Фестываль Sprava ў Белай Царкве не адбудзецца і сёлета. «Вымушаны прызнаць, што не здолеем правесці наша галоўнае летняе мерапрыемства ні ў адным з фарматаў», — паведамілі арганізатары падзеі, на якую яшчэ ў 2022 годзе былі раскуплены ўсе білеты.
Як адзначыла каманда фэсту, яна зрабіла ўсё, што магла.
«Мы намагаліся з годнасцю прайсці разнастайныя бюракратычныя квэсты і адміністрацыйныя лабірынты, і вырашыць усе ўраўненні на карысць фэсту, На жаль, на дадзены момант мы вымушаны прызнаць, што не здолеем правесці наша галоўнае мерапрыемства ні ў адным з фарматаў», — канстатавалі арганізатары.
Заснавальнікі вядомай падзеі на беразе Чарэйскага возера, між тым, нагадалі, што ў вёсцы Белая Царква па-ранейшаму адкрыты для наведвання Sad Orchestra. Прысвечны тром постацям беларускай культуры — музыкам Леаніду Нарушэвічу, Арцёму Залескаму, тэатральнаму крытыку Аляксею Стрэльнікаву, сад-прастора дае магчымасць пачуць музыку і галасы сышоўшых творцаў. Знайсці праект-інсталяцыю «Оркестр Сад» можна на паўвостраве возера.
Фестываль месца SPRAVA — міжнародны фестываль-узаемадзеянне з гістарычным і прыродным ландшафтам Беларусі сродкамі сучаснага мастацтва і музыкі. «Павага, сумленны абмен з месцам, якое дасталося нам у спадчыну – і ёсць адна з асноўных задач SPRAVA. Быць дарэчнымі і ўдзячнымі ўнікальнаму і багатаму асяроддзю, у якім стагоддзямі збіраліся глеем, цаглінамі і магіламі любоў і боль», – так гучыць маніфест падзеі, зладжанай падзвіжнікам і музыкам Мацвеем Сабуравым і камандай аднадумцаў.
Фестываль стаўся знакавым напрыканцы 2010-х, але паўза ў яго гісторыі зацягнулася ўжо на тры гады. Апошні раз падзея ладзілася ў 2022 годзе.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram