«Майстар, калекцыянер, дароўца»: выстава, прысвечаная знакамітаму друкару Дзмітрыю Малаткову працуе ў Нацыянальным мастацкім музеі

У Нацыянальным мастацкім музеі Рэспублікі Беларусь працуе выстава друкаванай графікі пад назвай «Дзмітрый Малаткоў. Майстар, калекцыянер, дароўца», прысвечаная 90-годдзю з дня нараджэння легендарнага беларускага майстра-друкара Дзмітрыя Малаткова (1935–2020).

Фрагмент экспазіцыі выставы. Фота: сацсеткі.

Пры жыцці Малаткова мастаку надрукаваць свой графічны твор можна было ва ўласнай майстэрні, у Акадэміі мастацтваў і ў «майстэрні Малаткова» пры Мінскім мастацкім камбінаце. Вялізная колькасць твораў друкаванай  нарадзілася менавіта ў гэтай легендарнай майстэрні.

Фрагмент экспазіцыі выставы. Фота: сацсеткі.

Дзмітрый Малаткоў валодаў рэдкім дарам тонка адчуваць задуму мастака і адначасова – ведаў спецыфіку матэрыялу, валодаў уласнымі унікальнымі прафесійнымі сакрэтамі, што дазваляла яму быць не проста рамеснікам, выканаўцам чужой задумы, але і сааўтарам твора графічнага мастацтва.

Анатоль Тычына. Над ракой свіслачу. Каляровая лінагравюра. 1954.

Ён сам узнаўляў унікальныя стогадовыя станкі для ручнога друку, у прыватнасці, фірмы «Краўзэ». Апрыцоўваў рэдкія літаграфскія камяні, патрэбныя для друку, — шчыльны вапняк, які распрацоўваецца толькі ў каменяломнях Германіі. «Мастак малюе на камені, я апрацоўваю малюнак хімічным спосабам — траўлю яго, затым накатваю фарбу, кладу паперу і — пад прэс. Малюнак пераходзіць на паперу — пажадана, каб «прыма», з першага разу, тады ён дыхае. Але калі запароў, дапусціў найменшую памылку, то можна дрэннай фарбай і малюнак знішчыць, стравіць, і камень сапсаваць», — дзяліўся майстар сакрэтамі друку.

Графік Георгій Паплаўскі і друкар Дзмітрый Малатокоў. Фота: Яўген Коктыш

Знакамітая «майстэрня Малаткова» Мінскага мастацкага камбіната была самай запатрабаванай сярод графікаў. Праз яе прайшло некалькі пакаленняў таленавітых беларускіх графікаў, якія працавалі ў шырокім спектры тэхнік: літаграфія, афорт, ксілаграфія, лінагравюра.

Сямён Герус. Са спаткання. Лінагравюра. 1961.

«А вы сустракалі мастака-графіка, які ведаў больш за вас?» — спыталі яго ў адным з інтэрв’ю. «Нерэальна! Гэта як сядзець на двух крэслах. Да мяне нашы мастакі ездзілі друкавацца ў Маскву, Ленінград. А потым, наадварот, з Масквы і Ленінграда да нас сталі ездзіць!», — адказаў майстар.

З 1960-х гадоў майстар не толькі друкаваў творы мастакоў, але і збіраў эстампы. Свае калекцыі ён неаднаразова перадаваў у музей. Каля 4000 з створаных у майстэрні графічных аркушыў знаходзяцца ў калекцыі Нацыянальнага мастацкага музея Рэспублікі Беларусь і цяпер прадстаўлены на выставе.

Дарэчы, мастачка з Беласточчыны Малгажата Дмітрук гэтай восенню прэзентавала дакументальны фільм «Сізіф з Мінска», які даследуе даўняе супрацоўніцтва і сяброўства паміж ёй і беларускім майстрам Малатковым. Малгажата вучылася ў Беларускай акадэміі мастацтваў на кафедры графікі, але і пасля прыпынення вучобы ў Беларусі 2-3 разы ў год прыязджала з Польшчы ў майстэрню Малаткова, каб рэалізаваць свае творчыя задумы і прафесійна надрукаваць літаграфіі.

Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram

🔥 Поддержите Reform.news донатом!