Апошні паказ вясновага сезону праекта DRAMATEN.DOC Каралеўскага драматычнага тэатра ў Стакгольме будзе прысвечаны п’есе «Фініст ясны сокал» расійскай аўтаркі Святланы Петрыйчук у перакладзе Нільса Хакансона.
Сцэнічная адаптацыя адбудзецца пад мастацкім кіраўніцтвам беларуска-шведскага рэжысёра Дзмітрыя Плакса.
Праект DRAMATEN.DOC – гэта серыя перфарматыўных чытак пра бягучыя падзеі ў свеце. Яго ініцыятар і кіраўнік Дзмітрый Плакс знаходзіць тэксты для чытак у драматургаў, пісьменнікаў і калег па тэатры ў рэгіёнах, закранутых войнамі і канфліктамі.
У тэатры ўжо прайшлі чыткі паводле тэкстаў аўтараў з зон канфліктаў — кнігі-дзённіка журналісткі з Нагорнага Карабаху Лікі Закаран «44 дні», навелы шведска-курдыстанскага літаратара Фірата Северы «Вязень чорнай ночы», кнігі ўкраінскага публіцыста Станіслава Асеева «Светлы шлях – гісторыя аднаго канцлагера». Чацвёрты паказ «Бяляцкі, прасі літасці!» быў прысвечаны аповеду беларускага Нобелеўскага лаўрэата Алеся Бяляцкага «Бяляцкі, пішы прашэнне аб памілаванні!» і кнігі Максіма Знака «Зэкамерон».
Для заключнай пастаноўкі сезона Дзмітрый Плакс выбраў п’есу «Фініст ясны сокал» расійскага драматурга Святланы Петрыйчук, у якой апавядаецца пра расійскіх жанчын, што бягуць у Сірыю, каб стаць там жонкамі тэрарыстаў. П’еса напісана з адсылкай да аднайменнай рускай народнай казкі пра пяшчотнае каханне, аднак у аснову яе леглі рэальныя матэрыялы допытаў і прысудаў супраць гэтых жанчын.
Спектакль «Фініст ясны сокал» быў пастаўлены ў Маскве тры гады таму, у 2022 годзе ён атрымаў дзве тэатральныя ўзнагароды «Залатая маска».
Выбар п’есы для праекта абумоўлены тым, што яе аўтарка Святлана Петрыйчук і рэжысёрка Яўгенія Бярковіч былі затрыманыя ў пачатку мая паводле абвінавачання ў «апраўданні тэрарызму». Цяпер яны знаходзяцца пад вартай у чаканні суда.
Reform.by пацікавіўся ў рэжысёра і кіраўніка праекта Дзмітрыя Плакса пра прычыну выбару гэтага тэксту для сцэнічнага ўвасаблення.
«Насамрэч гэта для мяне дылема: прысутнасць рускай культуры ў рэпертуары інстытуцыйных тэатраў падчас вайны, — тлумачыць Дзмітрый Плакс. — З аднаго боку, у рэпертуары культурных інстытуцый я бачу, як у мільённы раз даюць, скажам, Чайкоўскага і не вельмі разумею, чаму б не даць, да прыкладу, Сільвестрава.
Нават проста з цікаўнасці, без параўнання.
Да таго ж, падтрымка рускай дысідэнцкай культуры за межамі РФ у разы большая за падтрымку беларускай і нават украінскай.
Аднак ёсць дзве прычыны, чаму я падрыхтаваў чытку п’есы «Фініст ясны сокал».
Па-першае, затрыманыя тэатральныя дзеячы — мае калегі, людзі тэатра. Яны ў турме менавіта за сваю працу.
Па-другое, мае ўласныя развагі і сумневы не мусяць наўпрост уплываць на тое, што робіць Dramaten.Doc, бо гэта — пляцоўка, на якой мусіць гучаць голас тых, хто не мае магчымасці выказацца.
А я не абавязаны цалкам падзяляць пазіцыю ці змест выказвання, мая праца палягае ў іншым: прадставіць гэтае выказванне на пэўным мастацкім узроўні».
Сцэнічны паказ «Фініст ясны сокал» адбудзецца 24 мая ў 19.00 у Каралеўскім драматычным тэатры ў Стакгольме.
Білеты можна набыць па спасылцы.
Падрабязней пра праект DRAMATEN.DOC Дзмітрый Плакс расказвае тут.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.by у Telegram
Сообщить об опечатке
Текст, который будет отправлен нашим редакторам: