Беларуская прэмія кінакрытыкаў «Чырвоны верас» распачынае трэці сезон і абвяшчае прыём заявак.
«Мы пішам гісторыю беларускага кіно, якое ў неспрыяльных умовах, але працягвае рэфлексаваць з гледачамі пра супольную рэчаіснасць і расказваць свету пра сапраўдную Беларусь», – кажуць заснавальнікі «Чырвонага верасу».
Гэтым разам кінапрэмія чакае беларускія фільмы 2023 і 2024 гадоў.
Кінапрэмія па-ранейшаму разглядае беларускія ігравыя і дакументальныя, поўнаметражныя і кароткаметражныя фільмы, якія ствараліся без удзелу дзяржаўных бюджэтаў Беларусі альбо Расеі. Пад беларускім кіно разумеюцца стужкі, знятыя беларускімі рэжысёрамі альбо беларускімі рэжысёрамі з цалкам ці пераважна беларускаю здымачнаю групай як на тэрыторыі Беларусі, гэтак і за мяжою.
У новым сезоне «Чырвоны верас» павялічыў колькасць намінацыяў. Цяпер заяўнікі таксама змогуць прэтэндаваць на перамогу ў катэгорыі «Найлепшы мантаж», да таго ж у асобную катэгорыю «Найлепшы дакументальны рэпартаж» выведзеныя дакументальныя работы тэле- і YouTube-фармату, што раней заставаліся ў ценю аўтарскіх фільмаў.
«Нам важна, каб кінааўтары ўсведамлялі, наколькі грандыёзную працу яны робяць: тое, што яны захоўваюць Беларусь і беларусаў у кінамастацтве, пакуль нацыянальная ідэнтычнасць зазнае спробы брутальнага ўплыву, складана пераацаніць. У патоку дрэнных навінаў і складанасцяў хай «Чырвоны верас» будзе адной з пазітыўных цаглінак, якія пераконваюць фільммэйкераў у вартасці іхнай працы», — падкрэслівае каманда «Чырвонага верасу».
Удзел у «Чырвоным верасе» можа быць ананімны. Пераможцаў трэцяй эдыцыі кінапрэміі абвесцяць у лютым 2026 года.
Даслаць заяўку да 9 лістапада можна тут.
Прэмія «Чырвоны верас» была заснаваная чацвёркай беларускіх кінакрытыкаў, у ліку якіх Ірэна Кацяловіч і Тарас Тарналіцкі, у 2021 годзе. Узнагарода адзначае найлепшыя дасягненні ў сферы беларускага кіно – кіно, якое ствараюць беларусы паводле грамадзянства альбо нацыянальнасці ў краіне і за яе межамі.
Цырымонія другой эдыцыі прэміі адбылася падчас Берлінскага кінафестывалю ў 2024 годзе. У пераможцах «Чырвонага верасу-2024» у розных катэгорыях: «Смеласць» Аляксея Палуяна, «Мара» Сашы Кулак, «Маладосць па-беларуску» Ксеніі Галубовіч, «Метадычка» Паўла Мажара, «Спатканне ў Мінску» Мікіты Лаўрэцкага, «Смеццевая галава» Юрыя Сямашкі, «Shirey Mara» Наты Карнеевай.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram