«Аўтар мае рацыю заўжды» — у свет выйшаў новы зборнік вершаў аднаго з найцікавейшых мадэрнісцкіх аўтараў Беларусі — паэта і музыкі Віктара Сямашкі. Лідар авант-джазавага гурта Fantastic Swimmers, аўтар кніг «ReRa», «Ромб», «Марыя S» ды іншых, радыёвядоўца Віктар Сямашка вядомы сваёй прагай да новых музычных і паэтычных формаў, эксперыменту і адпаведна зместу, які, падпарадкоўвачыся форме, дае новае прачытанне рэальнасці.
Гэтым разам кніга, над якой аўтар працаваў больш за дзесяць гадоў, звяртае на сябе ўвагу не толькі праз авангардны змест, але і праз знешні выгляд. «Аўтар мае рацыю заўжды» — гэта арт-аб’ект, у якім вершы літаральна «таўкуцца» на старонках, штурхаючы адзін аднога ў бакі, гудуць, свішчуць, а часам, здаецца, і крычаць, падпарадковаючыся новым правілам вёрсткі. Ды сем вершаваных цыклаў — «Уяў», «Біг-біт»,«Як стаць сьвятым», «Чэрап і чэлес», «Малапананапалам», «Аўтар мае рацыю заўжды» і «Паэма М» перабіваюцца здымкамі беларускага фатографа Аляксея Навумчыка.
Аўтар мае рацыю заўжды, ды ўсё ж Reform.by вырашыў звязацца з беларускіх паэтам, каб распытаць яго пра новае выданне ды асабістае ўспрыманне авангарду, які, як высветлілі, з’яўляецца ўжо часткай беларускай традыцыі — а Віктар Сямашка лічыць сябе яго спадкаемцам.
«Выйсці ў новае поле магчымасцяў»
— Віктар, першае ўражанне ад вашай кнігі, што гэта не проста зборнік паэзіі, але сапраўдны арт-аб’ект. Праца з формай кнігі, з вёрсткай, шрыфтамі, усё адразу для мяне ў пэўным сэнсе зрыфмавалася са спадчынай УНОВІСа, узгадаўся той жа Эль Лісіцкі, які змяніў уяўленне пра тое, якой можа быць кніга. Чаму для вас было важна, адзначу, вашу не лёгкую, а канцэнтраваную па сэнсах і форме паэзію, прыпаднесці таксама і ў нязввыклай кніжнай форме?
— Вы дакладна заўважылі, і гэта таксама вельмі прыемна чуць, што, сапраўды, кніга задумвалася не проста як стос знітавай паперы, а менавіта як арт-аб’ект. Я хацеў да канца быць у гэтым сэнсе паслядоўным. І калі параўноваць з іншымі маімі кнігамі, то «Аўтар мае рацыю заўжды» атрымалася найбольш фармалісцкай: тут шмат працы не толькі над сэнсамі, зместам, але і над формай. Шмат эксперыментаў са словамі, кампаноўкай слоў, тыя ж паліндромы…
Скажам, у зборніку ёсць верш, складзены з трохлітарных словаў. Альбо верш, складзены з назваў нотаў. Альбо верш, складзены з цалкам германізмаў. І ў гэтым сэнсе, сам змест кнігі, само яе напаўненне было па духу эксперыментатарскім, у нейкім сэнсе футурыстычным, з адсылкай да творчай рэвалюцыі, якая адбылася ў другой палове 1910-х-1920-х. І для мяне вельмі важная ўся гэта повязь паміж момантамі творчых выбухаў, якія мы перажывалі ў ХХ стагоддзі, і які доўжыцца вось зараз, нягледзячы на ўсё, што суправаджае апошні творы выбух — як усё жывое закатваецца ў асфальт…
Ды тым не менш…
Такім чынам, пасля таго, як пабачыў сам змест, я падумаў, што і сама фізічная форма кнігі павінна быць адпаведнай, павінна парушаць нейкія звыклыя правілы, быць некішэннай, няправільнай… То-бок, каб кніга мела выцягнуты па гарызанталі макет, і каб вершы размяшчаліся не па адным на адну старонку, а калі разгарнуць, на гэтым развароце было па чатыры вершы… Усё гэта ўзнікла ў маёй галаве яшчэ дзесяць гадоў таму, і я рады, што ўсе мае ідэі нарэшце ўвасобіліся.
— Так, і назва вашай кнігі даволі нетрывіяльная — «Аўтар мае рацыю заўжды».
— Так, тут я нават парушыў нейкія ўласныя правілы, бо для мяне прыкметай густу з’яўляецца, калі твор называецца адным словам. Але я наўмысна склаў нават такую каструбаватую назву ажно з чатырох словаў «Аўтар мае рацыю заўжды». Тут, вядома, ёсць пэўная самаіронія, але ў той жа час і жаданне пераадолець свае ж прынцыпы і ўстаноўкі, каб выйсці ў новае поле магчымасцяў.
«Авангард таксама стаў традыцыяй, і я — спадкаемец гэтай традыцыі»
— Віктар, для мяне гэта вельмі цікава і натхняльна чуць, што для вас было істотным знайсці авангардную, наватарскую форму, каб апісаць тое, што з намі адбылося і адбываецца. Бо звычайна, калі мы кажам пра сучаснасць, нашы падзеі адлюстроўваюцца ў даволі найпрастой форме. Вы ж паспрабавалі знайсці свой шлях, каб схапіць ці перавынайсці час. Я бы назвала ваш зборнік у пэўным сэнсе мадэрнісцкім. Як вы да гэтага паставіцеся? Вас можна назваць мадэрністам?
— Гледзячы што ўкладаць у гэты сэнс. Калі сучаснасць, то ўсё, што зараз існуе — і датычна музыкі, і датычна літаратуры — гэта ўсё па-свойму нейкае сучаснае.
Таксама я не схільны залічаць сябе і да наватараў альбо парушальнікаў традыцый, таму што тое, што і ў беларускай літаратуры прынята лічыць за авангард, за вар’яцта, шызафрэнію ці нешта галюцынагеннае, — гэта насамрэч ужо традыцыя. Тыя ж футурысты, той жа белы верш, гэта ўсё даўняя традыцыя, толькі яна не засвойваецца чамусьці, і заўжды гэтыя перыяды культурных рэвалюцыяў у добрым сэнсе слова перамяжаюцца з перыядамі бясчасся і вяртання да класічных формаў, звыклых, таму і забываецца тое, што было перад імі.
У гэтым сэнсе вы таксама маглі заўважыць, што кніга пачынаецца з такога агульнага эпіграфа. Гэта Сімяoн Полацкі, ягоны верш — «Cancer» (гэта сінонім словам паліндром), які чытаецца як злева направа, так і справа налева — прысвячэнне Панне Марыі. І гэтым я таксама хацеў падкрэсліць тое, што авангард таксама стаў традыцыяй, і я — спадкаемец гэтай традыцыі.
— Дзякуй за адказ, але дадам, што мадэрнізм я тут выкарыстоўваю ў тым значэнні, што аўтар-мадэрніст асмеліваецца на стварэнне ўласнага свету, у адрозненне ад аўтара-постмадэрніста, які можа гуляць з ужо створанымі сэнсамі…
— Калі ў гэтым кантэксце, то я, канечне, больш мадэрніст, чым постмадэрніст. Многіх рысаў, уласцівых постмадэрнізму, у мяне зусім няма. Скажам, цытаванне, пераасэнсаванне таго, што было, кампілятыўнасць, несур’ёзна пра сур’ёзнае, але з сур’ёзным выглядам — гэта ўсё дакладна не пра мяне.
Але наконт падзеяў, што мы ўсе перажылі і пра якія вы казалі, тут яшчэ істотны момант, што вершы, якія ўвайшлі ў зборнік, былі напісаныя даволі даўно — у перыяд з 2009 па 2011 гады. Хаця, на шчасце ці на жаль, яны абсалютна не страцілі актуальнасці — для мяне яны выглядаюць свежымі і надзённымі. Тады ж, паўтаруся, з’явілася ў маёй галаве і падача гэтай кнігі, тады ж я дамовіўся з фатографам Аляксеем Навумчыкам, каб выкарыстаць фотаздымкі, што вы сёння можаце пабачыць у кнізе. Вось увесь гэты час — то-бок больш за дзесяць гадоў — гэта кніга была, але толькі ў маёй галаве, і вось цяпер я трымаю яе ў руках, і гэта неверагоднае адчуванне. Дагэтуль падаецца, што гэта ўсё адбываецца ў сне.
«Паспрабаваў гіпербалізаваць метафару метрапалітэна»
— Віктар, хочацца даведацца больш пра гэтыя цыклы вершаў. Выбачайце за прасцецкую фармуліроўку, але чым яны былі натхнёныя? Вершы былі напісаны ў 2010-х, але і ў гэты перыяд, нагадаю, было шмат грамадска-палітычных падзей — тая ж Плошча.
— Цэнтральны момант гэтай кнігі, «цвік праграмы», папулярна кажучы — гэта «Паэма М» — прысвячэнне мінскаму метрапалітэну. (З-за чаго гэта кніга так доўга не выдавалася). Паэма, мажліва, заняла найбольш часу для дапрацоўкі, хаця напісана была амаль што на адным дыханні. І калі казаць пра канкрэтную грамадска-палітычную падзею, якую ў гэтай кнізе можна знайсці, то гэта выбух у метро — станцыя Кастрычніцкая. То-бок вершы былі напісаныя ў верасні 2010 года — яшчэ перад Плошчай і выбухам ў метро, але ў паэме я паспрабаваў максімальна гіпербалізаваць метафару метрапалітэна наколькі гэта было мажліва. Так што, калі прывязваць да нейкіх падзей, то тут хутчэй гэта галоўнае.
— І хачу сказаць, што ў кнізе таксама паўстае горад — яшчэ адна тэма, якая праходзіць скрозь зборнік. Я бы пазначыла, што гэта горад, які нібыта пазнаеш праз сваё цела.
— То-бок анатамічнае ўспрыманне мегаполісу?
— Так.
— Мажліва. Цікавая заўвага.
Але аналізуючы сам сябе, ці спрабуючы, прынамсі, гэта рабіць, я заўважыў хутчэй супрацьстаянне горада і нягорада — ненатуральнага і натуральнага. І ў гэтым сэнсе, я зноў вяртаюся да вытокаў сучаснай беларускай паэзіі нават ХІХ стагоддзя. Там хутчэй было супрацьпастаўленне горада і вёскі: аўтары з вёскі крытыкавалі і не прымалі горад увогуле як з’яву, а ўжо ў 1920-х гадах, а пачынаючы з Максіма Багдановіча яшчэ раней — з 1910-х, можна заўважыць, што урбанізм усё ж такі пранік у беларускую паэзію. А ў маім выпадку атрымоўваецца, што акурат горад мной не надта ўспрымаецца як менавіта «помнік рукатворны», чалавечы, і я супрацьпаўстаўляю яго натуральнай прыродзе. Ужо не вёсцы, праўда, а прыроднаму асяроддзю, якое размешчана па-за горадам, на аддаленні ад яго.
— Мне ўвогуле тут бачыцца нейкі адыход ад антрапацэнтрычнасці.
— Для мяне істотна, што прырода — гэта менавіта не рукатворнае, створанае не намі, але само па сабе ёсць прыгожым.
— Калі мы закранулі тэму горада. На ваш погляд, Мінск 2010-х і Мінск 2020-х — горад моцна змяніўся за гэты час?
— За мінулагае дзесяцігоддзе, мяркую, істотна змяніўся. Шмат чаго няма, шмат што моцна змяніла яго выгляд. Калі пра архітэктурныя аб’екты, то можна згадаць той жа знесены Маскоўскі аўтавакзал, з якім у мяне шмат звязана. Менавіта адтуль я ездзіў на прыродныя ландшафты, якія апісваю ў кнізе — Лагойшчыну. Таксама наш цэнтральны праспект Незалежнасці значна пашкоджаны — той жа Кемпінскі і гэтак далей. Але, на жаль, у сваім родным горадзе я не быў ужо два з паловай гады.
Што датычна горада ў афармленні кнігі… Думаю, што вы ж зразумелі, што ўсе гэтыя фатаграфіі зроблены на розных станцыях метро? І на вокладцы таксама.
— На вокладцы, прызнацца, не пазнала.
— Фатограф Аляксей Навумчык зрабіў гэтыя фотаздымкі ў той жа час, калі я пісаў вершы. Мне спадабаўся гэты эфект: спачатку ты ўспрымаеш выяву як нейкую абстракцыю ў духу Марка Ротка — бачыш адно нейкія каляровыя лініі. А потым уключаешся, унікаеш і разумееш, што гэта не абстракцыя, а абсалютная рэальнасць, якая яна ёсць, — канкрэтная станцыя метро. І ў гэтым сэнсе гэты эфект можна параўнаць і з тым удзеяннем, што пакідаюць вершы ў кнізе: пры першым набліжэнні яны для кагосьці могуць падасца нават нейкім абсурдам, не звязанымі паміж сабой словамі, але пры прынікненні, трапленні ў рэзананс з тэкстам нешта раскрываецца ў вершах, і можна ўбачыць значна больш.
— Мне, здаецца, што тут вам дапамагае музыка, каб стварыць адметны свой рытм твора, вершаў.
— Мяркую, што нейкія кансерватыўныя эксперты ўсё ж такі скажуць, што акурат ніякага рытму тут няма. І рыфмы. Але, сапраўды, я прытрымліваюся, ці, дакладней, не прытрымліваюся таго, што называецца сілаба-тонікай у паэтаў. Для мяне ніяк не пасуе рабіць з верша нейкі зацыклены квадрат. Калі параўноваць з музыкай, мне важна, каб верш нагадваў фрыджазавае сола, і гэта не значыць, што ў ім не павінен быць рытм. Рытм таксама там ёсць, але не такі лінейны, не такі прамы. Ён можна мяняцца, запавольвацца, паскарацца, і збівацца, быць ламаным, але гэта таксама рытм. Свой.
Неўзабаве ў Беластоку і Варшаве адбудзецца прэзентацыя выдання Віктара Сямашкі.
Пакуль набыць кнігу «Аўтар мае рацыю заўжды» можна тут — праз каардынацыю з аўтарам.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.by у Telegram
Сообщить об опечатке
Текст, который будет отправлен нашим редакторам: