Сёння ва ўкраінскім Ірпені ў цэнтры горада адкрылася выстава антываенных плакатаў аднаго з найвядомейшых мастакоў з Беларусі — Уладзіміра Цэслера. Праект, арганізатарамі якога выступілі беларускія культурныя актывісты, будзе працаваць у публічнай прасторы тыдзень.
Reform.by удалося звязацца з куратаркай праекта, якая на ананімных пачатках пагадзілася расказаць пра тое, як гэта — зрабіць выставу мастака з Беларусі ў горадзе-героі Украіны.
— Выстава твораў Уладзіміра Цэслера ўжо ладзілася ў Адэсе, — удакладняе наша візаві. — Але мы таксама хацелі прывезці яе ў Ірпень. Напачатку, прызнаюся, планавалі зладзіць праект у парку, павесіць плакаты на адмысловым паркане ў паркавай прасторы. Але адміністрацыя горада не дала на гэта дазвол, — у той жа час прапанавала альтэрнатыву — гэта месца, якое знаходзіцца ў самым цэнтры горада — выставачная публічная прастора побач з гатэлем «Ірпень». Мы ўзгаднілі творы мастака — і выстава сёння пачала сваю працу.
Куратарка адзначае, што экспазіцыя публічнай выставы складаецца з пятнаццаці работ вядомага беларускага дызайнера.
— Насамрэч для гэтай выставы былі надрукаваныя 24 выявы. Але з-за спецыфікі прасторы мы здолелі размясціць толькі пятнаццаць плакатаў, — кажа яна.
Для нашай субяседніцы гэты праект — далёка не першы ва Украіне. Арганізатарка з Беларусі ўжо ладзіла выставу фатаграфій беларускіх палітвязняў, асуджаных за праўкраінскую пазіцыю, у 2022 годзе з калегамі ў Бучы — у Публічнай бібліятэцы Бучынскай грамады. Пытаемся: як гэта — рабіць беларускія праекты — у такіх сакральных месцах?
— Насамрэч тут дзейнічае такое правіла, якой раней панавала ў культурным цэнтры «Корпус» у Мінску, — адказвае куратарка, — «Рабі — будзе!». Мясцовая адміністрацыя, прынамсі, у Бучы, Ірпені дастаткова лёгка ідзе на кантакт. Магчыма таму, што гэта рэгіён, якому не хапае арт-менеджараў — яны рады ініцыятывам, а магчыма таму, што гэта проста такая адкрытая палітыка.
У творах Уладзіміра Цэслера даволі востра і саркастычна высмейваюцца розныя праблемы, некаторыя з плакатаў — надзвычай шчырыя, але ніводны твор не выклікаў нараканняў у мясцовай адміністрацыі, — дадае субяседніца. — Калі ўчора мантавала выставу, я ўвогуле падумала пра тое, што Украіна — гэта сёння месца для ідэй, якія немагчыма зладзіць у Беларусі.
Наша візаві адзначае і рэакцыю ўкраінскай публікі на плакаты беларускага дызайнера.
— Людзі рэагавалі на плакаты вельмі пазітыўна, — распавядае яна. — Мяне і саму творы вельмі рассмяшылі. Ірпенчане чыталі з цікавасцю інфармацыю пра Уладзіміра Цэслера — ніякіх негатыўных эмоцый мной не было заўважана. Але нават калі б яны і былі, я да гэтага стаўлюся даволі спакойна, — разважае куратарка. — Якую б ты працу не рабіў, усё роўна будуць людзі, якія скажуць ОК на тваю дзейнасць, і тыя, што пачнуць крытыкаваць. І тут справа не ў Бучы і Украіне, гэта працуе адносна любога працэсу актыўнасці ў любой краіне.
Важна дадаць, што наша субяседніца сама жыве ў Ірпені. Яна з’язджала з горада на чатыры месяцы пасля 24 лютага 2022 года, але потым вярнулася.
Пытаемся ў адмыслоўцы, як жывецца ў такім горадзе як Ірпень, і што можна сказаць сёння пра настрой украінцаў.
— Пасля пачатку вайны, пасля таго, як прайшоў этап здранцвення, пасля адаптацыі да адсутнасці святла, пастаянных абстрэлаў, ужо з’явілася адчуванне, што любую праблему ва Украіне можна вырашыць, — адказвае куратарка. — Бо ніхто раней не думаў, з чым давядзецца сутыкнуцца тут і зараз у 2022-2023 гадах. Ва ўкраінцаў вельмі моцная энергія, — падкрэслівае наша візаві. — Яны зараджаны на супраціў, і я зараджаюся ад іх гэтым імпэтам.
Пра адзін з яскравых прыкладаў жыццястойкасці ўкраінцаў дзяўчына пагадзілася распавесці.
— У горадзе адбываюцца праблемы са святлом і пастаянныя абстрэлы — усе ўжо троху да іх прызвычаіліся. І аднойчы я праходзіла міма невялічкай касметычнай крамкі, кшталту «Мілы» ў Беларусі. У краме не гарэла святло, але дзверы былі адчынены. Я падыходжу і пытаюся: «А вы працуеце?». «Так, працуем», — і да мяне выходзіць прадавачка з ліхтарыкам на галаве. «Мы кожнага індывідуальна праводзім да тых палічках, якія вам патрэбныя», — сустракае мяне жанчына і прапануе дапамогу. І я зайшла, зрабіла выбар, падышла да касы. «Ці ёсць у вас карта зніжак? — пытаюцца ў мяне. — Калі з’явіцца святло, мы ўсё абавязкова ўнясем у сістэму», — кажа гандлярка. Прызнацца, гэта сустрэча мяне вельмі натхніла. Нават касметычная крама знайшла выйсце ў такой сітуацыі. І так ва ўсім — людзі знаходзяць спосабы, як наладзіць працу і дапамагчы адно аднаму.
Дзяўчына прызнаецца, што намагаецца ладзіць у горадзе розныя актыўнасці, бо пасля пераезду з Беларусі ёй вельмі не хапае івэнтаў, якія яна б магла самастойна арганізаваць. Раней наша візаві працавала ў арганізацыі культурных мерапрыемстваў.
Па словах куратаркі, у яе досведзе толькі пазітыўныя прыклады стаўлення ўкраінцаў да беларусаў. Але візаві падкрэслівае, што ёй вельмі дапамагае ўкраінская мова, якой яна валодае.
Выстава плакатаў Уладзіміра Цэслера, зладжаная беларусамі ў Ірпені, нагадаем, будзе працаваць у цэнтры ўкраінскага горада тыдзень.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.by у Telegram
Сообщить об опечатке
Текст, который будет отправлен нашим редакторам: