Практычна ўсе, хто сачылі за расійскай рэлігійнай дэлегацыяй у Менску, адзначылі мізерную колькасць людзей, якія захацелі ўбачыць маскоўскага патрыярха. Пару соцень супраць некалькіх тысяч беларусаў, якія нядаўна ездзілі ў Вільню на сустрэчу з Папам.
Па шчырасці, і пара тысяч — мала для краіны з сотнямі тысяч каталікоў. А для некалькіх мільёнаў праваслаўных пара соцень — проста правал.
Ну як правал. Калі разглядаць палітычна. А так сітуацыя сведчыць пра тое, што рэлігія ў Беларусі справа сямейная, інтымная.
Таму калі я чытаю воплі кшталту «РПЦ нас захопіць!», я ўсміхаюся. У Беларусі Крэмль праз сваіх калег у Патрыярхаце мала на каго можа паўплываць.
Дэ-факта Маскоўскі патрыярхат увёў такія самыя самасанкцыі, як Крэмаль эканамічныя. Як і ў выпадку з «беларускімі крэветкамі», цяпер беларускім уладам варта падумаць як манетызаваць новую сытуацыю. Лепш за ўсё адкрыць у Беларусі прыход Канстантынопальскага патрыярхату і зрабіць Менск чарговай «перамоўнай пляцоўкай». Ну не магніцікі ж як бы з Афона прадаваць тоннамі ў Расію.
Рэлігійнасць беларусаў настолькі слабая, што мала хто зразумеў, што Канстантынопальскі патрыярхат падзвігнуў Расію на самой сабе вушы адмарозіць — ліквідаваць важную «скрэпу» як бы галоўнаправаслаўнасці, старэйшасці для ўкраінцаў, а заадно беларусаў. «А кароль та голы!».
Што беларусам рабіць у абмаляванай сітуацыі? Займацца сваімі справамі і чакаць, пакуль па рацэ праплывуць асколкі Расійскай імперыі. Тады зажывем.
***
Меркаванне аўтара можа не супадаць з меркаваннем рэдакцыі.
***
Спадабаўся матэрыял? Паспей абмеркаваць яго ў каментах пабліка RFRM на Facebook, пакуль усе нашыя там. Далучайся да самай актыўнай суполкі рэфарматараў у Беларусі і запрашай сяброў!