Выстава «Дзе людзі і звяры блукаюць у цені сцяны», што адкрылася ў варшаўскай галерэі WOK, даследуе тое, як узведзены ў 2021 годзе ў Белавежскай пушчы 186-кіламетровы мур, прызначаны стрымліваць бежанцаў, уплывае на людзей і жывёл, як прырода становіцца сведкам палітычных падзей. Удзельнікі выставы — сучасныя беларускія і польскія мастакі: Сяргей Шабохін, Пётр Пасевіч, Барталамей Кялбовіч, Агнешка Каліноўская, Яўген Глушань, Ксенія Галубовіч, Pas і BZT.
Зладзіла выставу «Куратарская група 4», што складаецца з беларускіх адмыслоўцаў, якія сёння пражываюць у розных краінах. Гэта іх першы праект, які насамрэч павінен быў выглядаць зусім іначай.
Група куратараў накіравалася ў Белавежскую пушчу, каб стварыць праект пра дрэвы і сувязь беларусаў з лесам. Яны прыехалі на Падляшша, і высветлілася, што пытанні пра дрэвы ў разгар эміграцыйнага крызісу аказаліся не зусім дарэчнымі. Бо мур даўжынёй 186 кіламетраў зусім побач, таму ім адразу расказалі, як у гэты ж дзень зусім непадалёк ад вёскі было знойдзена цела мігранта. Ідэя рамантычнага праекта пра дрэвы адсунулася на нявызначаны час, і куратарская каманда стала працаваць над новай тэмай: як мур змяніў жыццё людзей і жывёл і паўплываў на ўсю экасістэму.
Пры гэтым стваральнікі выставы не шукалі ні вінаватых, ні адназначных адказаў, але ў працэсе працы зразумелі, што многія людзі дэманізуюць мігрантаў, называюць іх зброяй у руках палітыкаў, таму нагадванне пра эмпатыю стала важнай часткай іх праекта. Аднак найперш яны спрабавалі разгледзець гэтую праблему больш-менш нейтральна. Куратары рабілі праект паўтары гады, і напачатку ён меў назву «Над мурам». І толькі за месяц да адкрыцця назва змянілася на радок малітвы, напісанай адмыслова да выставы.
«Мур у Белавежскай пушчы – не першая сцяна, пабудаваная для таго, каб адгарадзіцца ад праблем і жыццяў іншых. Хоць даследаванні відавочна паказваюць, што сцены насамрэч не вырашаюць праблему міграцыі людзей», — пішуць куратары і лічаць мур праявай улады, якой трэба развязаць праблему хутка.
Выстава – гэта заўсёды шлях. Шлях у галерэі WOK пачынаецца ад ценяў.

«Тэатр ценяў» беларускага аўтара Яўгена Глушаня зроблены з дапамогай фатаграмы – беспасрэднай фіксацыі праекцыі прадметаў на фотапаперы. На аркушы выявы рук мастака, якія ён складвае ў форме птушак. Цені рук, што адбіліся на паперы, – нібы вобразы мігрантаў, бо яны звычайна перамяшчаюцца па начах, хаваюцца, таму выпадковыя людзі бачаць толькі іх цені і не ведаюць іх імёнаў.

На іншым сэнсавым полюсе выставы знаходзіцца фотапраект беларускай рэжысёркі Ксеніі Галубовіч, якая ў разгар мігранцкага крызісу ездзіла ў лагеры каля мяжы і фатаграфавала мігрантаў. Яна лічыла важным зрабіць так, каб гэтыя людзі сталі бачнымі. Пад серыяй фотапартрэтаў – рэчы мігрантаў, якія былі кінутыя ў лесе. Цікава, што частка гэтых рэчаў не вельмі практычная для цяжкай вандроўкі, то-бок людзі спадзяваліся ўладкавацца ў бяспечным месцы, але ў выніку частка рэчаў засталася ў лесе.

Пётр Пасевіч у інсталяцыі «Бетанізацыя» працуе з тэмай сувязі прыроды і чалавека. І вырашае гэту сувязь з дапамогай выразных формаў і сімвалічных матэрыялаў – дрэва і бетон у яго скульптурах уступаюць у брутальнае сутыкненне, так што становіцца цяжка зразумець: гэта бетон ламае дрэвы, ці дрэвы прарастаюць у бетон?

З гэтай працай нечакана рыфмуецца «Цяжкі белы» Агнешкі Каліноўскай. Каб зразумець гэты твор, трэба ўявіць фрагмент агароджы, на якую падаюць сняжынкі. Нібыта далікатныя, але калі іх шмат, яны здольныя цалкам пакрыць сталёвую канструкцыю. Так нараджаецца метафара пра моц яднання, пра прыроду, якая перамагае межы, створаныя чалавекам.

Барталамей Кялбовіч сваю буйнафарматную працу «Край» пачаў ствараць на другую гадавіну будаўніцтва мура. У якасці асновы ён выкарыстоўваў свае старыя карціны, якія зафарбаваў і напісаў тры словы – «Гонар», «Польшча» і «Айчына». Гэтыя словы выглядаюць, як сталёвыя пруты сцяны на польска-беларускай мяжы, то-бок аўтар паказвае, як чыстыя і светлыя паняцці ствараюць межы і перашкоды.

Яўген Глушань паказаў на выставе яшчэ адзін твор. «Бяспечнае месца» – гэта кампазіцыя са сцягоў, выкананых з марлі і падсвечаным зялёным святлом. Зялёнае святло – гэта бяспека і дапамога. Калі ў акне пушчанскай хаты – зялёны агеньчык, значыць мясцовыя жыхары гатовыя прапанаваць ваду і ежу. Любая іншая дапамога — крыміналізавана. Зялёным святлом пазначаюць сябе валанцёры ў лесе. Інсталяцыя Яўгена напачатку была выстаўлена ля мяжы.

Сяргей Шабохін выканаў для выставы твор «Зладзейскія манеты». Так называюць завостраныя манеты, прызначаныя для разразання кішэняў, торбаў, то-бок для рабавання ці самаабароны. Цень – важная частка гэтага аб’екта. Маленькі плот кідае свой выразны геаметрычны цень, а манеты, уторкнутыя ў гэты плот, маюць цені больш складаныя: калі прыгледзецца, цені ад манет нагадваюць фігуркі людзей, што лезуць праз плот. З аднаго боку плота – грошы польскія, з супрацьлеглага — беларускія, бо мастак успрымае граніцу як прастору для эканамічнага прыгнёту, панавання бюракратыі і гвалту.

Беларуская мастачка Pas стварыла «Умоўнае даміно» – метафару палітычнай гульні. Бо калі перавярнуць косткі даміно можна ўбачыць фрагмент сцяны. Як бы ты не іграў — з іншага боку выбудоўваюцца мур і перашкоды.

І апошняя праца экспазіцыі, якая яе замыкае і дае надзею, — «Ікона Багіні Разбуральніцы Межаў» аўтарства BZT. Аўтар стварыў багіню, якой нам не хапае, і напісаў малітву, што стала назвай выставы.
«Сцяна, пабудаваная ў Белавежскай пушчы ў 2021 годзе, каб спыніць мігрантаў, парушае лясную экасістэму, але не спыняе тых, хто бяжыць да свабоды і бяспекі. Некаторыя з іх ніколі не пакінуць гэты лес – ужо зафіксаваныя дзясяткі смерцяў. Колькі яшчэ целаў ляжыць, пакрытых імхом?», — пытаюцца аўтары выставы.
У межах праекта яны падрыхтавалі невялікае выданне – зін. У ім, акрамя апісання прац, куратары расказваюць пра гуманітарны крызіс на мяжы, даюць кантакты і парады, як можна дапамагчы людзям, і апісваюць досвед жыхароў пушчы і валанцёраў. «Матыў, чаму я дапамагаю, гэта тое, каб ніхто ў маім лесе не паміраў», — кажа адна з валанцёрак з польскага боку.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram