«Мастаку важна ні ад каго не залежаць»: Антон Радзівонаў пра сваё доўгае падарожжа

Культура
Антон Радзівонаў. Фота прадастаўлена Антонам Радзівонавым.

У Музеі Вольнай Беларусі адкрылася выстава жывапісу Антона Радзівонава пад назвай «Доўгае падарожжа».

Гэта не першая выстава творцы ў гэтай прасторы, у 2022 годзе ён паказваў праект пад казачнай назвай «Птушкі з народам» — творы, што выразна асацыяваліся з пратэснай тэматыкай. Гэтая серыя ёсць і ў гэтай экспазіцыі, аднак назва выставы — «Доўгае падарожжа» — сведчыць пра новы этап на творчым і жыццёвым шляху Антона Радзівонава.

Пагаварылі з аўтарам пра тое, як жывецца мастаку-эмігранту ў польскай сталіцы.

«Мастаку важна ні ад каго не залежаць»: Антон Радзівонаў пра сваё доўгае падарожжа
Фрагмент экспазіцыі выставы Антона Радзівонава. Фота: reform.news.

«Ідэальная сітуацыя для мастака: калі ў цябе ёсць майстэрня»

— Чарговая выстава ў Музеі Вольнай Беларусі — гэта падсумаванне нейкага этапу вашага творчага развіцця ці проста звычайны паказ твораў?

— Мастак не павінен працаваць у стол, творы трэба паказваць. Гэта мая чацвёртая выстава ў Варшаве. Першая прайшла ў Музеі Вольнай Беларусі, тады частку палотнаў мне ўдалося вывезці з Беларусі, а частка была раздрукаваная на палатне. На гэтай выставе я паказваю ўжо арыгінальныя працы, якія стварыў у Польшчы.

— Астатнія тры выставы адбываліся ў беларускай прасторы?

— Першая, так, у музеі. Другая выстава была ў польскай інстытуцыі. А трэцяя — у польскай галерэі. Я прыйшоў туды сам з прапановай зладзіць экспазіцыю, мне паведамілі, колькі гэта каштуе, і я адмовіўся. Потым яны паглядзелі мае творы і зрабілі выставу без аплаты.

— Распішыце, на што ідуць грошы пры арганізацыі выставы?

— Давесці працы, развесіць іх, добра было б яшчэ куратару заплаціць, які дапамагаў развешваць творы. Іншая сяброўка пісала канцэпцыю. За тыдзень падрыхтаваў выставу.

— За тыдзень рэальна падрыхтаваць выставу?

— Канешне, былі б працы. Ёсць мастакі, якія твораць, калі ёсць замовы і грошы, а ёсць як я, што працуюць заўсёды. Я зарабляю грошы ў ІТ-кампаніі, а творчасцю займаюся вечарамі.

«Мастаку важна ні ад каго не залежаць»: Антон Радзівонаў пра сваё доўгае падарожжа
Антон Радзівонаў. Цягнік, які чакае вяртання на радзіму. Алей. 2023. Фота: instagram/anton_rodionovart.

— Маеце майстэрню ў Варшаве?

— Не, няма магчымасці здымаць майстэрню, працую ў кватэры, таму не магу рабіць творы вялікага памеру. Плачу за кватэру і падатак, таму на майстэрню, на якую патрэбна як мінімум тысячу злотых, ужо не застаецца сродкаў.

Калі сюды прыехаў, то працаваў па маёй спецыяльнасці — рэстаўратарам. Паўгады пад Уроцлавам рэстаўраваў палац, а пасля — помнікі на варшаўскіх могілках. Зімой ставіў намёт з газавай гарэлкай унутры, каб не змерзнуць.

— Цяпер у вас добрая сітуацыя для мастака — маляваць для ІТ-кампаніі…

— Ідэальная сітуацыя для мастака, калі ў цябе ёсць майстэрня і ты прадаеш свае творы. Я супрацоўнічаю з адной польскай галерысткай, але цяпер больш скіраваны на міжнародны ўзровень. Восенню ў мяне будзе выстава ў Італіі. Да галерэй таксама прывязвацца нельга, цяпер ёсць інтэрнэт і сацсеткі. Там я магу паказаць свае творы, які можа ўбачыць чалавек у Нігерыі, ЗША ці Францыі.

Мастаку важна ні ад каго не залежаць.

«Мастаку важна ні ад каго не залежаць»: Антон Радзівонаў пра сваё доўгае падарожжа
Антон Радзівонаў. З глыбіні стагоддзяў. Алей. 2022. Фота: reform.news.

— Але калі вы працуеце з галерэяй, няма там такой умовы, што нельга яшчэ некаму прадаваць свае творы?

— Я з той галерэяй не падпісваў ніякіх дамоваў. Таму я шмат з кім магу працаваць, няма такой забароны.

— Яшчэ вы робіце майкі…

— Так, гэта мерч называецца. Цішоткі і байкі з уласнымі малюнкамі. Друкую ў польскай фірме, іду да іх з выявай сваёй карціны. Аднак спачатку раблю для сябе, выкладаю свой фотаздымак у байцы са сваім малюнкам у сацсеткі. Ці па вуліцы ідзеш у ёй, а цябе пытаюць, дзе ўзяў. Так з’яўляюцца замовы.

«Мастаку важна ні ад каго не залежаць»: Антон Радзівонаў пра сваё доўгае падарожжа
Антон Радзівонаў. Фрагмент экспазіцыі выставы Антона Радзівонава. Фота: reform.news.

«Мастацкія трэнды я не адсочваю»

— Добра, давайце вернемся ад цяжкага эмігранцкага жыцця да творчасці. Па спецыяльнасці вы — рэстаўратар?

— Так, я закончыў Беларускую акадэмію мастацтваў, аддзяленне манументальна-дэкарацыйнага жывапісу. Папрацаваў па спецыяльнасці тры гады ў Нацыянальным мастацкім музеі. Як малады спецыяліст прыйшоў у музей у 2014 годзе, а ў 2017-м сышоў у ІТ-кампанію. Бо працуючы ў музеі, я засвоіў камп’ютарныя праграмы, пачаў маляваць тое, што падабаецца, і выкладаць творы на платформе Behance. Там мяне заўважылі і запрасілі ў ІТ.

У сваёй творчай працы я для сябе вырашыў, што на трэнды не гляджу. Мне цікава тое, чым займаюся, хай яно непапулярнае і, можа, каму не падабацца, але заўсёды знойдзецца той чалавек, які гэта ацэніць.

Я заўважыў такую рэч: калі ты працуеш, каб камусьці спадабацца, то атрымлівацца нецікава. Галоўнае, каб табе падабаўся і ўласны стыль, і тэмы. Мяне некаторыя пытаюць: «Чаму ў тваіх творах так шмат бел-чырвона-белага?». Вось мне так сёння хочацца: што ні раблю, усюды ўводжу бел-чырвона-белыя элементы.

«Мастаку важна ні ад каго не залежаць»: Антон Радзівонаў пра сваё доўгае падарожжа
Антон Радзівонаў. Катэдра. Алей. 2022. Фота: reform.news.

— Магчыма, ваш стыль, такі падрабязны, гіперрэалістычны і стымпанкавы, — гэта ўплыў вашай рэстаўрацыйнай адукацыі?

— Можа, бо калі я атрымліваў сярэднюю мастацкую адукацыю, то пісаў больш размашыста, а потым сышоў у дэталі.

«Мастаку важна ні ад каго не залежаць»: Антон Радзівонаў пра сваё доўгае падарожжа
Антон Радзівонаў. Горад птушак. Алей. 2020. Фота: reform.news.

«Творы, якія засталіся ў Беларусі, надзейна схаваныя»

— Вы працуеце серыямі… Якія з іх вы паказалі на выставе?

— Напрыклад, кіберказуркі. Частку іх напісаў у Менску, а тры ў Варшаве. Чалавецтва рухаецца да таго, каб спалучаць біятэхналогіі і робататэхніку. У гэтых працах мяне натхніў серыял «Чорнае люстэрка», той сюжэт, у якім вымерлі ўсе пчолы і людзі вынайшлі такіх робатаў-забойцаў. Хтосьці кажа, што гэта такі стымпанк.

«Мастаку важна ні ад каго не залежаць»: Антон Радзівонаў пра сваё доўгае падарожжа
Фрагмент экспазіцыі выставы Антона Радзівонава. Фота: reform.news.

Таксама я паказваю партрэты жонкі і сваю серыю «Птушкі з народам».

Частка гэтай серыі засталася ў Беларусі, яны надзейна схаваныя. Калі мы ўжо з’ехалі, да нашай прыяцелькі прыйшоў КГБ, мае працы ўжо былі схаваныя, а працы жонкі з палітычнай тэматыкай канфіскавалі.

Серыю птушак я працягваю, яны цяпер больш атмасферныя, лепшыя, чым ранейшыя.
Наступная серыя «Доўгае падарожжа», яна дала назву выставе. Мне цяпер хочацца маляваць караблі і цягнікі, усё, што звязанае з падарожжамі.

— Чаму вашае падарожжа праходзіць у гатычным стылі?

— Перад тым, як я з’ехаў з Беларусі, мне прысніўся сон, што я бегаю па нейкім еўрапейскім горадзе, і там разбураюць гатычныя саборы. І я крычу: «Што вы робіце?». З таго часу я пачаў маляваць гатычныя храмы.

— Гэта нагадвае тое, што вы малюеце ў камп’ютарных гульнях?

— Магчыма, аднак у некаторых працах я перадаю рэальныя, а не фантазійныя краявіды.

«Мастаку важна ні ад каго не залежаць»: Антон Радзівонаў пра сваё доўгае падарожжа
Антон Радзівонаў. З серыі «Марскія ліхтарыкі». Фота: reform.news.

— «Марскія ліхтарыкі» — якая тут інспірацыя?

— Людзі даследуюць Марс, але не ведаюць, хто жыве ў глыбінях акіянаў. Гэта серыя — мая фантазія на тэму, хто можа там жыць.

— Вы выдзелілі частку выставачнай прасторы для твораў, выкананых у іншай стылістыцы? Што выклікала іх нараджэнне?

— Мёртвую птушку я напісаў 15 жніўня 2020 года. Быў інтэрнэт, і мы сталі бачыць людзей, якія выходзілі з Акрэсціна. Таксама мне патэлефанавала сваячка і расказала, што зрабілі з яе сяброўкай там. І я за паўгадзіны напісаў гэты твор.

«Мастаку важна ні ад каго не залежаць»: Антон Радзівонаў пра сваё доўгае падарожжа
Творы Антона Радзівонава. Зверху: «Мёртвая птушка», справа: «Вечаровая дэпрэсія», злева: «Гнеў, і калі не можаш нічога зрабіць».

— Калі пісалі яго, ведалі пра твор Алеся Пушкіна, у якім ён намаляваў сцяг уласнай крывёй?

— Не, не ведаў. Але вось гэты наступны твор я напісаў, калі даведаўся пра смерць Алеся Пушкіна. Ён называецца так: «Гнеў, і калі нічога не можаш зрабіць».

А наступны твор перадае вечаровую дэпрэсію: калі я толькі прыехаў, у мяне быў цяжкі перыяд.

— Цікава, як на ваш стыль уплываюць знешнія фактары. Звычайна вашы творы — дэталёвыя і стуктураваныя. Але штосьці здараецца — і ў вас прачынаецца экспрэсіяніст…

— Магчыма, але галоўнае для мяне — маляваць, гэта як для спартсмена трэніроўкі. Таму я стомлены прыходжу з працы — і ўсё роўна саджуся за мальберт, бо баюся нечага не паспець зрабіць у гэтым жыцці.

Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram

Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.

🔥 Поддержите Reform.news донатом!
REFORM.news (ранее REFORM.by)

Последние новости




Сообщить об опечатке

Текст, который будет отправлен нашим редакторам: