KULOK салідарнасці: у Варшаве пройдзе новы незалежны фэст, які злучае беларусаў, украінцаў і палякаў

Культура
Фота: сацсеткі фестывалю.

25 кастрычніка 2025 года ў варшаўскіх прасторах альтэрнатыўнай культуры Przychodnia і Syrena Skłot адбудзецца незалежны фестываль KULOK — пляцоўка для музыкі, тэатра, візуальнага мастацтва і адукацыйных сустрэч.

Мэта імпрэзы — падтрымаць палітвязняў і людзей з анкалагічнымі захворваннямі, а таксама стварыць прастору свабоднага самавыяўлення і ўзаемнай падтрымкі.

KULOK аб’ядноўвае розныя формы мастацтва і актыўнага дзеяння: рок і рэп, тэатральныя перформансы, кінатрансляцыі, выставы, лекцыі і паэтычныя чытанні. А таксама розных творцаў і гледачоў — беларусаў, украінцаў, палякаў.

«Наш фестываль — гэта месца сустрэчы. Беларусаў, украінцаў і палякаў. Тых, хто стварае і тых, хто адчувае. Тых, хто верыць, што праз мастацтва можна гаварыць пра боль, пра супраціў і надзею, — адзначае каманда фэсту ў сваім маніфесце.

Мы — людзі, якіх аб’ядноўвае свабода. Праз музыку, слова, тэатр, малюнак і святло мы кажам пра тое, што адбываецца вакол нас — пра тое, што нельга маўчаць.

Дыктатура Лукашэнкі працягвае душыць волю, знішчае культуру, прыніжае годнасць беларусаў. Кожны, хто мае ўласны голас, рызыкуе пачуць цішыню з-за кратаў. Таму палову даходу фестывалю мы перадаем беларускім палітвязням — тым, хто працягвае змагацца нават у цемры.

Вайна ва Украіне працягваецца. Яна баліць кожнаму з нас. Але нягледзячы на боль і стомленасць, мы застаемся адкрытымі — для ўцекачоў, для суседзяў, для сяброў. Для адзінства. Для жыцця.

Мы разам з палякамі, якія не баяцца быць побач. Бо сёння, калі ўлада стварае падзелы, мы выбіраем салідарнасць. Калі на вуліцах маршуюць супраціўнікі разнастайнасці, мы выходзім насустрач — з музыкай, з рухам, з мастацтвам, з любоўю.

Мы — гэта голас, які не маўчыць. Мы — фестываль свабоды, супраціву і еднасці. Мы — KULOK».

Сярод музычных удзельнікаў фэсту — гурты Dzieciuki, Atesta, Torn, артыст Mandzik.

Паэт Артур Камароўскі прэзентуе зборнік «Анатомія», актрыса Вольга Каралёнак — трасянкавую камедыю «Гдзе прэзідзент?», рэжысёр Арцём Лобач — фільм «Дом там, дзе я?».

Даследчык і падарожнік Аляксандр Гойшык правядзе лекцыю пра трохгадовае кругасветнае падарожжа.

Таксама пройдзе паказ серыялу «Чин-Чины в Мундирах» і гутарка з сустваральнікам фільму Змітром Есяневічам.

У межах фестывалю адбудзецца мастацкая выстава «Цень» (куратар — Яраслаў Кірвель). Праект даследуе схаваныя эмоцыі і ўнутраныя супярэчнасці чалавека праз вобраз, колер і рух.

Сярод творцаў:

— беларускія: Yaraslau Kirvel, Sierafimus, Arcemij Kopach, Serbski Nož, Alex Atyasov, Ztinavl, Cimur Cienišau.

— украінскія: Karolina Pidkova, Kacia Kulik.

— польскія: Oskar Wiatr, Jeremi Nowiński, Sabina Krysik, Madga Dubis, Jagoda Saigon.

Акрамя таго, будзе прадстаўлены фотапраект «Жыццё як панк-рок» (Аляксандр Валодзін, Іван Новаш).

Таксама госці змогуць далучыцца да чайных цырымоній ад Tea-Mail, набыць беларускі мерч WYRAJ і кнігі выдавецтва Prosvet.

Przychodnia і Syrena Skłot — знакавыя незалежныя пляцоўкі Варшавы, вядомыя сваёй DIY-культурай, актывізмам і атмасферай свабоды.

Вядучыя падзеі — мастак і куратар Яраслаў Кірвель і музычная журналістка, крытык, арганізатарка культурных імпрэз Марына Савіцкая.

Фестываль арганізуе калектыў KULOK.

Час і месца падзеі: 25 кастрычніка з 15:30 да 23:00, Przychodnia Skłot (ul. Ks. Ignacego Jana Skorupki 6) i Syrena Skłot (ul. Wilcza 30). Уваход — вольны.

Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram

🔥 Поддержите Reform.news донатом!
REFORM.news (ранее REFORM.by)
Добавить комментарий

Внимание, премодерация. Если вы в Беларуси, не оставляйте комментарий без включенного VPN.

Последние новости