У Музеі Вольнай Беларусі адкрылася выстава жывапісу Антона Радзівонава пад назвай «Доўгае падарожжа».
Гэта не першая выстава творцы ў гэтай прасторы, у 2022 годзе ён паказваў праект пад казачнай назвай «Птушкі з народам» — творы, што выразна асацыяваліся з пратэснай тэматыкай. Гэтая серыя ёсць і ў гэтай экспазіцыі, аднак назва выставы — «Доўгае падарожжа» — сведчыць пра новы этап на творчым і жыццёвым шляху Антона Радзівонава.
Пагаварылі з аўтарам пра тое, як жывецца мастаку-эмігранту ў польскай сталіцы.
— Чарговая выстава ў Музеі Вольнай Беларусі — гэта падсумаванне нейкага этапу вашага творчага развіцця ці проста звычайны паказ твораў?
— Мастак не павінен працаваць у стол, творы трэба паказваць. Гэта мая чацвёртая выстава ў Варшаве. Першая прайшла ў Музеі Вольнай Беларусі, тады частку палотнаў мне ўдалося вывезці з Беларусі, а частка была раздрукаваная на палатне. На гэтай выставе я паказваю ўжо арыгінальныя працы, якія стварыў у Польшчы.
— Астатнія тры выставы адбываліся ў беларускай прасторы?
— Першая, так, у музеі. Другая выстава была ў польскай інстытуцыі. А трэцяя — у польскай галерэі. Я прыйшоў туды сам з прапановай зладзіць экспазіцыю, мне паведамілі, колькі гэта каштуе, і я адмовіўся. Потым яны паглядзелі мае творы і зрабілі выставу без аплаты.
— Распішыце, на што ідуць грошы пры арганізацыі выставы?
— Давесці працы, развесіць іх, добра было б яшчэ куратару заплаціць, які дапамагаў развешваць творы. Іншая сяброўка пісала канцэпцыю. За тыдзень падрыхтаваў выставу.
— За тыдзень рэальна падрыхтаваць выставу?
— Канешне, былі б працы. Ёсць мастакі, якія твораць, калі ёсць замовы і грошы, а ёсць як я, што працуюць заўсёды. Я зарабляю грошы ў ІТ-кампаніі, а творчасцю займаюся вечарамі.
— Маеце майстэрню ў Варшаве?
— Не, няма магчымасці здымаць майстэрню, працую ў кватэры, таму не магу рабіць творы вялікага памеру. Плачу за кватэру і падатак, таму на майстэрню, на якую патрэбна як мінімум тысячу злотых, ужо не застаецца сродкаў.
Калі сюды прыехаў, то працаваў па маёй спецыяльнасці — рэстаўратарам. Паўгады пад Уроцлавам рэстаўраваў палац, а пасля — помнікі на варшаўскіх могілках. Зімой ставіў намёт з газавай гарэлкай унутры, каб не змерзнуць.
— Цяпер у вас добрая сітуацыя для мастака — маляваць для ІТ-кампаніі…
— Ідэальная сітуацыя для мастака, калі ў цябе ёсць майстэрня і ты прадаеш свае творы. Я супрацоўнічаю з адной польскай галерысткай, але цяпер больш скіраваны на міжнародны ўзровень. Восенню ў мяне будзе выстава ў Італіі. Да галерэй таксама прывязвацца нельга, цяпер ёсць інтэрнэт і сацсеткі. Там я магу паказаць свае творы, які можа ўбачыць чалавек у Нігерыі, ЗША ці Францыі.
Мастаку важна ні ад каго не залежаць.
— Але калі вы працуеце з галерэяй, няма там такой умовы, што нельга яшчэ некаму прадаваць свае творы?
— Я з той галерэяй не падпісваў ніякіх дамоваў. Таму я шмат з кім магу працаваць, няма такой забароны.
— Яшчэ вы робіце майкі…
— Так, гэта мерч называецца. Цішоткі і байкі з уласнымі малюнкамі. Друкую ў польскай фірме, іду да іх з выявай сваёй карціны. Аднак спачатку раблю для сябе, выкладаю свой фотаздымак у байцы са сваім малюнкам у сацсеткі. Ці па вуліцы ідзеш у ёй, а цябе пытаюць, дзе ўзяў. Так з’яўляюцца замовы.
— Добра, давайце вернемся ад цяжкага эмігранцкага жыцця да творчасці. Па спецыяльнасці вы — рэстаўратар?
— Так, я закончыў Беларускую акадэмію мастацтваў, аддзяленне манументальна-дэкарацыйнага жывапісу. Папрацаваў па спецыяльнасці тры гады ў Нацыянальным мастацкім музеі. Як малады спецыяліст прыйшоў у музей у 2014 годзе, а ў 2017-м сышоў у ІТ-кампанію. Бо працуючы ў музеі, я засвоіў камп’ютарныя праграмы, пачаў маляваць тое, што падабаецца, і выкладаць творы на платформе Behance. Там мяне заўважылі і запрасілі ў ІТ.
У сваёй творчай працы я для сябе вырашыў, што на трэнды не гляджу. Мне цікава тое, чым займаюся, хай яно непапулярнае і, можа, каму не падабацца, але заўсёды знойдзецца той чалавек, які гэта ацэніць.
Я заўважыў такую рэч: калі ты працуеш, каб камусьці спадабацца, то атрымлівацца нецікава. Галоўнае, каб табе падабаўся і ўласны стыль, і тэмы. Мяне некаторыя пытаюць: «Чаму ў тваіх творах так шмат бел-чырвона-белага?». Вось мне так сёння хочацца: што ні раблю, усюды ўводжу бел-чырвона-белыя элементы.
— Магчыма, ваш стыль, такі падрабязны, гіперрэалістычны і стымпанкавы, — гэта ўплыў вашай рэстаўрацыйнай адукацыі?
— Можа, бо калі я атрымліваў сярэднюю мастацкую адукацыю, то пісаў больш размашыста, а потым сышоў у дэталі.
— Вы працуеце серыямі… Якія з іх вы паказалі на выставе?
— Напрыклад, кіберказуркі. Частку іх напісаў у Менску, а тры ў Варшаве. Чалавецтва рухаецца да таго, каб спалучаць біятэхналогіі і робататэхніку. У гэтых працах мяне натхніў серыял «Чорнае люстэрка», той сюжэт, у якім вымерлі ўсе пчолы і людзі вынайшлі такіх робатаў-забойцаў. Хтосьці кажа, што гэта такі стымпанк.
Таксама я паказваю партрэты жонкі і сваю серыю «Птушкі з народам».
Частка гэтай серыі засталася ў Беларусі, яны надзейна схаваныя. Калі мы ўжо з’ехалі, да нашай прыяцелькі прыйшоў КГБ, мае працы ўжо былі схаваныя, а працы жонкі з палітычнай тэматыкай канфіскавалі.
Серыю птушак я працягваю, яны цяпер больш атмасферныя, лепшыя, чым ранейшыя.
Наступная серыя «Доўгае падарожжа», яна дала назву выставе. Мне цяпер хочацца маляваць караблі і цягнікі, усё, што звязанае з падарожжамі.
— Чаму вашае падарожжа праходзіць у гатычным стылі?
— Перад тым, як я з’ехаў з Беларусі, мне прысніўся сон, што я бегаю па нейкім еўрапейскім горадзе, і там разбураюць гатычныя саборы. І я крычу: «Што вы робіце?». З таго часу я пачаў маляваць гатычныя храмы.
— Гэта нагадвае тое, што вы малюеце ў камп’ютарных гульнях?
— Магчыма, аднак у некаторых працах я перадаю рэальныя, а не фантазійныя краявіды.
— «Марскія ліхтарыкі» — якая тут інспірацыя?
— Людзі даследуюць Марс, але не ведаюць, хто жыве ў глыбінях акіянаў. Гэта серыя — мая фантазія на тэму, хто можа там жыць.
— Вы выдзелілі частку выставачнай прасторы для твораў, выкананых у іншай стылістыцы? Што выклікала іх нараджэнне?
— Мёртвую птушку я напісаў 15 жніўня 2020 года. Быў інтэрнэт, і мы сталі бачыць людзей, якія выходзілі з Акрэсціна. Таксама мне патэлефанавала сваячка і расказала, што зрабілі з яе сяброўкай там. І я за паўгадзіны напісаў гэты твор.
— Калі пісалі яго, ведалі пра твор Алеся Пушкіна, у якім ён намаляваў сцяг уласнай крывёй?
— Не, не ведаў. Але вось гэты наступны твор я напісаў, калі даведаўся пра смерць Алеся Пушкіна. Ён называецца так: «Гнеў, і калі нічога не можаш зрабіць».
А наступны твор перадае вечаровую дэпрэсію: калі я толькі прыехаў, у мяне быў цяжкі перыяд.
— Цікава, як на ваш стыль уплываюць знешнія фактары. Звычайна вашы творы — дэталёвыя і стуктураваныя. Але штосьці здараецца — і ў вас прачынаецца экспрэсіяніст…
— Магчыма, але галоўнае для мяне — маляваць, гэта як для спартсмена трэніроўкі. Таму я стомлены прыходжу з працы — і ўсё роўна саджуся за мальберт, бо баюся нечага не паспець зрабіць у гэтым жыцці.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram