Міжнародны саюз беларускіх пісьменнікаў склаў спіс найлепшых беларускіх кніг за 2025 год

Культура
bellit.info

На сайце Міжнароднага саюза беларускіх пісьменнікаў bellit.info зявіўся спіс з найлепшых кніг, абраных з прозы, паэзіі, перакладаў, дзіцячай, навуковай і навукова-папулярнай літаратуры, а таксама з перавыданняў.

Сёлета пераднавагодняя традыцыя рэдакцыі змянілася, бо калі раней складаліся спісы са 100 кніг, то ў 2025-м адабралі 150 найлепшых кніг, выдадзеных альбо перавыдадзеных сёлета.

«Бо 2025 год быў багаты на кнігі, якія хацелася набыць і прачытаць», — піша рэдакцыя.

Спіс пачынаецца з паэзіі, дзе адзначылі стабільную працу берлінскага выдавецтва Дзмітрыя Строцава hochroth Minsk, кніга якога («Нічога нястрашнага» Сяргея Прылуцкага) атрымала сёлета найвышэшую паэтычную ўзнагароду, прэмію імя Наталлі Арсенневай. Пахвалілі выдавецтва «Янушкевіч», якое сёлета больш займалася паэзіяй, чым летась.

У 2025 годзе кнігі розных выдавецтваў выходзілі на беларускай (кірыліцай і лацінкай), расійскай мовах, па-заходнепалеску, а таксама ў выглядзе білінгваў. У спісе адмыслова варта адзначыць дзве новыя кнігі вершаў Юлі Цімафеевай, адна з якіх — артбук, суплёт паэзіі і калажу. Пасля доўгага перапынку, у тым ліку звязанага з турэмным зняволеннем, выйшла новая кніга ў Мікіты Найдзёнава. Нарэшце парушыў маўчанне і паэт-авангардыст Дзмітрый Дзмітрыеў. Як заўжды, празрыстая ў сваёй класічнасці новая кніга паэзіі Уладзіміра Някляева. Нямала ў 2025 годзе і добрых дэбютаў: Вікторыя Трыфанава, Лусінэ, Алесь Сьнег. Выйшла і тры анталогіі: доўгачаканая «Вільня ў беларускай паэзіі» (уклад. Сяргей Дубавец), класічная паэзія турмы і выгнання «Вершы на волю» (уклад. Ціхан Чарнякевіч) і зборнік сучасных аўтараў Беларусі «Круцель-трава».

Прозы і непрыдуманай літаратуры стала адчувальна больш. Адзначылі феномен ананімнай і псеўданімнай літаратуры, а таксама літаратурнай крытыкі, які за апошнія гады разросся і толькі павялічвае свае маштбы і аб’ёмы на кніжных паліцах. «Што з гэтым рабіць – няясна, застаецца прыняць як дадзенасць», — падсумоўвае рэдакцыя.

З паўдзясятка дэбютных кніг прозы, у тым ліку ў жанры рамана, дадаюць упэўненасці, што некалі ўсё ж адродзіцца прэмія «Дэбют», бо нарэшце ёсць з чаго выбіраць.

У сферы непрыдуманай літаратуры адзначылі дзве кнігі з Падляшша: новыя рэпартажы з пушчанскіх нетраў лаўрэаткі Прэміі Гедройця Ганны Кандрацюк і мемуары местачковага паштальёна «Мой лёс — Дубічы-Царкоўныя». На мяжы мастацкай літаратуры і нон-фікшн працуюць Адам Глобус з кнігай пра сёлетняга юбіляра Уладзіміра Караткевіча і Андрэй Горват з інфернальна-квэставай біяграфіяй нараўлянскага палацу Горватаў, варта згадаць таксама і біяграфію аднаго з найлепшых беларускіх паэтаў усіх часоў Алеся Гаруна аўтарства Алеся Пашкевіча, а таксама густоўныя кнігі аўта-аповеду на расейскай мове ад Паўла Анціпава і Таццяны Заміроўскай, а на беларускай — Макса Шчура.

У перакладной літаратуры не адзін год асноўным і найбольш вядомым выдаўцом перакладной літаратуры быў «Янушкевіч», але сёлета не менш актыўны ў гэтым плане і выдавец Раман Цымбераў, адно першы канцэнтруецца на правераных хітах, а другі мае густ у класіцы. Працай выдавецтва Цымберава і перакладчыка Лявона Баршчэўскага па стварэнні серыі бібліятэкі сусветнай літаратуры нельга не захапіцца.

Таксама адзначылі наяўнасць пяці (а калі лічыць у тамах, то шасці) кніг, перакладзеных з літоўскай мовы. Цяжка прыгадаць год, калі б выходзіла столькі літоўскіх аўтараў па-беларуску.

Спіс навуковых выданняў, якія хацелася б адзначыць, не самы вялікі, але многія кнігі ў ім — сур’ёзны плён шматгадовай працы даследчыкаў. Найгалоўнай з этнаграфічных кніг назвалі выданне Вольгі Лабачэўскай. У спісе — «Руіны Беларусі», падрыхтаваны архівам VEHA, «Кніга могілак» Наталлі Гардзіенкі і Лявона Юрэвіча, даследаванне «Вайсковыя могілкі ў Мінску. Зберагаючы памяць», выданне, прысвечанае экспедыцыі Вацлава Ластоўскага і іншыя.

Сярод дзіцячых кніг вылучылі серыі кніжак-кардонак для наймалодшых чытачоў, напрыклад, «Ветрачок», што запачаткавана ў выдавецтве Рамана Цымберава ў Менску; перакладныя і перавыданні ад «Папуры». І асабліва адзначылі кнігу Святланы Бень «Беспрацоўнае дрэва», своеасаблівы дэбют на беларускай мове і для аўтаркі, і для выдавецтва «Мяне няма» ў поўнаколернай дыхтоўнай паліграфіі.

Увесь спіс са 150 найлепшых кніг можна ўбачыць тут.

Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram

🔥 Поддержите Reform.news донатом!
REFORM.news (ранее REFORM.by)
Добавить комментарий

Внимание, премодерация. Если вы в Беларуси, не оставляйте комментарий без включенного VPN.

Последние новости