Польская прэм’ера кнігі Альгерда Бахарэвіча «Сабакі Эўропы» адбылася ў Варшаве ў кнігарні Wrzenie Świata. Пераклад нядаўна выйшаў у Wydawnictwie Literackim пад назвай «Psy Europy».
Раман упершыню быў надрукаваны ў Беларусі ў 2017 годзе, але ў 2021 годзе новы наклад кнігі быў канфіскаваны беларускімі ўладамі, а сам твор унеслі ў рэспубліканскі спіс «экстрэмісцкіх матэрыялаў».
У 2024 годзе нямецкі пераклад Томаса Вайлера атрымаў прэмію імя Паўля Цэлана, а ў 2025-м Альгерд Бахарэвіч атрымаў Ляйпцыгскую кніжную прэмію за еўрапейскае паразуменне.
Сустрэчу з Альгердам Бахарэвічам і аўтаркай польскага перакладу Яаннай Бернатовіч мадэравала журналістка Агнешка Ліхнэровіч.

Кніга пра ўладу мовы і мову ўлады
Альгерд Бахарэвіч трактуе раман «Сабакі Эўропы» як свой галоўны твор. Адказваючы на пытанне пра яго папулярнасць праз столькі гадоў пасля выхаду, ён патлумачыў, што гэта кніга, якую можна чытаць усё жыццё, бо яна «пра ўладу мовы і мову ўлады. Я думаю, што я пішу пра рэчы важныя не толькі для беларусаў, але і для ўсіх еўрапейцаў, у тым ліку і для палякаў. Гэта кніга пра новы свет, той новы свет, у якім мы ўсе жывем. Бо мы з вамі жывём у эпоху, калі змяняецца мова, змяняюцца ідэнтычнасці… І я думаю, што мой погляд, погляд чалавека з Беларусі, дадае штосьці новага да таго, што сёння гаворыцца пра свет».
Яанна Бернатовіч дадала, што калі перакладала раман, вялізнае задавальненне атрымала ад працы са словам. «Для мяне гэта была неверагодная вандроўка па літаратуры, – сказала перакладчыца. – Поспех кнігі ў тым, што гэта казка пра тое, як мы моцна прыкутыя да зямлі і як мы хочам лётаць. Таму гэта кніга ўніверсальная і рэзануе ўсім».
Самым цяжкім у перакладзе стаў абʼём кнігі. Яанна Бернатовіч згадвала словы калегі, якая аднойчы, пераклаўшы кнігу, зразумела, што ўсё зрабіла не так. І давялося ўсе перарабляць. Гэтая думка пераследавала перакладчыцу «Сабак Эўропы» на працягу ўсёй працы: «Страшна баялася закончыць кнігу і ўбачыць, што гэта ўсё не тое».

Пра бальбуту
У «Сабаках Эўропы» Альгерд Бахарэвіч прыдумаў новую мову – бальбуту: «У бальбуце я ёсць богам. У мяне ёсць апосталы, прарокі, якія займаюцца і адказваюць за тое, што мова развіваецца далей», – пажартаваў пісьменнік. Але бальбутай сапраўды карыстаюцца, гэтую мову развівае, напрыклад, нямецкі перакладчык рамана Томас Вайлер. А гурт Dymna Lotva запісаў альбом з кампазіцыяй на бальбуце. «Сіндром самазванца» таксама выпусціў песню на на гэтай мове.
«Бальбута існуе ў некалькіх вымярэннях. Ёсць бальбута ў рамане «Сабакі Эўропы». Ёсць бальбута, якая развіваецца па-за раманам. Але сама ідэя мовы – утапічная. Бальбута існуе і як філязофская ідэя. У кожным з гэтых вымярэнняў бальбута іншая. У бальбуце ёсць два найважнейшыя словы «bu samoje». І калі людзі здольныя іх вымавіць, то я залічаю іх да бальбутанцаў», — усміхаецца Альгерд Бахарэвіч. А зала паўтарае: «bu samoje!».
Пра свабоду
Як разумее свабоду еўрапеец, што жыве ў Германіі і мае досвед рэжыму Лукашэнкі? – пытаецца мадэратарка.
«Зусім нядаўна я выступаў у горадзе Нойбрандэрбург на палітычнай дыскусіі на тэму «Што такое радзіма?», зладжанай для людзей, якія прыехалі ў Германію, і для саміх немцаў. І я адчуў на гэтай дыскусіі, што людзі з Усходняй Германіі маюць пэўную настальгію па ГДР, яны расчараваныя ў той Германіі, у якой жывуць.
У нейкі момант я сказаў ім: «Вы атрымалі свабоду, вы атрымалі найважнейшае, што могуць атрымаць людзі». Наколькі хутка людзі прывыкаюць да свабоды, наколькі хутка яны страчваюць адчуванне, што свабода – найважнейшае для чалавека. А я, як пісьменнік з Беларусі, са сваім беларускім досведам, ведаю, што такое несвабода. І людзі на Захадзе чамусьці пра гэта забылі і гатовыя аддаць свабоду ў абмен на штосьці. Я гэтага не магу зразумець.
І мне заўсёды тут хочацца сказаць: паглядзіце на Беларусь. Зразумейце, што гэтая свабода, якую вы маеце, яна можа за адно імгненне проста знікнуць. Заўсёды думайце, што ў Еўропе ёсць краіны, дзе свабоды проста няма!
Магчыма, свабода для мяне, як для беларускага пісьменніка, найперш ёсць магчымасць пісаць і гаварыць тое, што я хачу. Свабода быць правакатыўным, быць злым, быць агрэсіўным. Літаратура – гэта тэрыторыя поўнай свабоды, і я лічу, што ў літаратуры можна рабіць усё. Тут няма правілаў, гэта адзіная тэрыторыя поўнай свабоды».
Казка – найвышэйшая літаратура
Мадэратарка Агнешка Ліхнэровіч згадала казку «Сіла бяссільных», змешчаную ў рамане. «Казка найвыразнейшая літаратура, здольная напужаць, навучыць і даць нам нейкую мараль недыдыктычным чынам, – патлумачыў пісьменнік значэнне гэтага фармату. – І для мяне ўсе вялікія раманы – гэта вялікія казкі. Як «Уліс» Джойса ці творы Кафкі – вялікія прыгожыя і вельмі страшныя казкі. Раманы Гамбровіча – супервыразныя фантастычныя казкі.
І мне здаецца, што мы знаходзімся ў такім моманце развіцця цывілізацыі, калі чалавек страчвае здольнасць штосьці выдумляць.
Нон-фікшн не змяняе нас настолькі, як змяняе нас казка, выдуманая гісторыя. Казкі нясуць у сабе не проста памяць, а гэтую сілу ўяўлення. Мы, людзі, маем падарунак ад нашых продкаў – казкі, якімі мы можам карыстацца абсалютна бясплатна».

Пра прароцтвы
У рамане Альгерда Бахарэвіча беларуская апазіцыя знаходзіцца ў Вільні, дзе зʼяўляецца цэнтр супраціву. Гэты сюжэт напісаны задоўга да таго, як офіс Святланы Ціханоўскай пачаў сваю працу ў сталіцы Літоўскай рэспублікі.
У 2016 пісьменнік напісаў як расійская імперыя пачынае вайну супраць вольнага свету і захоплівае суседнія краіны.
Але Альгерд Бахарэвіч лічыць гэта не прароцтвам, а адсутнасцю ілюзій: «Мы, беларусы і ўкраінцы, увесь час жылі побач з гэтай расейскай імперыялістычнай пачварай. Жылі ў яе ценю. І мы, як тыя сабакі Эўропы, спрабавалі брахаць, гаўкаць пра тое, што ад гэтай імперыі ідзе вялікая пагроза для ўсяго свету, але нас ніхто не хацеў слухаць. Нас называлі нацыяналістамі і русафобамі»…
Пра беларускую культуру ў эміграцыі
«Беларуская літаратура сёння адкрывае для сябе свет, – сказаў пісьменнік. – Свет адкрывае існаванне беларускай літаратуры. Мне 51 год, і я назіраў развіццё беларускай літаратуры ад часоў незалежнасці, ад 1991 году. І з таго часу не было такога перыяду, калі беларуская літаратура была настолькі адкрытая свету і настолькі добра прачытаная і перакладзеная, як сёння. У нас ніколі не было столькі перакладаў, столькі прэмій, столькі выданняў у розных краінах, столькі сустрэч з чытачамі!
Я б сказаў, што Беларусь да 2020 года наогул не існавала ў свядомасці Захаду. Сёння шмат беларускіх пісьменнікаў жыве ў эміграцыі, таму для нас перакладчыкі – гэта галоўныя героі. Тыя людзі, на якіх стаіць сёння сучасная беларуская літаратура. Фактычна ў кожнай краіне ёсць людзі, якія перакладаюць беларускае і стараюцца нешта зрабіць, каб нашу літаратуру бачылі і чулі. Людзі, якім я хачу сказаць шчыры дзякуй».
Пісьменнік марыць, каб у чалавека з Еўропы пры слове «Беларусь» першыя асацыяцыі былі б з добрай літаратурай, а не з дыктатурай.
Аднак, нягледзячы на тое, што беларуская літаратура і кнігавыданне апынуліся ў эміграцыі ў сітуацыі свабоды, у сітуацыі рынку, што вельмі пазітыўна адбілася на іх развіцці, відавочнай становіцца і самая галоўная праблема: «Мы ўсе жывем у эміграцыі, пішам у эміграцыі. Любая эміграцыя мае свой канец. То-бок наступнае пакаленне не будзе так цікавіцца беларускай культурай і літаратурай, а нашыя ўнукі наогул не будуць успамінаць сваё беларускае паходжанне.
Важна не тое, што мы пішам тут сёння для сябе, важна, каб тое, што мы пішам, калі-небудзь вярнулася на Беларусь. Можа, быць праз 10, 20, 50 гадоў. Але каб беларусы ў Беларусі чыталі тое, што мы пішам сёння»…
«Усё, што мы пішам, усе кнігі, якія мы пішам, – гэта капсулы часу, якія мы пакідаем для будучых пакаленняў», – падагульніў пісьменнік.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram
