«Людзі рэагавалі на плакаты вельмі пазітыўна»: выстава твораў Уладзіміра Цэслера адкрылася ў цэнтры Ірпеня

Сёння ва ўкраінскім Ірпені ў цэнтры горада адкрылася выстава антываенных плакатаў аднаго з найвядомейшых мастакоў з Беларусі — Уладзіміра Цэслера. Праект, арганізатарамі якога выступілі беларускія культурныя актывісты, будзе працаваць у публічнай прасторы тыдзень.

Reform.by удалося звязацца з куратаркай праекта, якая на ананімных пачатках пагадзілася расказаць пра тое, як гэта — зрабіць выставу мастака з Беларусі ў горадзе-героі Украіны.

Выстава твораў Уладзіміра Цэслера ўжо ладзілася ў Адэсе, — удакладняе наша візаві. — Але мы таксама хацелі прывезці яе ў Ірпень. Напачатку, прызнаюся, планавалі зладзіць праект у парку, павесіць плакаты на адмысловым паркане ў паркавай прасторы. Але адміністрацыя горада не дала на гэта дазвол, — у той жа час прапанавала альтэрнатыву — гэта месца, якое знаходзіцца ў самым цэнтры горада — выставачная публічная прастора побач з гатэлем «Ірпень». Мы ўзгаднілі творы мастака — і выстава сёння пачала сваю працу.

Выстава антываенных плакатаў Уладзіміра Цэслера ў Ірпені. Фота прадастаўлена арганізатарамі.

Куратарка адзначае, што экспазіцыя публічнай выставы складаецца з пятнаццаці работ вядомага беларускага дызайнера.

Насамрэч для гэтай выставы былі надрукаваныя 24 выявы. Але з-за спецыфікі прасторы мы здолелі размясціць толькі пятнаццаць плакатаў, — кажа яна.

Для нашай субяседніцы гэты праект — далёка не першы ва Украіне. Арганізатарка з Беларусі ўжо ладзіла выставу фатаграфій беларускіх палітвязняў, асуджаных за праўкраінскую пазіцыю, у 2022 годзе з калегамі ў Бучы — у Публічнай бібліятэцы Бучынскай грамады. Пытаемся: як гэта — рабіць беларускія праекты — у такіх сакральных месцах?

Насамрэч тут дзейнічае такое правіла, якой раней панавала ў культурным цэнтры «Корпус» у Мінску, — адказвае куратарка, — «Рабі — будзе!». Мясцовая адміністрацыя, прынамсі, у Бучы, Ірпені дастаткова лёгка ідзе на кантакт. Магчыма таму, што гэта рэгіён, якому не хапае арт-менеджараў — яны рады ініцыятывам, а магчыма таму, што гэта проста такая адкрытая палітыка.

У творах Уладзіміра Цэслера даволі востра і саркастычна высмейваюцца розныя праблемы, некаторыя з плакатаў — надзвычай шчырыя, але ніводны твор не выклікаў нараканняў у мясцовай адміністрацыі, — дадае субяседніца. — Калі ўчора мантавала выставу, я ўвогуле падумала пра тое, што Украіна — гэта сёння месца для ідэй, якія немагчыма зладзіць у Беларусі.

Выстава антываенных плакатаў Уладзіміра Цэслера ў Ірпені. Фота прадастаўлена арганізатарамі.

Наша візаві адзначае і рэакцыю ўкраінскай публікі на плакаты беларускага дызайнера.

Людзі рэагавалі на плакаты вельмі пазітыўна, — распавядае яна. — Мяне і саму творы вельмі рассмяшылі. Ірпенчане чыталі з цікавасцю інфармацыю пра Уладзіміра Цэслера — ніякіх негатыўных эмоцый мной не было заўважана. Але нават калі б яны і былі, я да гэтага стаўлюся даволі спакойна, — разважае куратарка. — Якую б ты працу не рабіў, усё роўна будуць людзі, якія скажуць ОК на тваю дзейнасць, і тыя, што пачнуць крытыкаваць. І тут справа не ў Бучы і Украіне, гэта працуе адносна любога працэсу актыўнасці ў любой краіне.

Выстава антываенных плакатаў Уладзіміра Цэслера ў Ірпені. Фота прадастаўлена арганізатарамі.

Важна дадаць, што наша субяседніца сама жыве ў Ірпені. Яна з’язджала з горада на чатыры месяцы пасля 24 лютага 2022 года, але потым вярнулася.

Пытаемся ў адмыслоўцы, як жывецца ў такім горадзе як Ірпень, і што можна сказаць сёння пра настрой украінцаў.

Пасля пачатку вайны, пасля таго, як прайшоў этап здранцвення, пасля адаптацыі да адсутнасці святла, пастаянных абстрэлаў, ужо з’явілася адчуванне, што любую праблему ва Украіне можна вырашыць, — адказвае куратарка. — Бо ніхто раней не думаў, з чым давядзецца сутыкнуцца тут і зараз у 2022-2023 гадах. Ва ўкраінцаў вельмі моцная энергія, — падкрэслівае наша візаві. — Яны зараджаны на супраціў, і я зараджаюся ад іх гэтым імпэтам.

Пра адзін з яскравых прыкладаў жыццястойкасці ўкраінцаў дзяўчына пагадзілася распавесці.

У горадзе адбываюцца праблемы са святлом і пастаянныя абстрэлы — усе ўжо троху да іх прызвычаіліся. І аднойчы я праходзіла міма невялічкай касметычнай крамкі, кшталту «Мілы» ў Беларусі. У краме не гарэла святло, але дзверы былі адчынены. Я падыходжу і пытаюся: «А вы працуеце?». «Так, працуем», — і да мяне выходзіць прадавачка з ліхтарыкам на галаве. «Мы кожнага індывідуальна праводзім да тых палічках, якія вам патрэбныя», — сустракае мяне жанчына і прапануе дапамогу. І я зайшла, зрабіла выбар, падышла да касы. «Ці ёсць у вас карта зніжак?  — пытаюцца ў мяне.  — Калі з’явіцца святло, мы ўсё абавязкова ўнясем у сістэму», — кажа гандлярка. Прызнацца, гэта сустрэча мяне вельмі натхніла. Нават касметычная крама знайшла выйсце ў такой сітуацыі. І так ва ўсім — людзі знаходзяць спосабы, як наладзіць працу і дапамагчы адно аднаму.

Выстава антываенных плакатаў Уладзіміра Цэслера ў Ірпені. Фота прадастаўлена арганізатарамі.

Дзяўчына прызнаецца, што намагаецца ладзіць у горадзе розныя актыўнасці, бо пасля пераезду з Беларусі ёй вельмі не хапае івэнтаў, якія яна б магла самастойна арганізаваць. Раней наша візаві працавала ў арганізацыі культурных мерапрыемстваў.

Па словах куратаркі, у яе досведзе толькі пазітыўныя прыклады стаўлення ўкраінцаў да беларусаў. Але візаві падкрэслівае, што ёй вельмі дапамагае ўкраінская мова, якой яна валодае.

Выстава плакатаў Уладзіміра Цэслера, зладжаная беларусамі ў Ірпені, нагадаем, будзе працаваць у цэнтры ўкраінскага горада тыдзень.

Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.by у Telegram

Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.