Мастак Аляксандар Адамаў узнавіў у познаньскай галерэі дзіцячы пакой допытаў, каб паразважаць пра клопат уладаў

У познаньскай галерэі «Szczur» у пачатку снежня адкрылася выстава «Гіперрэалістычная Маці» беларускага мастака Аляксандра Адамава.

Фрагмет экспазіцыі выставы. Фота: Вікторыя Адамава.

Назва выставы — гэта назва сістэмы, якая пранікае ў рэчаіснасць і расце як самастойны арганізм. Аўтар, вядомы сваімі правакатыўнымі візуальнымі абектамі, стварыў амбівалентную прастору, дзе мяккая інфраструктура сістэм улады настолькі пераканаўчая, што цяжка заўважыць момант, калі клопат пачынае рэгуляваць, а дапамога становіцца інструментам ліквідацыі канфліктаў яшчэ да таго, як яны паспяваюць праявіцца.

Фрагмет экспазіцыі выставы. Фота: Вікторыя Адамава.

«У выставе мастак развівае тэорыю біапалітычнага інтэрфейсу — сістэмы кругласутачнай падтрымкі, табліц дазіровак і мяккіх кутоў. Гэтая атмасфера апекі далікатна ахутвае, не маючы жорсткай іерархіі, не здзяйсняючы ўлады наўпрост, але ствараючы механізмы добраахвотнага самападпарадкавання. Знаёмае асяроддзе ператвараецца тут у фрагмент алгарытму, які падтрымлівае грамадскі парадак праз згладжванне пазнавальных канфліктаў. «Гіперрэалістычная Маці» не можа быць адна, яна прагне целаў, каб існаваць, ёй патрэбныя носьбіты, у якіх яна можа ўсталёўвацца і трываць», — паведамляе анатацыя выставы.

Фрагмет экспазіцыі выставы. Фота: Вікторыя Адамава.

Мастак у супрацы з куратарка Лізаветай Сцяцко стварае татальную інсталяцыю па ўзору дзіцячых пакояў допытаў — месцаў, распрацаваных такім чынам, каб мінімізаваць стрэс, аднак адначасова весці запіс і праводзіць ненавязлівае назіранне.

Фрагмет экспазіцыі выставы. Фота: Вікторыя Адамава.

Гэтая мяккая мова аховы дзіцяці становіцца пунктам выхаду для крытыкі сістэм, якія злучаюць у адну, неадрозную сувязь клопат і кантроль.

Фрагмет экспазіцыі выставы. Фота: Вікторыя Адамава.

З вонкавага боку гэтага пакоя размешчаны шэраг аб’ектаў з пярцовым балончыкам, спалучанага з бірулькай у форме слязы з выявай Маці Божай. Праз гэтыя прадметы мастак каментуе сістэмы, якія пад выглядам клопату кантралююць эмоцыі і ствараюць адчуванне камфорту, то-бок зніжаюць трывогу замест вырашэння праблемы. У гэтым кантэксце форма слязы ўказвае на момант, калі цела рэагуе хутчэй за свядомасць, адкрываючы праўду пра сістэму, якая хоча нас абараніць, але спачатку гвалціць.

Накладкі для саскоў. Натуральная скура, пластык. Фота: Вікторыя Адамава.

Унутры пакоя размешчаны аб’екты з серыі «Не-цацкі», якія спасылаюцца на функцыянаванне сучасных сацыяльных сістэм, а таксама на асобныя працы беларускіх мастакоў. Экспазіцыю дапаўняюць скураныя накладкі на саскі — прадметы, якія змякчаюць боль падчас груднога кармлення дзіцяці і адначасова, праз кантакт з натуральным матэрыялам — кшталтуюць ваяра.

Фрагмет экспазіцыі выставы. Фота: Вікторыя Адамава.

Інсталяцыю акцэнтуе банер з рэпрадукцыяй апошняй прыжыццёвай працы Марсэля Дюшана «Étant donnés», дзе погляд праз вузкую шчыліну ў дзвярах адкрывае ляжачую фігуру, якая трымае ліхтар. Адамаў працягвае матыў падглядвання, але парушае яго канвенцыю і сутыкае гледача з «забароненым» вобразам у лоб.

Выстава будзе працаваць да 31 студзеня.

🔥 Поддержите Reform.news донатом!