ЗША працягнуць здымаць санкцыі, а беларускія ўлады — вызваляць зняволеных. Пра гэта заявіў спецпасланнік прэзідэнта ЗША Джон Коўл па выніках перамоў у Мінску. Паводле яго слоў, бакі ўзгаднілі папярэднія дамоўленасці, праца будзе працягнутая.
“Вялікае задавальненне ў чарговы раз быць у краіне. Сёння вельмі доўга праводзілі нашы перамовы. Гэтыя перамовы працягнуцца.
Мы дасягнулі вялікага прагрэсу, з майго пункту гледжання, і мы працягнем нашу сумесную працу”, — сказаў ён.
Паводле яго слоў, абмяркоўвалі міжнародныя пытанні, двухбаковы парадак дня і іншыя тэмы, якія ўяўляюць узаемны інтарэс.
“Мы ўзгаднілі прамежкавы дагавор, дамоўленасць”, — сказаў ён.
Коўл абвясціў пра зняцце санкцый з “Беллеспаперапрама” і “Лакафарбы” і вызваленне 25 зняволеных у Беларусі.
“Бакі працягнуць працу па вырашэнні пытанняў, якія застаюцца. Калі ўсе пытанні будуць вырашаныя і ўзгодненыя абодвума бакамі, будуць дадатковыя вызваленні асоб і зняцце санкцый з беларускіх кампаній.
Мы працягнем нашы перамовы. Усё гэта было вельмі плённым. І, як звычайна, я дзякую Беларусі і вельмі моцна дзякую прэзідэнту Лукашэнку”, — падсумаваў ён.

