«Меў пакліканне ратаваць людзей»: сёння дзень нараджэння Пшэмыслава Расевіча-Кучынскага – паляка беларускага паходжання, які загінуў ва Украіне

Культура
Пшэмыслаў «Кордзіян» Расевіч-Кучынскі. Фота: «Вісник»

2 траўня — дзень нараджэння ў Пшэмыслава Расевіча-Кучынскага — ваяра Палка Каліноўскага, які загінуў ва Украіне 6 жніўня 2024 года і завяшчаў пахаваць яго ў Львове.

Пшэмыслаў Расевіч-Кучынскі нарадзіўся ў 1988 годзе, атрымаў адукацыю і вырас у Гдыні. Вядомы сваёй грамадскай дзейнасцю і валанцёрствам. У верасні 2022 года пайшоў у полк Кастуся Каліноўскага добраахвотнікам.

Журналістка і валанцёрка са Львова Аліна Рудзіна паразмаўляла з яго маці, нарачонай і з людзьмі з Беларусі, якія яго памятаюць. У 2018−2019 гадах Пшэмыслаў жыў у Гродне, валанцёрыў у адной з грамадскіх арганізацый. Дапамагаў весці заняткі па польскай мове, ладзіць іншыя імпрэзы. Таксама ён праводзіў бясплатныя экскурсіі па горадзе на польскай і англійскай мовах — Free walking tour.

Мы друкуем тэкст Аліны Рудзінай, які ў дзень яго нараджэння адначасова выйшаў у газеце «Вісник» — самвыдаце беларусаў Украіны.

«Меў пакліканне ратаваць людзей»: сёння дзень нараджэння Пшэмыслава Расевіча-Кучынскага – паляка беларускага паходжання, які загінуў ва Украіне
Пшэмыслаў «Кордзіян» Расевіч-Кучынскі. Фота: «Вісник»

«Кордзіян»: герой трох краін

Гэты тэкст падрыхтаваны да дня нараджэння Пшэмыслава «Кордзіяна» Расевіча-Кучынскага, грамадзяніна Польшчы беларускага паходжання, ваяра Палка Каліноўскага.

Мы пахавалі яго ў Львове 14 жніўня 2024 года. На пахаванні былі ягоныя бацькі, прадстаўнікі польскай дыпламатыі, ягоныя пабрацімы і мы, амаль усе беларусы з тых, хто застаўся ў Львове. І так сталася, што ўжо пасля сваёй гібелі Пшэмэк стаў для нас сваім, і нам захацелася і самім больш дазнацца пра яго, і распавесці пра яго іншым.

З афіцыйнага паведамлення ад Палка пра яго было вядома няшмат: «Ён меў беларускія карані, таму невыпадкова абраў на пачатку сваёй службы ва Украіне Полк Каліноўскага. Валодаў беларускай мовай і цікавіўся нашай гісторыяй і культурай, лічыў Беларусь сваёй другой бацькаўшчынай.

Кордзіян паспеў прайсці немалы баявы шлях і ўсяляк намагаўся дапамагаць беларускім добраахвотнікам ва Украіне».

Было вядома, што яму было 36 гадоў. Што ён браў удзел у баях за ўкраінскія гарады Бахмут, Арэхаў, Харкаў і Часаў Яр. І што завяшчаў пахаваць яго ў Львове.

Потым аказалася, што Пшэмэк быў знаёмы з некаторымі маімі калегамі са сферы медыя і НДА, асабліва з гарадзенскімі. Я запытала пра яго, і адна мая гарадзенская каляжанка даслала свае ўспаміны пра Пшэмыслава з таго, іншага нашага жыцця.

«Мы пазнаёміліся з Пшэмэкам у 2019 годзе, калі ён прыехаў у Гародню па праграме абмену валанцёраў. Тады ў Гародні быў пік бязвізавага турызму, горад бурліў, натоўпы турыстаў з Еўропы запаланілі вуліцы, кавярні, крамы. Ды і сам горад здаваўся такім еўрапейскім, свабодным, нейкім асабліва сонечным і жывым. Нягледзячы на дыктатуру, канешне. Тэма турызму і бязвізу была цікавая і журналістам, і чытачам. Калі нехта са знаёмых распавёў пра паляка з Гдыні, які праводзіць бясплатныя экскурсіі — Free walking tour — у Гародні, мы вырашылі пра яго напісаць. Уяўляла, што ў цэнтры горада сустрэну такога «батана» ў акулярах, маўляў, ну хто яшчэ паедзе ў Беларусь нешта рабіць бясплатна?

Але каля замка сустрэла брутальнага мужчыну з мяккай усмешкай. Адразу падалося, што і ён сам вельмі мяккі і чулы, нягледзячы на знешні выгляд. Не ведаю, ці правільнымі былі мае адчуванні, але Пшэмэк запомніўся менавіта такім. А яшчэ трохі разгубленым. Бо тады, калі мы з ім сустракаліся, на яго бясплатную экскурсію ніхто так і не прыйшоў. Мы разам з ім некаторы час чакалі ахвочых, ён з надзеяй узіраўся ў натоўп, мы падбадзёрвалі яго, нешта казалі такое смешнае, каб разрадзіць абстаноўку, імкнуліся жартаваць і проста балакалі пра нешта нязначнае. І ўсё чакалі. Але ніхто так не зацікавіўся яго экскурсіямі, на жаль. Турысты са сваімі гідамі праходзілі міма нас.

І хоць ён запэўніваў, што адсутнасць слухачоў ніяк не паўплывала на яго рашучасць рабіць і надалей бясплатныя экскурсіі ў нашым горадзе, было бачна, што ўсё ж яго гэта засмуціла, але віду ён не падаваў, прынамсі, думаў, што яго перажыванні нябачныя.

Потым мы доўга гулялі па горадзе. Ён распавядаў пра Гданьск, куды кожны год прыязджае вялікая колькасць турыстаў, і што ў Гародні таксама ёсць вялікі патэнцыял. Ён апантана верыў у гэта і хацеў, каб у нас усё неяк заварушылася.

Ну і, канешне, кожны тыдзень выходзіў у цэнтр з прапановай бясплатных экскурсій. Не ведаю, ці сталі ўрэшце прыходзіць людзі. На жаль, не адсочвала гэты момант. Памятаю, што ў яго былі вялікія планы (ну, гэта на той час, калі яшчэ не надышоў 2020 год, і калі пра вайну нават ніхто і падумаць не мог) – ён хацеў, каб пасля таго, як ён паедзе з беларускага горада, тут засталіся такія ж адмыслоўцы, і справа яго жыла б і надалей. І сапраўды былі гарадзенцы, якія таксама хацелі развіваць у нас Free walking tour.

Мне тады стала так шкада, што ў Гародню Пшэмэк прыехаў ненадоўга, бо калі б у нашым горадзе стала жыў такі чалавек, то ён бы мог быць рухавіком, які б раскачваў вакол сябе ўсё і рухаўся б далей, робячы нешта цікавае і карыснае. Але Пшэмэк заставацца надоўга не планаваў. Здаецца, у яго планах было потым ехаць у Брэст. Мы сустрэліся яшчэ некалькі разоў у горадзе, у агульных кампаніях. А потым… Я не адразу звязала таго трохі наіўнага маладога чалавека з Польшчы з воінам, які загінуў на вайне, але калі паглядзела на фота, адразу ўспомніла той сонечны дзень у самым цэнтры каля Старога замка, нейкае адчуванне адлігі, лёгкага, амаль незаўважнага, ветрыка перамен, жывую і пульсуючую Гародню. Здзівілася, прыпынілася на фота ў стужцы навін, прайшла міма, вярнулася і ўспомніла Пшэмэка. І так шкада, што зараз ужо няма ні яго, ні шматлікіх нас у Гародні, ні тых натоўпаў еўрапейскіх турыстаў…»

«Меў пакліканне ратаваць людзей»: сёння дзень нараджэння Пшэмыслава Расевіча-Кучынскага – паляка беларускага паходжання, які загінуў ва Украіне
Рыштунак, які Пшэмек купіў у камплекце і даставіў ва Украіну. Фота: «Вісник»

Лёс Пшэмыслава быў звязаны з Гародняй і Пінскам. Вось што рассказала ягоная маці, пані Малгажата, пра сына і пра тое, чаму ён прыняў рашэнне ваяваць: «Я думаю, што ён (Пшэмэк) не мог змірыцца з тым, што адбываецца ў Беларусі, што гэта не ў далёкай краіне, на іншым канцы свету, а ў Еўропе, у краіне, якая мяжуе з Польшчай. Ён быў вельмі чулы да пакут людзей і жывых істот. Ён не бачыў іншага шляху, як быць карысным і патрэбным у сваіх дзеяннях для іншых.

Пабрацімы з Палка сказалі, што ён быў вельмі добрым сябрам, што на яго можна было разлічваць. У 2018 годзе ён быў у Гародне па запрашэнні грамадскага аб’яднання «Інфармацыйны цэнтр падтрымкі грамадскіх ініцыятыў «Трэці сектар» у складзе Еўрапейскага корпуса салідарнасці.

Я ведаю, што ён мог выбраць любую краіну, а ён выбраў Беларусь, гэта з-за сваіх каранёў. Ягоны прадзед па бацьку жыў у Пінску, застаўся там пасля вайны, пасля 1945 года, а жонка з дзецьмі ўцякла ў Польшчу, змяніла прозвішча, баялася рускіх. Наколькі я ведаю, ягоны прадзед адседзеў 8 гадоў у лагеры ў Варкуце. Пшэмек вярнуўся да свайго прозвішча Расевіч, пабываў у Пінску, адчуў сябе там як дома, пазней казаў, што Беларусь — яго Радзіма.

Я знайшла захаваны ў тэлефоне ліст да Ціханоўскай, ён пісаў ёй пра змену грамадзянства, але не ведаю, ці дасылаў. Пасля фальсіфікацыі выбараў у Беларусі ў 2020 годзе і паведамленняў пра арышты сяброў ён вельмі перажываў праз гэта. Калі ва Украіне пачалася вайна, ён пачаў працаваць у Цэнтры гуманітарнай дапамогі «Мы з вамі», а пасля ўступіў у полк Каліноўскага. Раней ён арганізоўваў розныя кампаніі дапамогі, напрыклад, для дзяцей, дапамогі Кашубіі пасля буры, якая разбурыла дамы ў 2017 годзе, ён быў вельмі засяроджаны на людзях, на дапамозе».

«Меў пакліканне ратаваць людзей»: сёння дзень нараджэння Пшэмыслава Расевіча-Кучынскага – паляка беларускага паходжання, які загінуў ва Украіне
З мамай падчас вандроўкі па Гельскім паўвостраве ў Польшчы. Фота: «Вісник»

Пра Пшэмэка распавяла і Аня, ягоная нарачоная:

«Пшэмек меў пакліканне ратаваць людзей. Што б ён ні рабіў, ён заўсёды быў вельмі ўважны на тое, ці каму патрэбна дапамога. Ён быў спакойны, але ў той жа час дзейнічаў на вялікай хуткасці, каб нічога не ўпусціць, паклапаціцца пра ўсё, пра што можна. Будучы спакойным, ён заўсёды рэагаваў вельмі хутка і аператыўна. На фронце вяртаўся за кожным, суправаджаў цывільных, якія адмаўляліся эвакуявацца, ніколі не пакідаў людзей, быў з імі да канца, бывала, што пажылыя хворыя людзі сыходзілі ў яго на руках. У звычайных паўсядзённых сітуацыях Пшэмек быў проста клапатлівым, вельмі неканфліктным і цярплівым».

«Меў пакліканне ратаваць людзей»: сёння дзень нараджэння Пшэмыслава Расевіча-Кучынскага – паляка беларускага паходжання, які загінуў ва Украіне
Марсава поле ў Львове. Фота: «Вісник»

Марсава поле ў Львове расце штодзень. Магіла Пшэмэка цяпер – як кропка адліку. Праз тры тыдні ад дня пахавання Пшэмэка на адной лініі з ім быў пахаваны і мой каханы чалавек, воін УСУ. Так сталася: мы з Пшэмэкам не былі знаёмы, але пасля яго загібелі лёс звязаў нас такім чынам. Калі наведваю свайго нарачонага, праходзячы міма магілы Пшэмыслава, абавязкова кажу «Прывіт, Пшэмэк!», а сыходзячы – «Бывай, Пшэмэк». Над ягонай магілай усталяваны тры сцягі: польскі, украінскі і беларускі з «Пагоняй». Непасрэдна на магіле белымі і чырвонымі каменьчыкамі выкладзены польскі і беларускі сцягі. Там заўжды гараць знічы.

Наведванне месцаў пахавання ваяроў ужо стала маёй руцінай і руцінай маіх сяброў. Мы прыходзілі сюды і на Дзень волі 25 сакавіка. Магіла Пшэмэка ў першым шэрагу, наш сцяг лунае на ветры і добра бачны здалёк.

Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram

🔥 Поддержите Reform.news донатом!
REFORM.news (ранее REFORM.by)
Добавить комментарий

Внимание, премодерация. Если вы в Беларуси, не оставляйте комментарий без включенного VPN.

Последние новости