«Конікі» маюць славу беларускага зімовага карнавалу, бо ў каляднай працэсіі на Шчодры вечар у Давыд-гарадку ходзяць традыцыйныя персанажы — Дзед, Баба, Мядзведзь, Воўк, Чорт, Смерць, Цыган на чале з ключавой фігурай — Конікам, так і савецкія, і сучасныя героі — Дзед Мароз, Чалавек-павук, ды іншыя — самыя разнастайныя «абліччы».
На сёлетнім свяце ў Давыд-гарадку на Палессі пабывала турыстка са стажам, заўзятарка беларускай культуры Алена Паўлоўская. Яна заспела далучыцца да двух гуртоў калядоўшчыкаў, а таксама наведала афіцыйнае свята, якое ладзілася на цэнтральнай плошчы места. Алена падзялілася з Reform.by сваім відэазапісам калядавання адной з працэсій.
Трохі з гісторыі абраду.
«Конікі» — унікальнае свята ў Давыд-Гарадку, якое ладзіцца ў ноч на Шчодры вечар — з 13 на 14 студзеня. У сваёй сутнасці яно абапіраецца на старадаўні абрад — традыцыю калядавання на чале з Конікам. Легенда сведчыць, што шмат гадоў таму заснавальнік Давыд-Гарадка заблукаў у тых мясцінах, і конь вывеў яго з багны ў тое месца, дзе была невялікая вёсачка, якая затым сталася Давыд-Гарадком. Таму конь, Вершнік на кані — гэта адметнасць абраду. Таксама ў працэсіі ўдзельнічаюць распаўсюджаныя персанажы: Дзед, Баба, Мядзведзь, Воўк, Чорт, Смерць, Цыган, Бусел і іншыя. Сярод адметнасцяў «Конікаў» таксама і песня, якую спяваюць калядоўшчыкі гаспадарам хат — звычайна яна была адна — «Сосна». («Там стаяла сосна тонка, высока. Шчодры вечар!»— яе словы можна будзе пачуць у відэа).
Дакладна вядома, што абраду больш за сто гадоў — нягледзячы на ўсе перыпетыі гісторыі, савецкія часы, ён дайшоў да нас у сваёй сутнаснай форме. Ды ўсё ж абрад увабраў у сябе і ўплывы іншых культур — сёння ў працэсіі могуць удзельнічаць самыя розныя персанажы. Людзі могуць апранаць, скажам, не толькі традыцыйныя беларускія маскі, а ўвасабляцца ў герояў фільмаў, савецкай і масавай культуры, ды ўвогуле могуць прыдумляць свае «змешаныя» «вобразы». Алена Паўлоўская, напрыклад, падчас святкавання далучылася да групы падлеткаў, што калядавалі — там былі свае абліччы. А потым турыстка стала часткай кампаніі ўжо больш дарослага калектыву, у якім былі: Ваенны на кані, Чорт-Кажан, Дзед Мароз, Снягурка, Смерць, Кат, Фельчар з доўгімі рудымі валасамі і іншыя каларытныя персанажы. «Конікі» для людзей становяцца таксама месцам гульні, карнавалу, што вельмі цікава, весела і надзвычайна. Ды самае важнае, што беларусы калядуюць ад усяго сэрца, з агеньчыкам!
Спадарыня Алена назвала сваіх дарослых спадарожнікаў больш брутальным калектывам, але адзначыла, што пашкадавала, што заспела толькі дзве працэсіі на свяце. «[Таму] калі вы хочаце паглядзець гэты абрад тут, трэба прыязджаць у гадзін пяць вечара, калі ўжо пачынаюць хадзіць і тады ёсць верагоднасць сустрэць больш гуртоў», — параіла яна будучым турыстам.
«На афіцыйнай праграме мае шанц пабыць, калі ўжо добра нахадзіўся, наглядзеўся «конікаў» на вуліцах, — дадала яна. — А мне на гэта не хапіла часу, бо позна прыехала, таму адчувала сябе расчараванай, драйву не хапіла. За гэтым жа і едзеш, за моцнай эмоцыяй».
Тым не менш Алене спадабаліся яе сустрэчы з «конікамі», ды і на афіцыйнай праграме, якая ладзілася ўвечары ў цэнтры горада, яна адзначыла адзін гурт жанчын з вёскі Лядзец Столінскага раёна.
«Вось з імі [гэтым гуртом], думаю, было б цікава пахадзіць пашчадраваць у іх родных вёсках. Я з імі размаўляла, то казалі, што перад тым, як сюды прыехаць, [яны] шчадравалі ў сваёй весцы, каб не патрэба сюды ехаць, то яшчэ б пахадзілі», — падзялілася збіральніца фальклору.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.by у Telegram
Сообщить об опечатке
Текст, который будет отправлен нашим редакторам: