Reform.news

«Калі мне становіцца ўсё ясна, я адтуль сыходжу»: мастак Аляксандр Адамаў — пра навязлівы санаторый і выставу ў Варшаве

Reform.news · 19 сентября 2026, 12:08

https://reform.news/kali-mne-stanovicca-sjo-jasna-ja-adtul-syhodzhu-mastak-aljaksandr-adama-pra-navjazlivy-sanatoryj-i-vystavu-varshave/

У Музеі Вольнай Беларусі ў Варшаве адкрылася персанальная выстава беларускага мастака Аляксандра Адамава hyperMother. Shared Breathing. Яна ўваходзіць у праграму Warsaw Gallery Weekend і працягвае праект hyperMother, над якім аўтар працуе ўжо некалькі гадоў.

У новай выставе Адамаў збірае ў музейнай зале фрагмент выдуманай інстытуцыі, падобнай да санаторыя: з залай чакання, адмысловым святлом, гукам, вібрацыямі і ўласнымі працэдурамі. Яе задача нібыта зразумелая – паклапаціцца пра стомленага чалавека і на нейкі час вызваліць яго ад неабходнасці самому сачыць за ўласным станам.

Але чым больш функцый забірае на сябе гэтая сістэма, тым складаней зразумець, у які момант апека становіцца кантролем.

Напярэдадні адкрыцця Reform.news пагаварыў з Аляксандрам Адамавым пра тое, чаму ідэя hyperMother не вычарпалася адной выставай, адкуль узялася назва, і навошта мастаку ператвараць галерэю ў фрагмент неіснуючай установы.

Фрагмент экспазіцыі выставы Аляксандра Адамава. Фота: Вікторыя Адамава

Пакуль пытанне не мае адказу

Паводле Адамава, hyperMother першапачаткова не задумвалася як вялікі цыкл. Да яго мастак прыйшоў праз некалькі асобных эксперыментаў апошніх гадоў, у якіх зноў і зноў з’яўляліся падобныя тэмы.

«Галоўная задача, якую я стаўлю перад сабой як мастак, – мець эксперымент, які на кожным этапе не перастае быць для мяне незразумелым. Калі ён застаецца незразумелым, але я адчуваю, што там нешта ёсць, я туды іду. Калі мне становіцца ўсё ясна, калі я адчуваю, што адказаў на пытанне, мне перастае быць цікава, і я адтуль сыходжу», – кажа Адамаў.

Калі мастак азірнуўся на свае працы апошніх пяці гадоў, выявілася, што некалькі з іх так ці інакш круціліся вакол адной праблемы: апека і гіперапека, нагляд і кантроль і наколькі ўвогуле магчыма аддзяліць адно ад другога.

Гэтыя тэмы і сабраліся пазней пад назвай hyperMother.

Фрагмент экспазіцыі выставы Аляксандра Адамава. Фота: Вікторыя Адамава

Сама назва з’явілася значна больш выпадкова

«Роўна год таму я гуляў з сабакам і прыдумаў выраз «гіперрэалістычная маці». Прагаварыў яго ў галаве і зразумеў: мегакрута гучыць. Я ўвогуле прыхільнік мегакрутых назваў і слоў», – смяецца мастак.

Спачатку гэта была менавіта назва выставы. Але спалучэнне двух слоў аказалася для Адамава больш ёмістым, чым адзін праект.

«Там ёсць «маці», «мама» – адно з самых першых і самых папулярных словаў. І ёсць hyper – тое, што сёння пастаянна праслізгвае ва ўсім, што звязана з тэхналогіямі, лічбай. Як быццам дзве глыбы: адна вельмі ўнутраная, мяккая, другая – халодная і сучасная.

Пры гэтым яны абедзве ўсеахопныя, толькі па-рознаму».

Першая выстава атрымала назву HYPERREALISTIC MOTHER. Яна адкрылася ў снежні 2025 года ў Galeria Szczur у Познані.

Цэнтрам тагачаснай выставы быў дзіцячы пакой допытаў – спецыяльна арганізаванае памяшканне, дзе размова з дзіцем павінна адбывацца ў максімальна бяспечнай і спакойнай атмасферы, але адначасова вядзецца назіранне і запіс.

Мастак працаваў з самім супрацьпастаўленнем мяккага інтэр’еру і функцыі кантролю. Унутры з’явіліся аб’екты з серыі «Не-цацкі», а таксама пярцовы балончык з бірулькай у выглядзе слязы і выявай Маці Божай і іншыя прадметы.

Пасля гэтай выставы стала зразумела, што тэма не скончылася.

«Я зразумеў: окей, гэта не заканчваецца выставай. Мне цікава глядзець, як гэта існуе далей, як пераламляецца праз іншыя мае ідэі. Я зразумеў, што гісторыя сто працэнтаў доўгая».

Так з назвы знікла слова realistic.

«Я скараціў тэрмін і стварыў hyperMother як інстытуцыю. Пакуль што яна будуецца як выставачныя праекты. Але не ведаю, можа, яна калісьці пабудуецца як нешта рэальнае, стацыянарнае».

Фрагмент экспазіцыі выставы Аляксандра Адамава. Фота: Вікторыя Адамава

Пакоі, якія «захрасаюць» у галерэях

У Shared Breathing Адамаў працягвае не столькі папярэднюю выставу, колькі саму логіку hyperMother.

Калі ў Познані гледачы траплялі ў дзіцячы пакой допытаў, то ў Варшаве яны апынуцца ў іншай частцы гэтай установы. Яе можна ўявіць як фае, хол ці залу чакання санаторыя.

Для мастака важна, што экспазіцыя ствараецца непасрэдна ў прасторы Музея, ён не спрабуе замаскіраваць яе пад нейтральную белую залу.

«Я хачу больш працаваць з прасторамі. Гэта не будзе выстава ў сэнсе white cube, куды я прынёс аб’екты, паставіў іх, выбачаюся, на пастамент ці развесіў і падсвяціў. Для мяне white cube – гэта ўжо перажытак ідэі нейтральнага кантэксту. Нейтральнага кантэксту не існуе».

Адамаў кажа, што стаміўся і ад самой дыстанцыі паміж гледачом і мастацкім аб’ектам.

«Мне хочацца, каб аб’екты сустракаліся з аб’ектамі, каб паміж імі была сетка, сувязь, каб з іх спадала гэтая заслона недатыкальнасці».

Некаторыя яго працы можна чапаць. Іншыя лепш не чапаць.

Мастак прыводзіць прыклад сапраўдных газавых балонаў, якія выкарыстоўвае ў сваіх аб’ектах: газ у іх таксама сапраўдны.

«Калі націснеш, можаш рэальна заліць вочы сабе або камусьці іншаму. Я не хаваю, што некаторыя рэчы небяспечныя, бо гэта жыццё. Мне не хочацца, каб выставачная прастора моцна адрознівалася ад рэальнага жыцця».

У прасторы Музею Вольнай Беларусі мастак працуе з залай каля ста квадратных метраў з высокімі столямі і самой архітэктурай гістарычнага будынка.

Пры гэтым цалкам перабудоўваць памяшканне ён не хоча.

Замест гэтага ў праекце з’явіўся прынцып, які Адамаў называе «захрасаннем»: пакоі выдуманай установы hyperMother нібы выпадкова трапляюць у рэальныя музеі і галерэі і часова застаюцца там.

«Калі мы гаворым пра дзіцячы пакой допытаў, ён у мінулым годзе захрас у Познані, у гэтым годзе захрасае ў Слупску. А ў нашым выпадку зала чакання – нешта паміж холам і фае – вось, захрасла ў Музеі Вольнай Беларусі».

Для Адамава такое «захрасанне» дазваляе не будаваць завершаную дэкарацыю.

«Яно не абавязвае мяне да татальнай аранжыроўкі, але адкрывае магчымасць перасабраць фрагменты гэтага неіснуючага фае, фае санаторыя ці яго хола».

Аляксандр Адамаў «Паноптыкум». Фота: Вікторыя Адамава

Shared Breathing

У варшаўскай выставе hyperMother ужо выглядае як установа, у якой існуюць уласныя філіялы.

Адзін з іх займаецца «падзеленым дыханнем» – Shared Breathing.

Паводле апісання праекта, гук і вібрацыі тут выкарыстоўваюцца як інструмент каліброўкі, а дыханне задае агульны рытм.

Працэдура не называецца лячэннем. Яе мэта – стабілізаваць стан і знізіць лішняе напружанне.

У гэтым свеце чалавеку прапануюць не працаваць над сабой яшчэ больш, а, наадварот, часова перастаць гэта рабіць.

Сістэма сама ведае, калі трэба запаволіцца. Сама вызначае патрэбны рытм і сама прапануе адпачынак.

Адсюль і пытанне, з якім працуе праект: што адбываецца, калі сістэма, створаная дзеля камфорту чалавека, пачынае сама вырашаць, што для яго добра?

У самім памяшканні не будзе адной цэнтральнай працы, вакол якой выбудоўваецца ўсё астатняе.

«Мы зойдзем у прастору і ўбачым фрагмент нейкай інстытуцыі пад назвай hyperMother, а дакладней, яе філіяла, які займаецца Shared Breathing. Мы зможам там знаходзіцца, узаемадзейнічаць з аб’ектамі, адчуваць на сабе спецыяльна настроенае святло, якое лекуе, зможам счытваць вобразы. Мне хочацца, каб чалавек адчуў сябе нібы ў пачатку будаўніцтва нейкай вялікай-вялікай інстытуцыі».

Адамаў называе будучую прастору ўтульнай, хаця ўтульнасць у hyperMother заўсёды застаецца крыху падазронай.

І ўсё ж ён нагадвае, што перадусім робіць выставу.

«Тут ёсць на што паглядзець, ёсць што паслухаць, ёсць што пачытаць».

Перформанс «Уступная каліброўка». Зуза Шчэпанска. Фота: Вікторыя Адамава

Перформанс

Адкрываў выставу перформанс «Уступная каліброўка», пабудаваны як паралельнае чытанне трох кніг, кожная з якіх прапануе сваю мадэль рэакцыі на тое, што адбываецца навокал: польскі Poradnik bezpieczeństwa структуруе адказ на знешнія пагрозы, Szczęścia można się nauczyć прапануе звярнуцца да самакантролю і ўнутранай раўнавагі, а дапаможнік па бязбольным суправаджэнні становіцца найбольш радыкальнай формай адыходу ад рэальнасці.

Перформерка Зуза Шчэпаньска паслядоўна працуе з гэтымі трыма рэгістрамі, выступаючы то як наведніца, то як умоўная супрацоўніца інстытуцыі і ствараючы паміж рознымі тэкстамі прастору для агульных сэнсаў. Ад гледача пры гэтым нічога не патрабуецца: можна прыйсці, сысці, прапусціць частку чытання або не застацца ўвогуле. Таму няпоўная прысутнасць, страта інфармацыі і фрагментарнае ўспрыманне таго, што адбываецца, таксама становяцца часткай перформансу.

***

Выстава будзе працаваць да 4 кастрычніка.

Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram

Реклама

Добавить комментарий