У суботу, 12 жніўня, на сцэне TR Warszawa адбудзецца прэм’ера спектакля «Плошча Перамогі» незалежнай тэатральнай групы «Купалаўцы». Рэжысёр Аляксандр Гарцуеў пераасэнсоўвае і дае свае сцэнічнае прачытанне… аднайменнаму раману Альгерда Бахарэвіча.
«Падчас вайны ў адным горадзе быў прыняты жорсткі закон: неадкладна вешаць тых, хто прыносіць дрэнныя весткі. Аднак каралеўскаму вестуну шкада развітвацца з жыццём і ён вырашае ілгаць, абвяшчаючы перамогу. Так прыгоды пачынаюцца не толькі ў пасланца Лёксы Шпуля, але і ва ўсіх жыхароў горада. Калі вы таксама жывяце ў каралеўстве, дзе пануюць Страх і Хлусня (ці дзесь непадалёк), сюжэт будзе іскрыцца для вас актуальнасцю. Бо страх не змагчы ані пяхотай, ані кавалерыяй. Дарога да Плошчы Перамогі пакручастая, і ў нашым каралеўстве метро туды яшчэ не праклалі. Хто дойдзе?», — так гучыць анатацыя да спектаклю на сайце тэатра.
Рэжысёр Аляксандр Гарцуеў так каментуе будучае дзеянне.
«Спектакль «Плошча Перамогі» – гэта гістарычна недакладная фантасмагарычная прыпавесць […]. Дзе і калі адбываюцца падзеі? Нідзе і ніколі. Пра што спектакль? Пра тое, што калі нехта, апантаны прагай улады, сам верыць ва ўласную хлусню, ён абавязкова прывядзе і сябе, і ўсю краіну да катастрофы. Гісторыя сведчыць, што хлусня засмоктвае не толькі папуліста, але і ўсіх, хто яму паверыў. І нам сёння як ніколі важна супрацьстаяць палітычнаму маніпуляванню».
У пастаноўцы задзейнічаны: Мікалай Стонька, Ігар Сігоў, Аляксандр Зелянко, Кацярына Яворская, Яўгенія Кульбачная, Алег Гарбуз, Кірыл Гарбуз, Валянціна Гарцуева, Аляксандр Гарцуеў, Зоя Белахвосцік, Сяргей Чуб, Аляксандр Казела, Пётр Непагод.
Проста цяпер у тэатры ідуць апошнія рэпетыцыі «Плошчы Перамогі» і, як звяртаюць увагу артысты, квіткоў на прэм’еру засталося не так шмат.
Спектакль дэманструецца ў межах фестывалю INEX FEST і Тыдня беларускага тэатра ў Варшаве.
Набыць квіткі на яго можна тут.
Сообщить об опечатке
Текст, который будет отправлен нашим редакторам: