці. Гэта нармальна.

— У эміграцыі вы не адразу вярнуліся да звыклай працы, але ўрэшце далучыліся да BackDoor Bar у Варшаве, аднак з камандай не спрацаваліся. Як на іх выйшлі і чаму сышлі?
— Мы былі з імі знаёмыя яшчэ ў Мінску. Насця, адна з заснавальніцаў BackDoor Bar у Варшаве, часта хадзіла ў «ДК». Калі я выйшаў з «хіміі», сустрэўся з ёй, яны якраз прадалі BackDoor Bar у Мінску. Пасля мы выпадкова сустрэліся ў Варшаве і вырашылі паспрабаваць адрадзіць той бар. Знайшлі памяшканне, я даваў шмат інтэрв’ю, паралельна выконваючы функцыі арт-дырэктара. На адкрыцці было шмат людзей, вялізная чарга, усе мае сябры падцягнуліся, беларускія селебрыці прыйшлі. І мы ў першым месяцы выйшлі ў плюс, але калегі аказаліся аб’юзерамі. Яны вырашылі размаўляць са мной на мове пагроз і шантажу, я не вельмі дазволіў. Гэта мой касяк, што я не прачэкаў сваіх партнёраў на старце. Але тады ў мяне не было ніякай працы, таму схапіўся за першае, што было.
Мне вельмі шкада, што яны зачыніліся. Аднак гэта адбылося заканамерна, бо ўласнікі настроілі супраць сябе шмат беларусаў.
Да таго ж густы ў нас не супадалі ні ў мастацтве, ні ў музыцы. Тое, што яны ставілі ў маю адсутнасць ці вешалі на сценах, было проста жахлівым.
— Цяпер узнікла гэтая кватэра пад нумарам 27 у доме на вуліцы Хмельнай. Раскажыце, як вы ўбачылі ў ёй патэнцыял і што вы хочаце з яе зрабіць?
— З Мішам Шацілам, а гэта ён здымае кватэру для сваёй майстэрні ўжо паўтары гады, мы пазнаёміліся на інтэграцыйных курсах. Я часта хадзіў да яго ў майстэрню, а цяпер і жыву тут у адным з пакояў.
У кватэры ён працуе і праводзіць заняткі малявання для дзяцей, якія не пакрываюць арэнду. А я ведаю, што дакладна ёсць запыт на падобную прастору, каб праводзіць якія-небудзь мерапрымствы за невялікі кошт. Міша, калі вы яго ведаеце, гэта вельмі добры чалавек, але без камерцыйнай жылкі. І гэта падкупае, бо я і сам не вельмі люблю камерцыю, хоць з ёй і звязаны. Мне здаецца, што гэта вельмі сумленная гісторыя: прапанаваць нешта цёплае, утульнае і ў той жа час прасіць за гэта невялікія грошы. Таму мы і вырашылі зрабіць тут беларускую прастору, бо сёння шмат чаго ў Варшаве зачыняецца. Наша прастора адметная тым, што гэта — творчая майстэрня, што адчуваецца адразу, як толькі сюды трапляеш. Тут амаль як дома.
Мы ўжо зрабілі рамонт у асноўных пакоях, купілі праектар, аднавілі мэблю, падрыхтавалі першыя майстар-класы.
Але адразу скажу, што паралельна я займаюся барам, які планую хутка адкрыць. Таму пакуль не ведаю, як буду сумяшчаць гэтыя два праекты. Усе спадзяванні на каманду.
— Не скажаце, як будучы бар будзе называцца?
— Не скажу, таму што назвы яшчэ няма, але я буду мець пару месяцаў рамонту, каб прыдумаць назву. Думаю, яна павінна сама прыйсці.
— Які будзе фармат вашай новай прасторы Кватэра.27? Што там можа адбывацца?
— Па-першае, мы думаем пра нейкую фундацыю, таму што праблема дзіцячых курсаў – у наведвальнасці. Вакол шмат бясплатных курсаў, майстар-класаў, а Міша займаецца рэальным навучаннем, перадакадэмічным. Праўда, мы яшчэ ў гэтым кірунку не працавалі. Мы адкрылі збор на «Гронцы», каб можна дапасаваць памяшканні да нашых мэтаў.
А пасля ўжо плануем праводзіць майстар-класы, адукацыйныя курсы, здаваць пакоі ў арэнду для любога прыватнага мерапрыемства. Таксама плануюцца кінапрагляды з абмеркаваннем, танцавальная тэрапія, акторскія курсы, яшчэ адны курсы малявання. Думаем частку прасторы дапасаваць да здымкаў, бо цяпер з’явілася шмат ютубераў, якія здымаюцца ў адных і тых жа лакацыях. А тут мы можам прапанаваць нешта новае.
Дарэчы, наш дом – сярэдзіны ХІХ стагоддзя, яго можна ўбачыць ў фільме 1960 года «Niewinni czarodzieje» знакамітага Анджэя Вайды. І жылі тут вельмі заможныя людзі, бо на кухні ёсць асобныя ўваходы для прыслугі.
— Як вы мяркуеце, наколькі гэта прастора будзе запатрабавана? Якія тут рызыкі? Што вы, дарэчы, можаце сказаць пра варшаўскае беларускае культурнае асяроддзе? Развіваецца? Ізалюецца? Інтэгруецца?
— За ўсё асяроддзе не скажу, але бачу, што ўсё залежыць ад кожнага канкрэтнага чалавека. Чым больш чалавек вывучыў мову, тым больш у яго матывацый і магчымасці выходзіць на польскія інстытуцыі. Тыя, хто менш смелы да новага, тыя стараюцца трымаюцца адно аднаго. Некаторыя ўвогуле сыходзяць з прафесіі. Канешне, хацелася б, каб быў баланс.
Што тычыцца развіцця нашай прасторы, то яна хутчэй пра дыяспару, чым пра міжкультурнае супрацоўніцтва. Гэта агульны трэнд, што людзі інтэгруюцца, і пад гэты трэнд можна цалкам сабе паспрабаваць збіраць людзей. Аднак мне б самому паспрабаваць зрабіць крокі ў кірунку інтэграцыі, перш чым кагосьці туды весці.
Рызыкі, безумоўна, ёсць, але мы ўжо тут, у гэтай кватэры, ужо нешта пачалі рабіць. Цяпер плануем выйсці на новы ўзровень. Лепш займацца любімай справай, а не працаваць на нелюбімай, каб укладаць сродкі ў тое, што цябе па-сапраўднаму захапляе.

— І самае галоўнае пытанне: хто такая Моркаўка?
— Гэта трусік, якога Міша выратаваў у бамжа. Той усім прапаноўваў на вуліцы з ёй сфатаграфавацца, але было відаць, што бедная жывёлка ў вельмі кепскім стане. Яе вылекавалі, і цяпер яна жыве тут. Можна спецыяльна сюды прыходзіць на Моркаўку паглядзець.
***
Пагладзіць трусіка ў новай прасторы можна за невялікае ахвяраванне на «Гронцы». Арэнда прасторы на 8 гадзін у будні дзень будзе каштаваць 100 еўра. Астатнія падарункі за ахвяраванні сабраныя тут.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram