У Мінску зачыняецца адзін з самых вядомых кінатэатраў — «Дом кіно».
Тэлеграм-канал «Свяшчэнны Белавуд» паведаміў, што апошні паказ адбыўся ў «Доме кіно» 30 красавіка. Пасля гэтага будынак перададуць у распараджэнне Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі (БРСМ). Ёсць інфармацыя, што ўсе супрацоўнікі, у тым ліку касіры і тэхнічны персанал, ужо звольненыя.
Новы ўладальнік пакуль не агучыў канкрэтных планаў, але дакладна вядома, што кіно тут больш паказваць не будуць.
«Месца, якое доўгі час было цэнтрам культурнага жыцця і кінапаказаў, перастае існаваць у звыклым выглядзе. Закрыццё «Дома кіно» многімі ўспрымаецца як страта часткі гісторыі і атмасферы Мінска», — пішуць у тэлеграм-канале «Свяшчэнны Белавуд».
«Дом кіно» адкрыўся ў 2005 годзе пасля рэканструкцыі сталічнага кінатэатра «Партызан» і з‘яўляўся муніцыпальнай уласнасцю ўнітарнага прадпрыемства «Кінавідэапракат» Мінскага гарадскога выканаўчага камітэта.
У кінатэатры праводзіўся шэраг кінапраектаў: «Канаманія» з лепшымі фільмамі Міжнароднага Канскага кінафестывалю; InterFilmWostok з падборкай розных праграм кароткаметражных работ з міжнароднага Берлінскага кінафестывалю; «Фэст новага нямецкага кіно» з найбольш яркімі нямецкімі стужкамі; «Акно ў Венецыю» з найбольш яркімі кінакарцінамі, прадстаўленымі на міжнародным Венецыянскім кінафестывалі. «Кінаарт па-беларуску» (сумесны праект з Беларускай дзяржаўнай акадэміяй мастацтваў) паказваў кароткаметражныя фільмы беларускіх аўтараў.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram