«i!» — такую назву мае новы альбом паэта Віктара Сямашкі і піяністкі Юліі Шавель, у якім авангардная паэзія дэманструе сваю фрыджазавую моц.
Здаецца, толькі нядаўна паэт і музыка Віктар Сямашка выпусціў на YouTube музычную пастаноўку ў духу палітычнае сатыры Svintus Grandiosus. А ўжо на гэтым тыдні ў сеціве з’явіўся зборнік, дзе авангардная паэзія творцы гучыць пад імправізацыйны акампанемент піяністкі Юліі Шавель. Прайсці міма такога шаманства аказалася цалкам немагчымым — чулі розныя і прыўкрасныя меладыкламацыі, але ў эксцэнтрычным «i!» адбылося нешта незвычайнае.
Нагадаем, што Віктар Сямашка ў сваёй творчасці працуе не толькі са зместам, але і з формай. (Узгадаем тут ягоны паэтычны зборнік 2023 года «Аўтар мае рацыю заўжды», намінаваны на разнастайныя літаратурныя ўзнагароды). Творца, якога далучаем да мадэрністаў, гуляе са словамі, раздзяляе іх, стварае нечаканыя вобразы, філасофствуе, разважае, і ў ягоным выпадаку гучанне вершаў існуе ў некалькі музычных дыяпазонах. Дарэчы, як і жанравых. Напрыклад, ягоны вершаваны твор можа гучаць як маніфест («i!»), як развага («Ra»), як візуальны партрэт («Kryžavokaм»), ды нават трылер (кампазіцыя «Трансночны»).
Юлія Шавель дадае да прасторы Сямяшкі нуараўскага флёру, джазавай ды акадэмічнай дынамікі і развіцця — і, як вынік, тэкст раскрываецца ў музычнай імправізацыі як вольнае джазавае сола. Словы, выгуквані, спевы, паўзы — асобная партыя, адметнасць якой высвечвае вынаходлівае фартэпіяна артысткі.
Напрыканцы ўзновім словы ўласна Віктара Сямашкі пра авангарднасць беларускай паэзіі.
«Я не схільны залічаць сябе і да наватараў альбо парушальнікаў традыцый, таму што тое, што і ў беларускай літаратуры прынята лічыць за авангард, за вар’яцта, шызафрэнію ці нешта галюцынагеннае, — гэта насамрэч ужо традыцыя.
Тыя ж футурысты, той жа белы верш, гэта ўсё даўняя традыцыя, толькі яна не засвойваецца чамусьці, і заўжды гэтыя перыяды культурных рэвалюцыяў у добрым сэнсе слова перамяжаюцца з перыядамі бясчасся і вяртання да класічных формаў, звыклых, таму і забываецца тое, што было перад імі».
Слухаць альбом «i!» можна тут.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram