2 траўня адбудзецца пасяджэнне Эканамічнага суда Мінска на падставе пазову Мінінфармацыі ў дачыненні да выдавецтва «Зміцер Колас». Ведамства хоча спыніць дзеянне пасведчання аб дзяржаўнай рэгістрацыі выдавецтва, паведаміла Беларуская асацыяцыя журналістаў.
У анонсе працэсу на сайце Вярхоўнага суда прадмет спрэчкі агучаны так — «прызнанне несапраўднай дзяржаўнай рэгістрацыі суб’екта гаспадарання». Заяўнікам пазначана Міністэрства інфармацыі, адказнікам (зацікаўленай асобай) — Колас Дзмітрый Георгіеівіч. На працэс прызначаны суддзя Аляксей Русецкі.
Прычына, па якой ведамства хоча ліквідаваць вядомае выдавецтва, не пазначана. Але як сведчыць Беларуская асацыяцыя журналістаў, падставай для пазову стаў зборнік гістарычных дакументаў «Вызваленыя» i заняволеныя. Польска-беларускае памежжа 1939–1941 гг. у дакумэнтах беларускiх архiваў». Выданне было прызнана «экстрэмісцкім» паўгады таму.
Некаторы час таму Reform.by пісаў пра затрыманне беларускага перакладчыка і літаратуразнаўцы разам з друкаром выдавецтва Алегам Сычовым. Зміцер Колас правёў у СІЗА КДБ 10 содняў, і ў якасці адной з прычын яго затрымання, па крыніцах Reform.by, таксама фігуравала кніга дакументаў з дзяржархіваў пра рэпрэсіі. У выніку абвінавачанне выдаўцу так і не было прад’яўлена і ён выйшаў на волю 14 сакавіка.
Пасля Зміцер Колас паспяхова прыняў удзел у Мінскай кніжнай выставе-кірмашы, якая ладзілася з 22 па 26 сакавіка.
Выдавецтва «Зміцер Колас» вядомае ў Беларусі кнігамі сусветнай паэзіі, прозы, драматургіі ў найлепшых беларускіх перакладах. Шырокае прызнанне атрымала кніжная серыя выдавецтва «Паэты планеты». У цыкле выйшла 100 кніжак выбітных аўтараў свету — у прыватнасці, Г. Апалінэра, А. Міцкевіча, А. Э. Адынца, Б. І. Антоныча, Д. Паўлычкі, В. Сасюры, М. К. Сарбеўскага, У. Блэйка, Н. Ленау, Г. Гайнэ, Г. Гайма, А. Поцыу ды іншых паэтаў у перакладзе на беларускую мову ад знаных айчынных літаратараў і маладых перакладчыкаў. На пачатку года ў Мінскай абласной бібліятэцы імя А. С. Пушкіна прайшла імпрэза з нагоды 100 выпуска серыі.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.by у Telegram
Сообщить об опечатке
Текст, который будет отправлен нашим редакторам: