Фестываль беларускага кіно «Bulbamovie» 21 верасня ладзіць выязны кінапаказ і сустрэчу з гледачамі ў польскай Зялёнай Гуры. У праграме імпрэзы — паказ культавай стужкі Андрэя Кудзіненкі «Акупацыя. Містэрыі», а таксама дыскусія з заснавальнікамі фэсту, і, магчыма, рэжысёрам апальнай карціны, які знаходзіцца па-за межамі Беларусі.
Гэты выязны паказ «Bulbamovie» мае адмысловы акцэнт падтрымкі. У ліпені гэтага года беларускі кінаматаграфіст і заснавальнік арт-праектаў Андрэй Кудзіненка быў вымушаны тэрмінова з’ехаць з краіны. Гэтаму папярэднічалі ператрусы сілавікоў у ягоным жытле і ў прыватнай кінашколе «КінаКаляйдар».
Каманда «Bulbamovie», якая ад пачатку падтрымлівае незалежных творцаў, праз гэтую імпрэзу прыцягвае ўвагу да незалежнага белкіно.
Што ж у праграме?
Гледачам прапануюць дзве працы незалежнага беларускага кінематографа.
«Акупацыя. Містэрыі» (2004) — ваенная драма Кудзіненкі, якая лічыцца першай незалежнай стужкай у навейшай гісторыі беларускага кіно. Фільм здабыў прызнанне на еўрапейскіх кінафестывалях за смелае пераасэнсаванне ваеннай тэмы, але быў афіцыйна забаронены да пракату ў Беларусі. Стужка не выпадкова атрымала пазнаку «беларускі ваенны вестэрн».
«Barbie.ru» (2024) — сатырычная кароткаметражка Жэні Дарк пра ляльку Барбі, якая трапляе ў прастору «русского мира». Яскравы макіяж ператвараецца ў бруд, а пластык ілюзій трэскаецца ад сутыкнення з рэальнасцю. У ролях: Паліна Дабравольская, Павел Яскевіч, Мікалай Другі, Святлана Зелянкоўская, Павел Крыксуноў і Піт Паўлаў. «Barbie.ru» можна назваць беларускім андэграундным кіно 2020-х.
Прадстаўляць карціны будуць польска-беларускі рэжысёр, сузанавальнік «Бульбамуві» Януш Гаўрылюк ды куратар і аніматар культуры Пятро Дудановіч.
Паказ і дыскусія пройдуць 21 верасня ў арт-прасторы Piekarnia Cichej Kobiety (ulica Fabryczna 13B, Zielona Góra). Уваход на падзею вольны.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram
