Музей «Лошыцкая сядзіба» запрашае ў сядзібны дом на тэматычныя экскурсіі з танцавальнымі майстар-класамі.
Установа прапануе дзве праграмы «Адзін дзень з жыцця Лошыцы ў XVI – XVII стст.» і «Адзін дзень з жыцця Лошыцы ў XVIII — сярэдзіне XIX стст.».
У першай з іх пазнаёмяць з асобай князя Друцкага-Горскага і іншымі прадстаўнікамі старажытнага беларускага княскага роду. Раскажуць, як яны бавілі час і чым займаліся ў сваім маёнтку.
Падчас экскурсіі правядуць майстар-клас па знаёмстве з культурай танца эпохі Адраджэння ў прадстаўнікоў вышэйшых слаёў сярэднявечнага грамадства, пачынаючы ад пранікнення народнага бранля (карагод) у арыстакратычны асяродак і яго наступнага развіцця ў паване (танец-шэсце), а ў XVII ст. – у прыдворны танец менуэт.
Першая згадка князёў Друцкіх-Горскіх у сувязі з Лошыцай датавана канцом ХVІ стагоддзя. Князь Рыгор Друцкі-Горскі атрымаў адзін з Лошыцкіх маёнткаў праз шлюб з князёўнай Тамілай Багданаўнай Заслаўскай. У 1597 годзе Лошыцу Гарнастаеўскую атрымаў у спадчыну князь Фёдар Друцкі-Горскі, яна была яго асноўным маёнткам. Пасля ёй валодалі нашчадкі князя Фёдара.
Аднак найбольшага росквіту Лошыца дасягнула за княскім родам Прушынскіх у XVIII—XIX стагоддзях, калі была фактычна пабудаваная наноў сядзіба, створаны шэраг гаспадарчых будынкаў.
Экскурсія «Адзін дзень з жыцця Лошыцы ў XVIII — сярэдзіне XIX стст.» раскажа пра Лошыцу Прушынскіх. Цягам экскурсіі наведвальнікі даведаюцца аб будаўніцтве новага дома на маляўнічым беразе Свіслачы, аб развіцці танцавальнай культуры ў XVIII – сярэдзіне XIX стст., аб бальных жаночых атрыбутах, аб таемнай мове дам і кавалераў.
Майстар-клас пазнаёміць з асноўнымі фігурамі і крокамі паланэза (танца-шэсця), які адкрываў бал, і папулярнымі кадры і полькай.
Расклад экскурсій на ліпень:
Экскурсія «Адзін дзень з жыцця Лошыцы ў XVI-XVII стст.»:
- 1 ліпеня (субота) — 12:00
- 15 ліпеня (субота) — 12:00
- 22 ліпеня (субота) — 12:00
Экскурсія «Адзін дзень з жыцця Лошыцы ў XVIII — сярэдзіне XIX стст.»:
- 2 ліпеня (нядзеля) — 13:30
- 16 ліпеня (нядзеля) — 13:30
- 23 ліпеня (нядзеля) — 13:30
Як запісацца на экскурсіі, можна паглядзець тут.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.by у Telegram
Сообщить об опечатке
Текст, который будет отправлен нашим редакторам: