Максім Знак прэзентаваў новы кліп на песню «Маяк» і прысвеціў яго Дзмітрыю Лаеўскаму

Культура
Скрыншот з відэа.

Беларускі юрыст, музыкант і былы палітвязень Максім Знак прэзентаваў у сеціве кліп на песню «Маяк». Твор стаў лагічным працягам яго кампазіцыі «Ходзікі» і складае з ёй адзіную дылогію пра чалавечы выбар і падтрымку ў цёмныя часы. Прэм’еру аўтар прысвяціў адвакату Дзмітрыю Лаеўскаму, якога днямі асудзілі да трох гадоў пазбаўлення волі.

Паводле словаў Максіма Знака, гэты рэліз рыхтаваўся да выхаду разам з «Ходзікам»:

«Людзі-ходзікі і Людзі-маякі — гэта ж дылогія, гэта дыхатамія, на якой пабудавана мноства выбітных твораў сусветнай літаратуры, ды і свет наш таксама».

Першапачаткова версію кліпа здымалі ў Гданьску — сярод мора, маякоў, караблёў і сонца. Аднак ад гэтага варыянта адмовіліся, бо матэрыялу бракавала цемры. У выніку з’явіўся іншы сюжэт з гульнёй святла, дзеля якога Максіму давялося апрануць ненавісную вопратку — робу, каб паказаць гісторыю пра тых людзей-маякоў, якія падтрымлівалі зняволеных і яркімі промнямі прабіваліся праз турэмную шэрасць і безнадзейнасць.

Прэм’ера была запланаваная на 10 верасня. Калі напярэдадні з’явілася навіна пра зняволенне адваката Дзмітрыя Лаеўскага, які шмат гадоў абараняў праваабаронцаў і палітвязняў, план рэлізу не змяніўся — яго прысвяцілі менавіта яму.

«Зміцер — сапраўдны маяк: ён вельмі шмат зрабіў і вельмі шмат яшчэ зробіць, бо такія ўжо маякі людзі… І, дарэчы, у цемры іх святло ззяе яшчэ ярчэй», — напісаў Максім Знак.

Хто працаваў над рэлізам

Максім Знак выканаў усе ключавыя аўтарскія ролі: напісаў словы, музыку, выканаў вакал, сыграў на гітары і распрацаваў сцэнар відэа.

Пятро Марчанка (Angry Bard) адказваў за аранжыроўку і гуказапіс — бас-гітара, гітара, кахон, флейты, колавая ліра, перкусія, бэк-вакал, а таксама звядзенне.

Рэжысура, здымкі, мантаж і анімацыя — Іван Карнацэвіч.

Аўтары выказалі асобную падзяку Музею Вольнай Беларусі за супрацоўніцтва пры стварэнні кліпа.

Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram

🔥 Поддержите Reform.news донатом!

REFORM.news
Добавить комментарий

Внимание, премодерация. Если вы в Беларуси, не оставляйте комментарий без включенного VPN.