Красавік стаў для выдавецтваў месяцам паэтычным. А для аўтараў паэзія з’яўляецца сродкам задаваць нязручныя пытанні, у тым ліку (ці найперш) сабе. Асабліва парадавала дзіцячая літаратура – доўгачаканае «Беспрацоўнае Дрэва» ад Светы Бень і цудоўная серыя ад «Gutenberg Publisher».
Мастацкая літаратура
Алесь Аркуш «Чаму праўда такая слабая? / Dlaczego prawda jest tak słaba?»
«Чаму праўда такая слабая?» — двухмоўны паэтычны зборнік Алеся Аркуша. На польскую мову вершы беларускага аўтара пераклала Бэата Сівек.
Алесь Аркуш — аўтар больш дваццаці кнігаў паэзіі, прозы, эсэістыкі і тэкстаў рок-песень. Выдавец легендарнага самвыдатаўскага альманаху «Ксэракс Беларускі», якому на змену прыйшоў літаратурны альманах «Калосьсе». Стваральнік Таварыства Вольных Літаратараў і выдавецкай суполкі «Полацкае ляда».
Выдавецтва: Skaryna Press.
Набыць можна тут.
Андрэй Бурсаў «Сонм-Трава»
Кнігу склалі тэксты з папярэдніх зборнікаў, новыя вершы і тэксты, якія на працягу гадоў заставаліся раскіданыя па сеціве, вершы, напісаныя па-ангельску, і пераклады з розных моваў.
«Новая кніга Андрэя Бурсава атрымалася шакавальным, неапісальнай прыгажосьці зоркападам на даляглядзе беларускай літаратуры. Паэт, перакладнік, мастак і знаўца моваў ставіць пад сумнеў асновы і наркамаўкі, і тарашкевіцы, і прапануе ўласны мудрагелісты і эстэтычны правапіс, які лёгкім дотыкам чараўніка абуджае старабеларускую мову. Дзякуючы таленту паэта ў ХХІ стагодзьдзі працягваецца традыцыя «заразумнай мовы» неверагодныя моўныя і зьмястоўныя сузор’і якой мы знойдзем у тэкстах Льюіса Кэрала, Хвёдара Салагуба, Вацлава Ластоўскага, Веліміра Хлебнікава, паэтаў-футурыстаў і дадаістаў. Дадушы, нічога падобнага дасюль у беларускай літаратуры не зьяўлялася», — піша пра кнігу Уладзіслаў Гарбацкі.
Выдавецтва: Skaryna Press.
Набыць можна тут.
Зміцер Вішнёў. «Я – тое мяса, якое прыгатаваў Зміцер»
Гэта бязлітасная кніга пра страту і гвалт, і ў той жа час пяшчотная кніга пра каханне і сяброўства, пра радасць жыцця і мастацтва. Гэты раман — уцёкі ад бойні дыктатара і шлях да сябе.
Раман-лабірынт нагадвае адначасова падарожжа Дантэ ў пекла, плаванне Адысея дадому і камп’ютарную гульню-блукалку, у якой трэба адшукаць выйсце і выжыць. Сустрэчы з памерлымі сябрамі і вядомымі асобамі: Улдысам Бэрзіньшам і Алесем Родзіным, Андрэем Бітавым і Эдвардам Мункам, Янкам Брылём і Джэймсам Джойсам — шлях героя ў загадкавай капсуле часу будзе пакручастым, яму давядзецца сутыкнуцца з уласнымі страхамі і спазнаць самога сябе.
Выдавецтва Skaryna Press.
Набыць можна тут.
Уладзімір Дубоўка «На Беларусь малюся»
Зборнік выбраных вершаў культавага паэта 1920-х гадоў Уладзіміра Дубоўкі аздоблены малюнкам Язэпа Драздовіча «Свірская гара» (1924).
Творы Уладзіміра Дубоўкі, якія ўвайшлі ў зборнік, маюць свой эстэтычны код і выяўляюць няпросты — палемічны і сімвалічны — дыялог паэта са сваёй эпохай.
Выдавецтва «Беларусь»
Кнігу можна купіць у беларускіх кнігарнях.
Барыс Пятровіч «Цнота на потым»
У новую кнігу прозы Барыса Пятровіча ўвайшлі дзве аповесці і эсэ. Гэта захапляльнае падарожжа па пазнавальных краявідах Менска ды іншых гарадоў і мястэчак Беларусі, а таксама знаёмства з неардынарнымі асобамі, якія сталі героямі твораў.
У першай аповесці «наіўны дэтэктыў» расследуе таямнічую смерць бабулі-суседкі ў Менску, у другой — журналіст-спецкар распавядае пра свае амаль прыгоды падчас камандзіровак па Беларусі. Эсэ прысвечана падзеям першага постчарнобыльскага месяца на гомельскім Палессі.
Выдавецтва: фонд «Kamunikat.org»
Набыць можна тут.
Алесь Стружко «Камякі»
Зборнік вершаў Алеся Стружко складаецца з 50 вершаў. Аўтар называе іх «камякамі» і тлумачыць гэта тым, што кожны тэкст перад з’яўленнем «прайшоў цярністы шлях ад сэрца да горла».
«…Словы не хацелі бачыць гэты свет, але з натугаю ўпалі на паперу і загаварылі. І загаварылі моваю супярэчнаю, але неверагодна жывою і сапраўднаю», — тлумачыць Алесь Стружко і дадае, што нараджалася больш за год, змяшчае «камякі» аб цёплым болю і манахромным шчасці, аб вострых пакутах і мягкай радасці, аб непераадольнай цязе да жыцця і забітым стане глухой адзіноты.
Выдавецтва «Логвінаў».
Набыць можна тут.
Вікторыя Трыфанава «Замова ўрбаністычная»
Дэбютны зборнік вершаў маладой аўтаркі Вікторыі Трыфанавай — пра досвед станаўлення асобы ў крызісным часе.
Лірычная гераіня Вікторыі Трыфанавай знаходзіць сябе ва ўмовах маштабных зрухаў і зменаў у свеце. Метасюжэт кнігі ўтвараюць пошукі актуальных сэнсаў у вечных сюжэтах, у магічным гучанні старажытных замоў, у найноўшых трэндах мыслення і мастацтва і, вядома ж, у болю, надзеі, каханні, перажытых самой паэткай.
Кніга напісана на дзвюх мовах — беларускай і рускай — «як і ў жыцці».
Выдавецтвя «Янушкевіч».
Набыць можна тут.
Каміла Цень «Наступны прыпынак — смерць»
У зборнік увайшлі дзве аповесці: «Наступны прыпынак — смерць» і «Красная куртка». Прыгоды кантралёркі грамадскага транспарту Зінаіды Юр’еўны працягваюцца. Гэтым разам галоўныя месцы падзей — парк 50-годдзя Кастрычніка і інтэрнаты ля метро «Магілёўская» ў Менску.
Яшчэ больш загадак, з якімі можа даць рады толькі непаўторны дуэт Юр’еўны і Гаркавага. Не горш за Холмса і Уотсана.
Выдавецтва «Янушкевіч».
Набыць можна тут.
Дзіцячая літаратура
Серыя «Чытаю сабе сам»
Кожны выпуск серыі выдавецтва «Gutenberg Publisher» складаецца з трох кніг розных узроўняў складанасці: чытаем па словах, па сказах, па абзацах. Аднак ад звыклых чытанак пасля буквара яны розняцца самастойнасцю твораў: гэта не прымітыўныя гісторыі пра тое, як мама мыла раму, а сапраўдныя сюжэты з завязкай, кульмінацыяй і развязкай.
Кнігі маюць адмыловыя матыватары для маленькіх чытачоў, таксама ў выданнях улічаны той факт, што дзецям эмігрантаў няпроста пачаць чытаць кірыліцай. У першых кніжках расстаўленыя націскі і расфарбаваныя склады.
На адваротным баку вокладкі бацькі знойдуць методыку, як зрабіць так, каб дзіця «расчыталася», а таксама табліцу, якая з гэтым дапаможа. Такую табліцу можна таксама спампаваць на qr-кодзе і надрукаваць, каб павесіць на лядоўню.
Алена Зарніцкая «Сябры ў двары»
У кнізе простыя сказы (1-2 на старонку) і займальны сюжэт пра жыццё двара, які жыў дружна, пакуль аднойчы пацук не надумаў скрасці малое мышаня. Разам сябры адбіліся ад нахабы, а ўрэшце і перавыхавалі пацука.
Набыць можна тут.
Андрэй Скурко «Заяц і Мядзведзь едуць да бабулі»
У гэтай кнізе толькі самыя доўгія і складаныя словы падзелены колерам на склады. Некалькі сказаў на старонцы. Сюжэт апавядае, як сябры Заяц і Мядзведзь віншуюць бабулю з Днём нараджэння, а таксама выбіраюць новы аўтамабіль.
Набыць можна тут.
Аляксандр Ждановіч «Казкі гарадскога парку»
На трэцім этапе мяркуецца, што дзіця можа самастойна прачытаць цэлую старонку тэксту.
У кнізе дзве гарадскія гісторыі. Першая пра прывіда, што жыве ў гарадскім люку і палохае мінакоў. Дзяўчынка разгадвае яго таямніцу. Другая пра насельнікаў парку, якія аднойчы губляюць добрага сябра і трапляюць у кепскую кампанію. Урэшце ўсё стае на свае месцы.
Выдавецтва «Gutenberg Publisher».
Набыць можна тут.
Света Бень і Ліна Хесэ «Беспрацоўнае дрэва»
Гісторыя «Беспрацоўнага дрэва» спачатку з‘явілася ў перасоўным тэатры «Картонка», заснаваным Светай Бень. Тэатральнае мінулае пакінула адбітак на кнізе, якая стваралася на аснове спектакля і вельмі моцна базуецца на вобразах і карцінках.
Кніга распавядае пра дрэва, якое вымушана пакінуць парк, дзе ўсё сваё жыццё працавала… дрэвам. Яго чакае дарога, напоўненая прыгодамі, часам цудоўнымі, часам небяспечнымі, а часам і зусім нечаканымі.
Гэта гісторыя пра тое, што кожны можа дапамагаць іншым, знайсці сяброў і сваю вартую справу. Нават калі ты пазбаўлены дому і звыклага ладу жыцця.
Выдавецтва «Мяне няма».
Набыць можна тут.
Пераклады дзіцячай літаратуры
Сюзана Ізерн «Ідэальны момант»
Кніга вядомай іспанскай пісьменніцы і псіхолага Сюзаны Ізерн і выдатнага мастака Марка Сама поўная сюрпрызаў і любові. Прыгожая, мудрая і кранальная гісторыя пра сяброўства, бескарыснасць і ўдзячнасць.
У Вавёркі зусім няма часу. З самай раніцы яна атрымала важны ліст і мусіць як мага хутчэй рушыць у дарогу. Аднак дайсці туды, куды трэба, аказваецца не так проста. У лесе яна сустракае шмат сяброў, якія просяць дапамогі: Аленя, Чарапаху, Мядзведзя, Вожыка… Што ж рабіць? Хоць Вавёрка вельмі спяшаецца, яна нікога не кідае ў бядзе.
Да месца прызначэння яна дабіраецца толькі вечарам і згадвае, што забылася пра самае важнае — падарунак! На шчасце, сябры паклапаціліся пра Вавёрку і цэлы дзень патаемна клалі ёй у заплечнік розныя падаруначкі. Але ж да каго так спяшалася гераіня? Гэта ўжо прачытайце самі!
Пераклад Дар’і Вашкевіч.
Выдавецтва «Папуры».
Набыць можна тут.
Пераклады
«Энэіда». Другі том
У выдавецтве Рамана Цымберава выйшаў другі том эпічнай паэмы Вергілія «Энэіда» ў перакладзе з лацінскай мовы Лявона Баршчэўскага.
Заключныя шэсць кніг паэмы «Энэіда», змешчаныя ў гэтым томе, з’яўляюцца ўзорам гераічнага эпасу: на першы план тут выходзяць сцэны крывавай вайны паміж правадыром лацінцаў-рутулаў Турнам і траянцам боскага паходжання Энэем, які са сваімі людзьмі прыбыў на італійскія землі, каб знайсці сабе новую радзіму.
Кніга змяшчае багаты спіс крыніц, даступных анлайн, якія дапамогуць чытачу заглыбіцца ў гэты класічны твор.
Выдавецтва Рамана Цымберава
Набыць можна тут.
Валерый Брусаў «Выбраныя вершы»
У серыі «Паэты планеты», якую цяпер выдае Раман Цымбераў, выйшла новае выданне — выбраныя вершы Валерыя Брусава.
Валерый Брусаў (1873—1924) — расійскі паэт, які належаў да пакалення «старэйшых сімвалістаў», творы якога да 1918 году вызначаюцца пэўнымі дэкадэнцкімі настроямі і пазбаўленыя імкнення да палітычнай, рэлігійнай, філасофскай барацьбы.
У жніўні 1914 году ў Вільні пазнаёміўся з Янкам Купалам, у выніку чаго стаў адным з першых перакладчыкаў яго паэзіі на расійскую мову.
Пераклад Георгія Ліхтаровіча.
Выдавецтва Рамана Цымберава.
Набыць можна тут.
Анры Бэргсон «Смех. Эсэ пра значэнне камічнага»
Твор філосафа Анры Брэгсона выйшаў у серыі «Галерэя чалавечай думкі».
Анры Бэргсон (1859–1941) — адзін з найбуйнейшых філосафаў XX стагоддзя, прадстаўнік інтуітывізму і філасофіі жыцця, сябар Французскай акадэміі, лаўрэат Нобелеўскай прэміі па літаратуры (1927). Прапанаванае ў гэтай кнізе эсэ, упершыню апублікаванае ў 1900 годзе, даследуе прыроду камедыі, смеху і камічнага ў чалавечым жыцці, гэта глыбокі і ўдумлівы аналіз таго, што прымушае людзей смяяцца і чаму гумар ёсць важным аспектам чалавечага існавання.
Пераклад Змітра Коласа.
Выдавецтва Рамана Цымберава.
Набыць можна тут.
Бэла Шагал «Запаленыя свечкі»
Успаміны Бэлы Шагал (у дзявоцтве Розэнфэльд) складаюцца з дзвюх частак — «Запаленыя свечкі» (1945) і «Першая сустрэча» (1947). Абедзве былі напісаныя на ідышы і выйшлі толькі пасля смерці аўтаркі. Кніга эмацыйна і вобразна расказвае пра дзяцінства Бэлы, яе знаёмства з Маркам Шагалам і адкрывае чытачу жыццё Віцебска канца ХІХ — пачатку ХХ стагоддзя, горада з багатай габрэйскай культурай.
Арыгінальнае выданне ілюстраваў Марк Шагал. Выдавецтву ўдалося набыць ліцэнзію на гэтыя графічныя ілюстрацыі.
З ідышу пераклаў Ігар Крэбс.
Выдавецтва «Пфляўмбаўм»
Набыць можна тут.
Гагар Янай «Скрадальнік лекаў»
У фэнтэзійны раман Гагар Янай апавядаецца пра Элю і Ёнатана, звычайных ізраільскіх школьнікаў, якія трапляюць у залюстроўе, у паралельную з нашым сусветам цывілізацыю Вавілонскай імперыі, дзе, суладна пераплятаючыся, уладараць магія і навуковыя тэхналогіі. Падлеткі павінны вырваць бацьку з цэпкіх лап злачынных падарожнікаў між сусветамі і іх фармакалагічнага кодла, а таксама выцягнуць маму з бяздоннай прорвы душэўнай хваробы.
У Вавілоніі герояў падпільноўваюць цмокі-кракадзілы, утрапёныя служкі змрочных культаў, небяспечныя паўстанцы, зухаватыя кантрабандысты, а самі героі паспытаюць здраду, расчараванне, сяброўства і каханне.
Створаны аўтаркай сусвет шмат у чым грунтуецца на міфалогіі і культурных кодах цывілізацый Старажытнага Усходу: сумерскай, акада-вавілонскай і ханаанскай. Гэта першая кніга з серыі «Левіятан з Вавілоніі».
Перакладчык Павел Касцюкевіч.
Выдавецтва «Логвінаў»
Набыць можна тут.
Нон-фікшн
Алесь Пашкевіч «Цясляр волі. Кніга пра Алеся Гаруна»
Кніга пісьменніка і літаратуразнаўцы прысвечаная жыццёваму і творчаму шляху класіка нацыянальнай літаратуры, аднаму з першых беларускіх рэвалюцыянераў і адраджэнцаў ХХ стагоддзя Алесю Гаруну (Аляксандру Прушынскаму).
У грунтоўным навукова-папулярным выданні ўпершыню ўдакладняюцца многія факты жыцця пісьменніка — ад яго месца нараджэння і мясцін маленства да іркуцкай высылкі і гадоў станаўлення беларускай незалежнасці. Чытач зможа прайсці за аўтарам па дакументальна асветленых дарогах творцы і грамадскага дзеяча: мясцінамі яго бацькоў, сцежкамі маленства, даўнімі радаводнымі скрыжаваннямі, ссыльнымі сібірскімі этапамі, а таксама спрычыніцца да спасціжэння крыніц творчасці ды вытокаў грамадска-палітычнай дзейнасці.
Кніга багата праілюстраваная фотаматэрыяламі.
Выдавец Раман Цымбераў
Набыць можна тут.
Алесь Пашкевіч «І Я сказаў табе: «Жыві»! Дарогамі паэта Адама Свентаржэцкага»
«І Я сказаў табе: «Жыві» — гэта нарыс і па сутнасці першая праца пра яркую і да нашых дзён невядомую асобу, літаратара, дзеяча вызваленча-нацыянальнага руху Адама Тамашавіча Свентаржэцкага.
Не ўсё з напісанага Адамам Свентаржэцкім, народжанага на Ігуменшчыне, дайшло да нас. Вершы, якім лёсіла захавацца, заставаліся ў архіўных рукапісах; аніводнай публікацыі яго тэкстаў — ні ў газетах, ні ў асобных зборніках — раней не з’яўлялася. Як дасюль не было згадак пра паэта і паўстанца ў якіх-кольвек энцыклапедыях ці літаратуразнаўчых публікацыях.
Алесь Пашкевіч — аўтар дылогіі «Пляц Волі» і дакументальна-мастацкіх выданняў пра Уладзіміра Дубоўку, Каруся Каганца, Вацлава Ластоўскага, Кастуся Езавітава, Алеся Гаруна і іншых знакамітых постацяў Беларусі.
Набыць можна тут.
«Гістарычна-этымалагічны слоўнік іншамоўнай лексікі ў старабеларускай мове»
Складальнік слоўніка – доктар філалагічных навук Аляксандр Булыка з Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа. У выданні 1078 старонак. Гістарычна-этымалагічны слоўнік змяшчае лексіку, запазычаную старабеларускай літаратурна-пісьмовай мовай з іншых моў або ўжываную пад іншамоўным уплывам.
На базе фактычнага матэрыялу і этымалагічных меркаванняў разгледжана семантычная структура і крыніца паходжання і пранікнення кожнай лексемы, вызначана яе словаўтваральная актыўнасць на беларускай глебе.
Прыведзены час першай пісьмовай фіксацыі кожнай іншаземнай лексічнай адзінкі і яе тагачасныя мясцовыя адпаведнікі.
Кнігу можна купіць у беларускіх кнігарнях.