Якім быў спачылы Папа Рымскі Францішак? Узгадваем яго ўчынкі і словы

Главное
Фота: Getty Images.

Спачылы сёння, 21 кастрычніка, Папа Рымскі Францішак увайшоў у гісторыю як пацыфіст, рэфарматар царквы, аскет, асветнік. Узгадваем яго ўчынкі і словы — у тым ліку пра Беларусь.

Асветнік і аскет

Папа Рымскі Францішак (Хорхэ Марыа Бергольа) нарадзіўся 17 снежня 1936 года ў Буэнас-Айрэсе, у сям’і італьянскіх імігрантаў. У 1958 годзе ўступіў у ордэн іезуітаў. Атрымаў ступень ліценцыята па філасофіі ў семінарыі святога Іосіфа ў Буэнас-Айрэсе. Праз дзесяць гадоў — ён ужо прафесар тэалагічнага факультэта ў каледжы Сан-Мігель, а яшчэ праз шаснаццаць — духоўны дырэктар Кордаўскай архіепіскапіі. У 1998–2013 гадах — арцыбіскуп Буэнас-Айрэса.

Хорхэ Бергольа быў абраны главой Рымскай каталіцкай царквы ў 2013 годзе, стаўшы першым у гісторыі пантыфікам з Лацінскай Амерыкі. Ён узяў імя ў гонар Святога Францішка Асізскага, вядомага сваім аскетызмам.

Стаўшы Папам, пантыфік тут жа адмовіўся ад шматлікіх прывіляў — ад выкарыстоўвання лімузіну, пышных убранняў, упрыгожанняў, не трымаў прыватнага самалёта, па магчымасці шматлікія рэчы выконваў самастойна. Ён адмыслова звяртаў увагу на тое, што кожны чалавек, незалежна ад яго статусу, фінансавага палажэння варты павагі, Божай ласкі і міласэрнасці. Усе адзначалі, што ён ставіўся з роўнай павагай як да высокапастаўленых асобаў, так і да маргіналаў.

Якім быў спачылы Папа Рымскі Францішак? Узгадваем яго ўчынкі і словы
Візіт Папы Францішка ў рымскую турму Regina Coeli (17 красавіка 2025) (Vatican Media).

Рэфарматар

«Хто я такі, каб судзіць гомасэксуалаў?» — гэта вядомая фраза Папы Францішка пазначыла новую веху ў гісторыі царквы. Пантыфік зазначыў, што нельга нікога падвяргаць дыскрымінацыі з-за сэксуальнай арыентацыі. «Гомасэксуалы маюць права на тое, каб жыць у сям’і. Яны — дзеці Божыя і маюць права на сям’ю», — сказаў ён, тым самым парушыўшы табу ў дачынненні да важнай тэмы.

Пры гэтым Папа Францішак не стаў хаваць сэксуальныя злачынствы ў царкве і заснаваў спецкамісію па расследаванні выпадкаў педафіліі. Ён назваў праблему здзекаў з непаўналетніх правалам царкоўнай арганізацыі і шматразова сустракаўся з ахвярамі святароў-педафілаў.

«Гэта шлях, які мы ўсе павінны прайсці, выкліканы болем і сорамам за тое, што не заўсёды былі добрымі апекунамі непаўналетніх, давераных нам, у нашай адукацыйнай і асветніцкай дзейнасці», заявіў ён у пасланні на сімпозіуме па абароне дзяцей у 2011 годзе.

Папа Францішак лічыўся рашучым праціўнікам абортаў. Паміж тым ён заклікаў святароў быць літасцівымі да жанчын, якія зрабілі аборт, і адпускаць іх грахі.

Пры гэтым глава каталіцкай царквы не прымаў сурагатнага мацярынства і трансгендарнага пераходу. «Жаданне распараджацца самім сабой <…> азначае нішто іншае, як паддацца вечнай спакусе чалавека зрабіць сябе Богам», — выказаўся ён наконт змены пола.

Якім быў спачылы Папа Рымскі Францішак? Узгадваем яго ўчынкі і словы
У 2014 годзе ў музычным часопісе Rolling Stone выйшаў артыкул пра Папу Францішка «Часы, якія яны мяняюць. Унутры мяккай рэвалюцыі Папы».

Пацыфіст

Пантыфік прытрымліваўся пазіцыі спыннення любых ваенных канфліктаў шляхам дыялогу.

Так, у лістападзе 2023 года ён сустрэўся з сем’ямі палістынскіх зняволеных, якіх утрымліваў Ізраіль. І з сем’ямі закладнікаў, выкрадзеных ХАМАС.

Не засталіся незаўважанымі светам яго выказванні і дзеянні ў дачыненні да вайны ва Украіне. Нягледзячы на тое, што Папа Францішак быў глыбока ўзрушаны звесткай пра поўнамаштабнае ўварванне Расіі ва Украіну, у сакавіку 2024 года пантыфік заявіў, што Украіна павінна мець мужнасць «узняць белы сцяг» і пачаць перамовы аб спыненні вайны з Расіяй. Гэтыя словы выклікалі расчараванне ўкраінскага боку.

Аднак Папа Францішак тройчы сустракаўся з Уладзімірам Зяленскім пасля пачатку вайны. Апошняя іх сустрэча адбылася ў кастрычніку 2024 года, падчас якой абмяркоўвалася гуманітарная сітуацыя ў краіне, шляхі, якія могуць завяршыць вайну. У маі пантыфік заклікаў Украіну і Расію да абмену палоннымі «ўсіх на ўсіх».

Уладзімір Зяленскі сёння развітаўся з Яго Свяцейшаствам такімі словамі: «Ён ведаў, як даць надзею, палегчыць пакуты малітвай і спрыяць адзінству. Ён маліўся за мір ва Украіне і для ўкраінцаў. Мы смуткуем разам з католікамі і ўсімі хрысціянамі, якія звярталіся да Папы Францішка па духоўную падтрымку. Вечная памяць!»

Якім быў спачылы Папа Рымскі Францішак? Узгадваем яго ўчынкі і словы
Фота: rbc.ua.

А што пра Беларусь?

Вядомы факт — сустрэча Папы Рымскага Францішка і Аляксандра Лукашэнкі ў маі 2016 года. Пасля гэтага доўга абмяркоўваўся патэнцыйны візіт пантыфіка ў Беларусь. Але гэтага так і не адбылося.

У жніўні 2020 года глава каталіцкай царкавы звярнуўся з такімі словамі да свету і беларусаў: «Мае думкі звяртаюцца да дарагой Беларусі. З увагай я сачу за паслявыбарнай сітуацыяй у гэтай краіне і заклікаю да дыялогу, адмовы гвалту і павазе справядлівасці і права. Давяраю ўсіх беларусаў апецы Мадонны, Панны свету», — сказаў ён.

Звярнуў увагу Святы Прэстол і на сітуацыю з мігрантамі на беларуска-польскай мяжы. Папа Францішак скіраваў 100 тысяч еўра людзям, якія апынуліся ў цяжкім становішчы на мяжы Беларусі і Польшчы.

У 2023 годзе пантыфік перадаў пасланне беларусам праз свайго спецпасланніка Клаўдыа Гуджэроці, які прыбыў у Мінск 29 чэрвеня з нагоды 25-годдзя каранацыі абраза Будслаўскай Божай маці.

Гуджэроці заявіў, што ні ў нікога няма простых рашэнняў, якія прывялі б да ўсталявання міру.

«У сувязі з гэтым Папа звяртаецца да Беларусі, каб кротасць яе народа, яго глыбокая сумленнасць і працавітасць, а таксама яе асаблівая роля моста паміж Усходам і Захадам натхнялі перш за ўсё на больш значныя высілкі ў кірунку змагання за мір на шляху дыялогу справядлівасці і прымірэння ўнутры краіны і ў адносінах з суседнімі народамі», — перадаў ён пасланне Яго Свяцейшаства.

«Акрамя гэтага, ён просіць міжнародную супольнасць быць уважлівым да асаблівасцяў гэтага гераічнага народа, які імкнецца да дабра і спакою», — дадаў Гуджэроці.

Нягледзячы на тое, што ў 2020 годзе Папа Францішак не адказаў на адкрыты ліст Святланы Ціханоўскай, сёння нацыянальная лідарка Беларусі пракаментавала сыход пантыфіка наступнымі словамі:

«Яго пантыфікат – прыклад сапраўднага служэння чалавеку: з клопатам пра людзей, з нястомнай барацьбой за годнасць, свабоду і справядлівасць. Ён заўсёды быў побач з тымі, каго зневажаюць і пераследуюць. Ягоны голас гучаў у абарону народаў, што патрапляюць пад прыгнёт альбо пакутуюць ад несправядлівасці.

Папа Францішак падзяляў каштоўнасці важныя для беларусаў – павагу да жыцця, свабоды і чалавечай годнасці. Ён выступаў супраць смяротнага пакарання, называў чалавечае жыццё найвышэйшай каштоўнасцю і святасцю. Ён не раз праяўляў салідарнасць з палітвязнямі і заклікаў да іх вызвалення, а таксама падтрымліваў імкненне да свабоднай Беларусі. Ён называў вайну трагедыяй, што прыносіць смерць і слёзы…».

Ва ўчорашняй прамове на Вялікдзень Яго Свяцейшаства заклікаў да вызвалення ваеннапалонных і палітвязняў.

«Няхай у гэты юбілейны год Вялікдзень стане спрыяльнай нагодай для вызвалення ваеннапалонных і палітычных зняволеных», зачытаў словы пантыфіка цырымоніймейстар арцыбіскуп Дыега Равэлі.

Папа Рымскі Францышак памёр сёння раніцай ва ўзросце 88 гадоў у сваёй рэзідэнцыі ў Ватыкане. Пантыфік, верны сваім прынцыпам, прасіў, каб яго пахавальны рытуал быў спрошчаным. Замест пахавання ў трайной труне ён пажадаў быць пахаваным у звычайнай драўлянай.

Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram

🔥 Поддержите Reform.news донатом!
REFORM.news (ранее REFORM.by)
Добавить комментарий

Внимание, премодерация. Если вы в Беларуси, не оставляйте комментарий без включенного VPN.

  1. Новы Папа

    Папуліст, невук і “голуб міра”, які не бараніў нават уласную паству ў 2020-2025 у Беларусі. Дасылаў нунцыя ў Мінск, пагадзіў змену біскупа на лаяльнага луке, нават не выказваўся пра зняволеных ксянзоў, не спрыяў вызваленню палітвязняў. Забараніў Бароку весці публічны блог пра палітыку. Сістэмна не называў расію агрэсарам. Чаму б пра гэта ўсё прама было не напісаць? 

    Ответить

Последние новости