«Праект «Год Чайкоўскага ў Вялікім тэатры Беларусі» запускаецца з нагоды 185-гадовага юбілею генія рускай музыкі Пятра Ільіча Чайкоўскага», — паведамляецца на сайце тэатра.
Праект стартаваў ужо сёння, 19 красавіка, першым спектаклем стаў паказ оперы «Іяланта». Пасля пакажуць «Лебядзінае возера», «Яўгенія Анегіна», «Спячую прыгажуню», «Ганну Карэніну», «Арлеанскую Дзеву».
Пётр Чайкоўскі, безумоўна, з‘яўляецца кампазітарам сусветнага значэння, вартым ушанавання. У рамках новай ініцыятывы тэатра плануюцца не толькі паказы опер і балетаў кампазітара, але і фотавыставы і іншыя тэматычныя мерапрыемствы. Аднак заканамерна ўзнікае пытанне: якія адносіны мае вялікі рускі кампазітар да Беларусі, каб прысвячаць яму значную частку рэпертуара цягам многіх месяцаў. У анатацыі праекта на гэта ёсць адказ. «На працягу больш за 90 гадоў існавання Вялікага тэатра Беларусі творы Пятра Чайкоўскага складаюць адну з асноў опернага і балетнага рэпертуару».
Нагадаем, што ў Вялікім тэатры оперы і балета ў рэпертуары пастаўлены толькі два нацыянальныя спектаклі з больш чым трыццаці (калі не лічыць «Патэтычнага дзённіка памяці», пастаўленага на аснове твораў беларускіх кампазітараў). Нездарма генеральны дырэктар Кацярына Дулава ў 2024 годзе была ўзнагароджана медалём Пушкіна за вялікі ўклад у збліжэнне і ўзаемаўзбагачэнне культур народаў Расіі і Беларусі. На працягу апошніх гадоў тэатр праводзіць абменныя гастролі з расійскімі творчымі калектывамі, актыўна ўдзельнічае ў фестывалях і прымае расійскіх калег на сваёй сцэне. Дулава працуе на сваёй пасадзе са студзеня 2022 года і вядомая сваёй прыхільнасьцю да расійскай культуры.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram