Увагу на пост у пабліку «Беларусы Варшавы» Reform.news звярнуў з прычыны таго, што, магчыма, знік чалавек. Прычым чалавек вядомы — музыка і прадпрымальнік Пятро Клюеў. «Друзья, ищу Петю Клюева. Если вы тоже его ищете — или знаете, где он сейчас, напишите в комментарии. Я вам сразу отвечу. Очень важно», — напісаў карыстальнік пад нікам ArticulateCapybara657. Пачалі «наводить справки», і адкрылася, што прычына знікнення музыкі больш празаічная, чым падалося адразу — Пятро Клюеў «залёг на дно» ў сувязі з вялікай колькасцю пазыкаў. То-бок знік ён не для ўсіх, а толькі для абраных.
Учора інфармацыя пра выступы Пятро Клюева з’явілася ў закрытых чатах — напрыклад, музычны сэт выканаўцы быў анансаваны ў праграме «арыстакратычнага вечара» ў варшаўскім The Backstage Bar, там жа Пятро мусіў быў выступаць і з лекцыяй пра будучыню біткоіна. Нечакана. Пры гэтым інфармацыя, што Пятро Клюеў не выходзіць на сувязь для некаторых людзей — зусім не жарт. Знаёмыя і сябры, якія пазычылі музыканту грошы, месяцамі чакаюць яго адказу.
Пра свае фінансавыя ўзаемастасункі з прадпрымальнікам Reform.news пагадзіліся распавесці палітолаг і выкладчык Алесь Лагвінец, а таксама паэт і музыка Алесь Плотка.
«Лічу, што гэта трэба максімальна апублічваць»
Аналітык і грамадскі дзеяч Алесь Лагвінец пазнаёміўся з Пятром Клюевым на польскай праграме лідарства. Малады чалавек пакінуў на палітолага прыемнае ўражанне, таму калі той звярнуўся з просьбай пазычыць грошы, Лагвінец пагадзіўся.
— Ён напісаў мне ў сацсеткі ў лютым 2025 года. Гэта было а 5 раніцы. Пятро напісаў, што ляціць з Амерыкі, і яму пільна трэба грошы на рахунак. І што на наступны дзень, калі ён дабярэцца да Варшавы, то аддасць, — дзеліцца выкладнік. — Потым «наступны дзень» пераносіўся некалькі разоў. Цэлы тыдзень ён казаў, што ў шпіталі, тое ды сёе. Я прапанаваў тады сказаць дату, калі ён здолее аддаць — дату ён ужо не назваў. А пасля ўвогуле перастаў адказваць на званкі ў фейсбуку, ягоны тэлефон ужо не працаваў.
Спадар Алесь лічыць, што сам вінаваты, што даверыўся чужому чалавеку.
— Кошт праўды пра яго аказаўся ў паўтары тысячы злотых. Можна зразумець якуюсьці надзвычайную сітуацыю, але ў мяне трое малых дзяцей.
Лічу, гэткія рэчы трэба максімальна апублічваць, — дадае візаві. — Каб такія людзі не карысталіся сваёй адноснай вядомасцю, і не злоўжывалі даверам іншых людзей.
Алесь Лагвінец упэўнены, што ён «не адзін такі»:
— Мне дакладна казалі пра яшчэ адну асобу, якая даверылася просьбе пра пазыку. Іншая асоба сказала: «Пятро неблагі хлопец, але грошай яму не пазычаць».
«Хочаш згубіць таварыша – пазыч яму грашэй»
Паэт і музыка Алесь Плотка пагадзіўся распавесці сваю фінансавую гісторыю з Пятром пасля доўгіх ваганняў. Сыходзячы з каментара творцы, Клюеў у дачыненні да Плоткі скарыстаўся знаёмай схемай «пазычыць да заўтра — аддаць няведама калі».
— Прымаўка кажа – «хочаш згубіць таварыша – пазыч яму грашэй», — са скрухай адзначае Алесь. — Long story short – 1 лістапада 2024 года я пазычыў Пятру Клюеву сярэднюю суму грошай (з двума нулямі, не з трыма) «да заўтра». Праз тыдзень будзе паўгады. Было дужа багата пераносаў і абяцанняў, — агучвае ўжо знаёмы «алгарытм» дзеянняў літаратар.
Ды таксама аўтар дадае, што ведае людзей з такой жа сітуацыяй.
— Гэта выглядае тэндэнцыйна, — падсумоўвае Алесь. — Ведаю, што ёсць людзі, якія шукаюць Пятра і сцвярджаюць пра значна большыя, сур’ёзныя сумы. Апублічваннем гэтай сітуацыі я хачу застрахаваць здароўе Пятра ад таго, што нехта будзе не такі цярплівы, як я, і можа нанесці яму рэальныя траўмы. Таксама хачу выкарыстаць гэта як перасцярогу ад таго, што калі людзі пачнуць пісаць заявы ў паліцыю, спыніць гэты працэс і вырашыць сітуацыю будзе значна цяжэй.
— Мы ўсе пражываем зараз няпростыя часы, Пеця, — звяртаецца наўпрост да свайго калегі музыка, — і нам максімальна непрыемна ад сітуацыі, якую ты стварыў. Светлай памяццю тваёй маці я прашу цябе падумаць пра гэта і, магчыма, нешта змяніць у стаўленні да людзей і сябе. Божай ласкі табе і моцы.
А што кажа сам Пятро?
Праз агульных знаёмых нам-такі ўдалося выйсці на героя нашай гісторыі. Пятро Клюеў запэўніў нас, што з ім усё ў парадку, і што ён дасяжны. А што наконт пазыкаў, то ён папрасіў даслаць кантакты тых людзей, якія яго шукаюць.
— У мяне проста няма доступу да некаторых сацсетак з некаторых прычын, і таму я не мог выйсці на сувязь, — пракаментаваў сітуацыю творца. — Буду ўдзячны за кантакты, і мы пытанне закрыем з радасцю. Добра, што людзі выйшлі, бо я сам шукаю некаторых людзей і не магу на іх выйсці.
Reform.news нагадаў імёны і прозвішчы тых асобаў, якія творцу добра знаёмыя, але грошы… які дзень…
Даведка: Пётр Клюеў — піяніст, аўтар, выканаўца з Гародні, экс-удзельнік гурта ЛСП. Вывучыў філасофію ў Аўстрыі, міжнародныя стасункі ў Папскім ўніверсітэце ў Рыме. У 2020 годзе музыка падтрымаў беларускія пратэсты. Цяпер жыве ў Варшаве. У снежні выпусціў новы альбом Punk’s Line.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram